Карупцыю, як і хваробу, лепш папярэдзіць

На сакавіцкім пасяджэнні райвыканкама, якое правёў яго старшыня Аляксандр Пачко, былі прааналізаваны меры, якія прымаюцца на Лунінеччыне ў мэтах рэалізацыі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”.

Даклад пракурора Аляксандра Карлюка сведчыў, што летась у раёне ўдвая павялічылася колькасць карупцыйных злачынстваў. Трывогу выклікае і той факт, што за два месяцы сёлета ўжо ўзбуджаны 5 крымінальных спраў такога кшталту. Тым самым мінулагодні паказчык можа быць перакрыты. Хто і на якіх пасадах рызыкнуў уступіць у канфлікт з законам?

У 2015 годзе прыкметны грамадскі рэзананс мела крымінальная справа, узбуджаная ў адносінах да галоўнага бухгалтара раённага аддзела адукацыі. Надзеленая паўнамоцтвамі і ўладай асоба падазравалася ва ўзяцці хабару і незаконным атрыманні грошай ад падначаленых, якім налічваліся прэміяльныя выплаты. Неўзабаве павінна адбыцца судовае разбіральніцтва.

Аляксандр Карлюк падкрэсліў, што многія крымінальныя справы з’яўляюцца вынікам сумеснай работы ўсіх аператыўных падраздзяленняў і кантралюючых органаў, паміж якімі наладжаны своечасовы абмен інфармацыяй аб дзейнасці карумпіраваных асоб на пасадах. Пацвярджае гэта крымінальная справа, узбуджаная супраць галоўнага бухгалтара політэхнічнага каледжа, якая шляхам незаконнага налічэння заработнай платы прычыніла ўстанове ўрон у памеры больш як 60 мільёнаў рублёў.

Ужо сёлета пракуратурай раёна пры падтрымцы Камітэта дзяржаўнай бяспекі, аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі праведзена праверка на ААТ “Палессеэлектрамаш”. Выяўлены злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі з боку намесніка дырэктара па вытворчасці, па ўказанню якога афармляліся заведама падманныя беставарныя накладныя аб прыёмцы да ўліку прадукцыі, якая фактычна не выраблялася. Незаконныя выплаты заробкаў і прэмій склалі больш як 130 мільёнаў рублёў. Выяўлены і іншыя парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства і ў сферы закупак тавараў і паслуг. У назіральны савет ААТ “Палессеэлектрамаш” вынесена адпаведнае прадстаўленне. Праверка працягваецца. Згодна з патрабаваннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, дзейнасці вінаватых будзе дадзена прынцыповая ацэнка.

Расказаў Аляксандр Карлюк і пра плённае супрацоўніцтва, наладжанае паміж пракуратурай раёна, Пінскім міжраённым камітэтам КДК і міжраённым аддзелам Упраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў. Факты невяртання замежнай валюты, а таксама выкраданне шляхам пералічэння на рахункі ўласнай фірмы грошай, якія належаць прадпрыемству, выяўлены ў УБП “ПМК-7” ААТ “Пінсксаўгасбуд”. У злачынствах падазраецца дырэктар яго філіяла, размешчанага на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Узбуджана крымінальная справа.

“Аднак сёння адной з галоўных задач, – падкрэсліў пракурор, – з’яўляецца не імкненне пасадзіць чалавека за краты, а любой цаной папярэдзіць факты карупцыі”. Менавіта таму значная ўвага надаецца прафілактычнай рабоце. З гэтай мэтай летась было праведзена 8 праверак, вынесена 33 акты пракурорскага рэагавання, па выніках якіх 54 асобы на пасадзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 5 – да адміністрацыйнай. Па патрабаванню пракурора 20 кіраўнікоў пакараны матэрыяльна: ім давялося вярнуць урон, прычынены ў выніку парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства. Акрамя ўзбуджаных чатырох крымінальных спраў, стала вядома пра 39 фактаў, якія садзейнічалі стварэнню ўмоў для карупцыі.

Як высветлілася, многія ўпушчэнні ў антыкарупцыйнай дзейнасці маюць універсальны характар. Кіраўнікі правяраемых арганізацый не валодаюць патрэбнай інфармацыяй. У пераважнай большасці выпадкаў не наладжаны як след ведамасны кантроль. Парушэнні правілаў правя-дзення дзяржаўных закупак выяўлены на ААТ “Палессеэлектрамаш”, “Лунінецкі райаграсервіс”, СВК “Дварэцкі”, КУП “Міжлескае”  і некаторых іншых прадпрыемствах і арганізацыях. Ухілены яны былі толькі пасля прадпісання пракуратуры.

Не паклапаціліся пра тое, каб своечасова размясціць у сетцы Інтэрнэт інфармацыю аб дзяржаўных закупках,  многія фермерскія гаспадаркі, якім былі выдзелены дзяржаўныя сродкі для набыцця мінеральных угнаенняў. Гэта стала падставай для вынясення прадпісанняў аб тэрміновым ухіленні парушэнняў закона. У дачыненні да 5 фермераў узбуджана адміністрацыйная вытворчасць, 12-ці – аб’яўлены афіцыйныя папярэджанні.

У абмеркаванні пытання браў удзел намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў, генерал-маёр Ігар Маршалаў.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.