Ад матэрыяльнага — да духоўнага

цуприк

У Лунінец намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык прыязджае не ўпершыню. Жадаючых расказаць яму пра беды і праблемы заўсёды нямала. Не стаў выключэннем і прыём, які прайшоў напрыканцы мінулага тыдня.

Намеснік старшыні савета Лунінецкага раённага грамадскага аб’яднання “Футбольны клуб “Граніт” Андрэй Бахно завітаў, каб знайсці падтрымку ў вырашэнні праблем з фінансаваннем аднайменнай каманды, якая гуляе ў вышэйшай лізе. Леанід Аляксандравіч запэўніў, што спонсары каманды і бюджэт разлічацца з футбалістамі спаўна. Што да прапановы пакідаць у распараджэнні клуба выручку ад продажу білетаў на гульні, а яшчэ – дазволіць дублёрам і дзіцячым камандам пад эгідай “Граніта” бясплатна трэніравацца на стадыёнах “Палессе” і Мікашэвіцкім, які не так даўно перададзены ў распараджэнне РФСК “Здароўе”, то магчымасць прыняцця такога рашэння трэба дакладна ўзважыць. Пра канчатковы вердыкт кіраўніцтву грамадскага аб’яднання будзе паведамлена дадаткова.

Уважліва выслухаў намеснік старшыні аблвыканкама наступнага наведвальніка – маладога інваліда-калясачніка, які, маючы дыплом правазнаўцы, не можа ўладкавацца на работу. Дапамогі дзяржавы не хапае на ўсе надзённыя патрэбы. Ідэальным вырашэннем праблемы была б магчымасць аказваць юрыдычныя паслугі, не выходзячы з дому. Пасадзейнічаць у пошуку арганізацыі, якая мае ў гэтым патрэбу, даручана ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.

У пэўным сэнсе зразумелай была прычына візіту да Леаніда Цупрыка траіх лунінчан. Маладыя таты звярнуліся з просьбай адкрыць на базе адной з гарадскіх школ прававы клас. Ідэя гэтая нарадзілася даўно, была агучана на адной з сесій раённага Савета дэпутатаў. Да таго ж, на Лунінеччыне ёсць добры прыклад Мікашэвіцкай СШ№2, дзе ў прававых класах сёння навучаецца больш як 130 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сяброўства з законам самым станоўчым чынам паўплывала на ўзровень падлеткавай злачыннасці, які ў названай школе зве-дзены практычна да нуля. Дык чаму не пайсці па гэтаму шляху ў Лунінцы? Як высветлілася, асаблівых перашкод няма. Па меркаванню Леаніда Аляксандравіча, класы такія адкрыць можна за кошт школьнага кампанента. Патрэбны група педагогаў-энтузіястаў і жаданне дырэктара. Вядома, не абыдзецца без падтрымкі бацькоў, якой наведвальнікам было прапанавана заручыцца загадзя, бо падрыхтоўчую работу трэба пачынаць ужо зараз. Адпаведныя рэкамендацыі будуць накіраваны раённаму аддзелу адукацыі.

Упаўне прадказальным можна назваць і зварот адной з маладых лунінчанак, якая паскардзілася на адсутнасць у райцэнтры парку адпачынку. Пытанне неаднаразова ўзнімалася на самых розных узроўнях, і падступаліся да яго вырашэння неаднойчы. Аднак карэктывы ўносіла жыццё. У чарговы раз запланавалі разгледзець некалькі найбольш бюджэтных варыянтаў абсталявання зоны адпачынку ў месцы, якое б магло адпавядаць усім патрабаванням. І, перш за ўсё, быць даступным для гараджан самых розных узростаў – ад матуль з немаўлятамі да пажылых людзей.

Хлеб не бывае нясмачным. З гэтым выказваннем згодны, здаецца, усе. Аднак сучасная разнастайнасць яго гатункаў, зразумела, дае права выбару, а кожны – мае сваіх прыхільнікаў. У прыватнасці, многім падабаецца прадукцыя хлебазавода. Але калі ў райцэнтры яе без праблем можна набыць у фірменных магазінах, то ў вёсках спадзяванні на гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства спраўджваюцца не заўсёды. У іх кааператары стараюцца прадаць, перш за ўсё, прадукцыю ўласнага цэха хлебапячэння. Хлебазаводскую заказваюць мала,  а таму разыходзіцца яна дастаткова хутка. Менавіта пра гэта расказвала адна з жанчын. У Сінкевічах жывуць яе мама і бабуля, якія любяць звычны хлеб-“кірпічык”. Просьбы да прадаўцоў улічыць густы вяскоўцаў выніку не даюць, вось і вымушаны звяртацца да абласнога начальства.

Леанід Аляксандравіч з разуменнем паставіўся да скаргаў жанчыны і паабяцаў, што сітуацыю з прысутнасцю на прылаўках шырокага асартыменту прадукцыі розных вытворцаў  вывучаць. Пры неабходнасці райспажыўтаварыству будуць адрасаваны рэкамендацыі павялічыць заказ  на хлебабулачныя вырабы мясцовага філіяла ААТ “Берасцейскі пекар”.

Яшчэ адна з маладых наведвальніц выказала занепакоенасць лёсам сына-дзевяцікласніка, дакладней сказаць, тым, што яго па прычыне не заўсёды добрай паспяховасці па асобных прадметах могуць “не ўзяць” у 10 клас.  Ёй растлумачылі, што турбуецца яна дарэмна. Аддаць перавагу прафтэхнавучанню ці застацца ў школе – вырашаць сям’і хлопца і яму самому. Адзінае, дзе ёсць пэўнае абмежаванне, – набор у профільныя класы: тут па вядучых прадметах адзнакі павінны быць не менш як 6 балаў.

Не здолеў на месцы разабрацца з пытаннямі да кіраўніцтва гаражнага кааператыва “Вялікі” пажылы гараджанін. Ён ніяк не мог даўмецца, хто даў права ў яго гаражы абрэзаць электрычнасць, на якія патрэбы ідуць членскія ўзносы і чаму дагавор, падпісаны папярэднім старшынёй кааператыва, згубіў сваю юрыдычную сілу? Абурэнне выклікалі і многія іншыя, на думку скаржніка, неправамоцныя дзеянні новага старшыні. Усе прэтэнзіі будуць вывучаны, пасля чаго заяўляльнік атрымае адказ.

І нарэшце – пра духоўнае. Лёс Кажан-Гарадоцкай Свята-Мікалаеўскай царквы па-ранейшаму непакоіць не толькі прыхаджан, але і ўсіх выхадцаў старажытнага мястэчка. Унікальны храм – адметнасць сучаснага аграгарадка і Лунінеччыны ў цэлым. Праз два гады пабудаваны без адзінага цвіка помнік драўлянага дойлідства адзначыць 200-годдзе. Час не абмінуў святыню: сёння адзін з пяці купалоў прыкметна нахіліўся да цэнтра будынка, пагражаючы парушыць агульны строй ці горш таго – абрынуцца. Дэлегацыі жыхароў неаднойчы звярталіся да чыноўнікаў самага рознага рангу з просьбай дапамагчы спыніць разбурэнне, аднак кардынальнага рашэння, як выратаваць храм, пакуль няма.

У чарговы раз выкарыстала нагоду звярнуць увагу на гістарычную і архітэктурную каштоўнасць дырэктар Кажан-Гарадоцкай школы мастацтваў Жанна Дземідовіч, якая прыйшла на прыём да намесніка старшыні аблвыканкама. У размове Л.А. Цупрык заўважыў, што нешта падобнае на Брэстчыне ўжо было, і тады агульнымі намаганнямі святыню ўдалося ўратаваць. Няварта бяз-дзейнічаць і зараз. Перш-наперш, вырашана даручыць упраўленню капітальнага будаўніцтва зрабіць першаснае аб-следаванне і скласці дэфектную ведамасць. Пасля гэтага адпаведныя  звароты будуць накіраваны ў аблвыканкам і Пінскую епархію, у чыёй уласнасці знаходзіцца царква.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.