Няхай гучыць благавест над Палессем

редичерово

Агульныя сходы на Лунінеччыне праводзяцца рэгулярна. Яны дапамагаюць уладам быць у курсе таго, чым жыве кожная асобна ўзятая вёска, а жыхарам — аператыўна вырашаць набалелыя проблемы.

«Дзень адкрытага пісьма» адрозніваўся ад вышэй узгаданых мерапрыемстваў тым, што свае пытанні людзі маглі задаць загадзя, скарыстаўшыся прадбачліва размешчанымі ў найбольш наведваемых месцах скрынкамі. А пытанняў такіх у Рэдзігерава, дзе ў мінулую пятніцу адбылася сустрэча кіраўнікоў раёна і прадстаўнікоў вядучых службаў з жыхарамі, было нямала.

Тон мерапрыемству адразу задаў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, які запатрабаваў ад прысутных пазбавіцца ад утрыманскіх падыходаў і настроіцца на дзелавую размову. Распачаў яе старшыня сельвыканкама Валерый Лусевіч, які расказаў, што Рэдзігераўскі — самы маланаселены сельсавет у раёне. У чатырох вёсках — Рэдзігерава, Манасеева, Чэрабасава і Флярова — пражываюць 1200 чалавек, з якіх 302 — пенсіянеры.

Аднак неперспектыўнымі населеныя пункты не назавеш — тут нямала моладзі, якой работу дае ПСУП “Рэдзігерава-Агра”, а таксама ўстановы сацыяльнай інфраструктуры. У аднайменным аграгарадку ёсць дзіцячы сад, сярэдняя школа, аддзяленні ААТ “АСБ “Беларусбанк” і паштовай сувязі, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, Дом культуры, комплексны прыёмны пункт, магазін, участкі кацельнай гаспадаркі, “Водаканала” і прадпрыемства меліярацыйных сістэм… Не абдзелены аб’ектамі сацкультбыту вёскі сельсавета.

У тым, што іх жыхары клапоцяцца не толькі пра ўласны дабрабыт, але і выгляд сядзіб, а значыць — пра прыгажосць малой радзімы, пераканаў расказ кіраўніка мясцовай “вертыкалі”. Гаварыў ён аб зносе старых і непрывабных будынін, планамерным аздабленні вуліц і пляцовак каля ўстаноў кветнікамі і клумбамі, а галоўнае — пра ўважлівае стаўленне да праблем мясцовага люду, вырашаюцца якія ў тым ліку і з дапамогай стараст.

Выступленне старшыні ПСУП “Рэдзігерава-Агра” Аляксандра Скібы пазітыву ўтрымлівала прыкметна менш. Яно і зразумела. Час, калі мясцовая гаспадарка мела вядомасць эканамічна моцнай, а яе работнікі маглі пахваліцца зайздроснай сацыяльнай абароненасцю і высокай зарплатай, застаўся ў мінулым. Цяпер тут мільярдныя даўгі. Праўда, рукі ў калектыве з 163 чалавек не апускаюць. Зрабіўшы стаўку на малочную жывёлагадоўлю, працуюць над павышэннем надояў і прываг. Цяпер тут ад кожнай з 823-ох кароў атрымліваюць у сярэднім у год па 3675 кілаграмаў малака. Добрай падмогай стала новая МТФ, дзе вытворчасць малака пастаўлена на сучасныя тэхналагічныя рэйкі.

Пэўную надзею дае і той факт, што якія б фінансавыя складанасці кайданамі не цягнулі гаспадарку ўніз, тут умудраюцца абнаўляць машыннатрактарны парк. Без яго нельга дбаць пра ўраджайнасць ніў і надзейную кармавую базу для грамадскага статка. З найбольш прыкметных набыткаў мінулага года можна адзначыць два новыя трактары МТЗ.

У тым, што яны не застануцца без клапатлівых рабочых рук, пераканала выступленне дырэктара мясцовай СШ Іны Рахацэвіч. У школе сёння 164 вучні. Больш як палова з іх школьнымі аўтобусамі дабіраюцца ў Рэдзігерава з іншых вёсак. З сямі выпускнікоў летась толькі 1 паступіў у ВНУ. Яшчэ адзін стаў студэнтам сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы. Астатнія выбралі рабочыя спецыяльнасці, накіраваўшыся ва ўстановы прафтэхнавучання. Прыкладу старэйшых сяброў паследавалі і 11 дзевяцікласнікаў, якія таксама развіталіся са школай, аддаўшы перавагу набыццю запатрабаваных прафесій у ПТВ.

Пра тое, што школа ў перспектыве пуставаць не будзе, сведчыць колькасць першакласнікаў. Сёлета іх 14, і сітуацыя на бліжэйшыя гады абнадзейваючая. Меркаваць пра гэта можна было і па тым, што ў зале мясцовага Дома культуры было нямала маладых людзей. Яны і сталі найбольш актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу. Але спачатку прагучалі адказы на пытанні, якія былі зададзены загадзя. Што ж цікавіла вяскоўцаў?

Зразумела, перш-наперш, выгоды цывілізацыі, якія нясе з сабою прыродны газ. Як высветлілася, газіфікацыя аграгарадка Рэдзігерава запланавана на 2018 год, астатніх вёсак – на больш аддаленую перспектыву. Такі падыход старшыня райвыканкама А.М. Пачко растлумачыў звычайнай эканамічнай мэтазгоднасцю. Пракладка газаправода – справа нятанная, таму дзяржава, з падтрымкай якой выконваюцца гэтыя работы, управе разлічваць на як мага больш хуткую яго акупнасць. У гэтым сэнсе Рэдзігерава, дзе колькасць падворкаў перабольшвае дзве сотні, карыстаецца пэўнай перавагай. Зрэшты, усё залежыць ад таго, наколькі багатай будзе наша краіна, а ў  канчатковым выніку – ад таго, наколькі старанна і плённа мы будзем працаваць.

Гэтая акалічнасць вызначае і перспектыву вырашэння наступнага блоку пытанняў, якія датычылі дарожнага будаўніцтва. Многія вуліцы і дарогі Рэдзігераўскага сельсавета маюць асфальтавае пакрыццё, зробленае шмат год таму за кошт мясцовай гаспадаркі. Сёння яно прыйшло ў непрыдатнасць. Пакласці новае – справа вельмі дорагакаштуючая, а вось зрабіць ямкавы рамонт з наступленнем больш спрыяльных умоў надвор’я плануецца. Як, дарэчы, і абсталяваць прыпыначны пункт на ўездзе ў аграгарадок па вуліцы Цэнтральная з боку аўтатрасы М-10. Так ці інакш, па запэўніванню начальніка ДРБУ-101 Аляксандра Трухнова, патрэбнае збудаванне паявіцца ў 3-ім квартале 2016 года. Узнімалі жыхары і праблему рамонту поручняў маста праз Чэрабасаўскі канал. Гэтая работа ўжо выканана.

Своечасова адрэагавалі работнікі лясгаса на скаргу, што дрэвы і хмызнякі перашкаджаюць заўважаць сустрэчныя машыны на дарозе Рэдзігерава-Манасеева. Расліннасць, якая стварае небяспеку дарожнаму руху, аператыўна высеклі.

Справаздачу перад жыхарамі Рэдзігераўскага сельсавета трымаў і дырэктар аўтапарка №10 Сяргей Кіндрук, якому давялося тлумачыць, чаму аўтобус Лунінец-Барсукова ходзіць не кожны, а строга па вызначаных днях. Як можна было здагадацца, грунтуецца ўсё на той жа эканамічнай мэтазгоднасці. Як высветлілася, многія з жыхароў выкарыстоўваюць пазначаны маршрут, каб дабрацца да Любані і перасесці на дызель. У выніку акупнасць маршрута – толькі 31,2 працэнта. Дык ці ёсць сэнс пускаць аўтобус штодня? А вось магчымыя змяненні ў раскладзе руху 16-ці рэйсаў у нядзелю ў аўтапарку паабяцалі вывучыць.

Ёсць у жыхароў сельсавета і прэтэнзіі да гандляроў, у прыватнасці, магазіна №82 райспажыўтаварыства. Вяскоўцаў, як высветлілася, не задавольвае асартымент тавараў прамысловай групы. Але, як запэўніла дырэктар аптова-рознічнага аб’яднання Ніна Віцэнка, у магазіне ёсць журнал папярэдніх заявак. Усе запыты насельніцтва гандаль выконвае своечасова. Разам з тым, кіраўнік падраздзялення паабяцала разгледзець пытанне пашырэння асартыменту тавараў, прадстаўленых у гандлёвых кропках сельсавета.

Заклапочаны жыхары адсутнасцю асвятлення на вуліцы паблізу дзіцячага сада. Дырэктар раёна электрасетак Леанід Алешка запэўніў, што дадатковая апора будзе ўстаноўлена ў 2-ім квартале 2016 года.

Станоўча вырашана і просьба вяскоўцаў наконт арганізацыі збору смецця не 1 раз у 2 тыдні, а штотыднёва.

Абнадзейваючая вестка напаткала прыхільнікаў высокахуткаснага інтэрнэта byfly і інтэрактыўнага тэлебачання ZALA.  Гэтая выгода паявіцца ў вёсках сельсавета на працягу бліжэйшых двух год.

Пасля таго, як пералік “пытанняў са скрынак” закончыўся, бакі распачалі непасрэдны дыялог. Вёску, як і горад, хвалявалі наступствы Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  №222 “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі”. У чарговы раз давялося тлумачыць, што гандляваць прадпрымальнікам ніхто не забараняе. Патрабаванне адно – рабіць гэта па правілах і сертыфікаванымі таварамі, не падсоўваючы пакупнікам танныя і няякасныя рэчы. Асабліва, калі гаворка ідзе аб прадуктах харчавання, дзе немагчыма высветліць ні дату вырабу, ні тэрмін прыдатнайнасці.

Дадатковага вывучэння патрабуюць скаргі аднаго з вяскоўцаў на немагчымасць атрымаць у карыстанне надзел зямлі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і другога – аб праблемах з уладкаваннем на працу. Да вызначэння ўсіх абставін падключаны спецыялісты землеўпарадкавальнай службы і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі. А работнікі раёна электрасетак павінны будуць паставіць канчатковую кропку ў зацягнуўшайся эпапеі мнагадзетнай сям’і, якая запазычыла дзяржаве за электрычнасць. Плаціць усё роўна давядзецца. Хіба што энергазабяспечваючая арганізацыя пойдзе насустрач і прадаставіць магчымасць пагасіць запазыку ў растэрміноўку.

Зразумелай была крыўда адной з пенсіянерак. Яе муж 27 год адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы, а на пенсію выйшаў з іншай арганізацыі. Цяпер ён страціў права на некаторыя льготы, у тым ліку – на мінімальную плату за соткі. Аднак вырашыць гэтае пытанне можа толькі агульны сход членаў сельскагаспадарчага прадпрыемства. Днямі такі павінен адбыцца ў “Рэдзігерава-Агра”. З прапановай да яго ўдзельнікаў унесці змяненні ў Калектыўны дагавор і параілі звярнуцца жанчыне.

Акрамя ўсяго іншага, турбавала вясковых гаспадароў  адсутнасць ветэрынарнага ўрача, які мог бы без прамаруджвання аказваць першую дапамогу хворай жывёле на прыватных падворках. Як растлумачыла галоўны ветурач Кацярына Максімовіч, на дапамогу ў такіх выпадках прыходзіць адпаведны спецыяліст гаспадаркі, а вось далейшае лячэнне назначаюць работнікі Мікашэвіцкай участковай ветлячэбніцы. Выклікаць ветэрынара можна па тэлефоне 29-365.

Размова доўжылася больш як дзве гадзіны, як раптам слова ўзяла пажылая інтэлігентная жанчына, якая распавяла пра духоўнае адраджэнне ўсіх пакаленняў жыхароў сельсавета. І важкім крокам на гэтым няпростым шляху стала ўзвядзенне храма ў гонар іконы Божай Маці Казанская – першага за ўсю стогадовую гісторыю Рэдзігерава. Будуюць яго ўсім светам. Узведзеныя гмахі ўжо ўсяляюць надзею на хуткае адкрыццё царквы, але грошай катастрафічна не хапае. Жанчына папрасіла праз газету звярнуцца да ўсіх праваслаўных вернікаў з просьбай матэрыяльна падтрымаць распачатую высакародную справу, што мы і робім, заклікаючы адгукнуцца ўсіх неабыякавых жыхароў раёна. Веру, што такія абавязкова знойдуцца. Праўда, грошы яны самі ў Рэдзігерава не павязуць, таму рупліўцам узвядзення царквы абавязкова трэба паклапаціцца пра тое, каб усталяваць у людных месцах райцэнтра і Мікашэвіч – магазінах, аптэках, па-ліклініках – спецыяльныя скрынкі для ахвяраванняў. І тады мы разам зможам парадавацца  благавесту над маладой і прыгожай вёскай Рэдзігерава.

Add Comment

Войти с помощью: