Кубак горада

волейбол кубок города 2016

Першы адкрыты Кубак Лунінца па валейболе падарыў аматарам спорту сапраўднае свята.

У спаборніцтвах бралі ўдзел чатыры каманды – “Феміда”, “Дарожнік” (абедзве – г. Лунінец), “КПД” (г. Ганцавічы) і “Рэдзігерава” (Лунінецкі раён). На спартыўнай пляцоўцы СДЮШАР разгортваліся цікавыя падзеі. Трэба адзначыць, што ўсе каманды ўзмацніліся “легіянерамі” з Мінска, Пінска, Салігорска, Брэста і іншых гарадоў. Яны дэманстравалі “вышэйшы пілатаж”, які прыводзіў у захапленне ўсіх, хто назіраў за ходам барацьбы. У паядынку за трэцяе месца каманда “КПД” узяла верх над “Рэдзігерава”. У матчы за галоўны трафей у складанай барацьбе “Феміда” перамагла “Дарожнік”.

У цырымоніі закрыцця спаборніцтваў браў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч, які ўручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам і прызёрам, а таксама лепшым ігракам турніру. Імі сталі – Андрэй Мітрафанаў (звязуючы), Дзяніс Нікалаевіч (даігроўшчык), Глеб Місуна (дыяганальны), Ілья Бураў (цэнтральны блакіруючы), Алег Кісляк (абаронца), Вадзім Гузарэвіч (прыз сімпатый гледачоў). Лепшым жа сярод лепшых прызнаны Аляксандр Данілевіч.

Алег Кісляк (“Дарожнік”):

– Выдатны турнір. Жыву і працую ў Жабінцы. Вельмі рады, што запрасілі да ўдзелу. Дзякуй арганізатарам і ўсім балельшчыкам за цудоўнае свята.

Як адзначыў ідэйны натхняльнік  “Феміды” Андрэй Лукашэвіч, ён задаволены не толькі тым, як выступіла каманда, але і арганізацыяй спаборніцтваў: “Трэба спадзявацца, што турнір на Кубак Лунінца па валейболе стане традыцыйным, набудзе новых сяброў і паспрыяе папулярызацыі гэтага віду спорту ў нашым рэгіёне”.

Add Comment

Войти с помощью: