Каб радзіла поле і квітнелі сады

госконтроль

Летась спецыялістамі КДК вобласці праведзены шэраг кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў па пытаннях выканання Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця бульбаводства, агароднінаводства і пладаводства. У ходзе праверак было ўстаноўлена, што некаторымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, сельгасарганізацыямі не наладжаны належны кантроль за ходам яе выканання, не вызначана дакладная стратэгія рэалізацыі. У выніку суб’ектамі гаспадарання не забяспечана эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў, накіраваных на вытворчасць, захоўванне, павышэнне якасці і павелічэнне аб’ёмаў перапрацоўкі бульбы, агародніны і пладова-ягаднай прадукцыі.

Летась бульба, уключаючы фермерскія гаспадаркі, вырошчвалася на плошчы ў 12,8 тысячы гектараў ці 116 працэнтаў ад задання. Разам з тым, аб’ём вытворчасці склаў усяго 207,8 тысячы тон – 63 працэнты ад запланаванага. Нізкай была ўраджайнасць – 174 цэнтнеры пры заданні – 300 цэнтнераў з гектара. Прычым ніжэйшая за прадугледжаную яна ва ўсіх 16 раёнах вобласці. Засталося нявыкананым у вобласці і заданне па рэалізацыі элітнага насення бульбы: рэалізавана яго толькі 44 працэнты ад запланаванага.

Валавы збор агародніны з адкрытага грунту летась склаў 158,2 тысячы тон, што вышэй даведзенага задання. Аднак належнае захоўванне вырашчанага забяспечыць не здолелі. У выніку ў шэрагу гаспадарак агародніна скормліваецца жывёле, а значыць, жаданы эканамічны эфект ад яе вытворчасці не дасягнуты.

У ходзе кантрольных мерапрыемстваў вялікая ўвага надавалася аналізу ходу будаўніцтва і рэканструкцыі бульбасховішчаў. Праграмай прадугледжана ўзвесці на Брэстчыне бульбасховішчы на больш як 100 тысяч тон клубняў, а таксама плада- і агароднінасховішчы, агульнай ёмістасцю больш як 22 тысячы тон. Усяго ў вобласці ёсць 97 сховішчаў умяшчальнасцю 173,2 тысячы тон, у якіх летась захоўвалася каля 80 тысяч тон бульбы.  Як бачна, загружаны збудаванні практычна напалову. Пры гэтым у буртах знаходзілася больш як 4 тысячы тон бульбы. Так, на часовых пляцоўках захоўвалі клубні на Палескай станцыі, у СВК “Азярніца” і “Гарадоцкі” Лунінецкага раёна. Пры гэтым загружанасць бульбасховішчаў склала адпаведна 25, 21 і 40 працэнтаў. Акрамя гэтага, у ходзе праверак было выяўлена, што некаторымі гаспадаркамі не выкарыстоўваецца закупленае для бульбасховішчаў абсталяванне, не выконваюцца тэхналагічныя рэгламенты пры захоўванні вырашчанага ўраджаю. Такія парушэнні зафіксаваны ў Пружанскім, Жа-бінкаўскім, Ганцавіцкім і Камянецкім раёнах.

Давялося правяраючым упэў-ніцца і ў тым, што сёння ў вобласці не забяспечана эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва і рэканструкцыю бульбасховішчаў. Належная аддача ад укладзеных грошай так і не атрымана. Давядзенне аб’ёмаў вытворчасці бульбы з боку выканаўчай улады да сельгасарганізацый без удакладнення рынкаў збыту абумовіла атрыманне страт і, у выніку – штогадовае скарачэнне плошчаў пасадкі.

Варта адзначыць, што застаўся нявыкананым п.2 Пратакола даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.10.2010 №28, які прадпісваў Мінсельгасхарчу разам з аблвыканкамамі пры распрацоўцы Праграмы развіцця бульбаводства на 2011-2015 гады прадугледзець павелічэнне экспарту высокатаварнай бульбы. У 2014 годзе вобласцю экспартавана 19,9 тысячы тон бульбы (55 працэнтаў да ўзроўню 2013 года) на суму 4,7 мільёна долараў ЗША.

Як паказалі праверачныя мерапрыемствы, не дасягнуты асноўныя задачы Дзяржпраграмы і ў галіне пладаводства. Закупленая за кошт валютных і льготных крэдытных рэсурсаў тэхніка па догляду за садамі не дае належнага эфекту.

Зразумела, што ў бліжэйшы час будуць прыняты дадатковыя меры па завяршэнню аб’ёмаў работ на прадугледжаных Праграмай аб’ектах, забяспечыўшы адначасова эфектыўнае выкарыстанне набытай з дзяржпадтрымкай тэхнікі і абсталявання.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: