На кожнае пытанне — аўтарытэтны адказ

рафик

У рамках праекта “100 пытанняў даросламу” да старшакласнікаў СШ №2 г. Лунінца завітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч.

Шматлікія пытанні, якія задавалі госцю, сведчаць, што падлеткам сапраўды неабыякавы падзеі, якія адбываюцца ў краіне і не толькі.

– Як лічыце, якія прафесіі будуць прэстыжнымі праз 5-6 гадоў?

– Не сакрэт, што ніколі не губляюць сваёй значнасці рабочыя спецыяльнасці, тыя ж электрыкі, токары і г.д. У сувязі з будаўніцтвам АЭС вельмі запатрабаванымі стануць атамшчыкі. Адчуваецца недахоп кваліфікаваных спецыялістаў у сельскай гаспадарцы. Цудоўна, што ў навучальных установах, дзе іх рыхтуюць, павялічылася колькасць бюджэтных месцаў.

– Ці будзе ў Лунінцы “Еўраопт”?

– У нашых магазінах шырокі асартымент тавараў. А з паяўленнем супермаркета райспажыўтаварыства апынецца ў складанай сітуацыі. Між тым, раёну патрэбна структура, якая заўсёды забяспечыць прадуктамі харчавання не толькі гараджан, але і жыхароў самых аддаленых вёсак. Вядома, нізкія цэны на некаторыя тавары ў магазінах буйных гандлёвых сетак устанаўліваюцца з-за тэрміну рэалізацыі, які блізіцца да заканчэння. У перспектыве ў нас адкрыецца гандлёвая кропка “Санта”. Пляцоўка пад яе будаўніцтва ўжо вызначана.

– Як ставіцеся да папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры?

– Прыемна, што вас хвалюе гэтае пытанне. Наша мова – у ліку самых мілагучных і прыгожых. Яе трэба берагчы і шанаваць. Шкада, што сёння не так многа людзей размаўляюць на ёй.

– Ці плануецца ў горадзе стварэнне парку адпачынку?

– Ёсць праект прывядзення ў належны выгляд зялёнай зоны каля гімназіі. Акрамя таго, мяркуем  добраўпарадкаваць тэрыторыю паміж Лядовай арэнай і РМЗ. Пабудуем тут некалькі спартыўных пляцовак, зробім гэтае месца лю-бімым для бацькоў з дзецьмі. Справа пакуль за фінансаваннем – грошай на гэтыя мэты не хапае.

– Раскажыце пра свае школьныя гады?

– Вырас у сям’і настаўнікаў, а вучыўся ў той жа школе, дзе дырэктарам быў бацька. Аб усіх свавольствах яму адразу станавілася вядома. Я не быў сціплым хлапчуком, але і не ішоў на экстрэмальныя учынкі, якія маглі б мець сумныя наступствы.

– Як адносіцеся да смяротнага пакарання?

– Пытанне аб дазволе падобнага прыгавору выносілася на ўсенародны рэферэндум. Тады рашэнне поўнасцю залежала ад людзей, і яны выказаліся за захаванне такой меры пакарання. Таму калі надыдзе час, адмяніць яе мае права таксама толькі грамадства.

– Раскажыце пра ваша стаўленне да наркотыкаў?

– Вельмі адмоўнае. Жудасна ад усведамлення, што да смерці можа прывесці ўсяго адна спроба ўжыць той жа спайс.

– Ці лічыце правільным, каб у школьнай праграме пачалі вывучаць творы Святланы Алексіевіч? Яны не ўплываюць на палітычныя погляды ў краіне?

– Яна – выдатная беларуская пісьменніца, журналіст, сцэнарыст дакументальных фільмаў, лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Прэстыжнай узнагароды ўдастоены творы, напісаныя ў час існавання СССР. А тады яе погляды нічым не адрозніваліся ад іншых савецкіх людзей. Сённяшняму пакаленню абавязкова трэба быць знаёмым з яе творчасцю.

– Якая літаратура найбольш падабаецца?

– Мне блізкая класіка. Першай прачытанай дарослай кнігай быў раман Аляксандра Дзюма “Граф Монтэ-Крыста”. Люблю чытаць творы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

– Ваша стаўленне да аднаполых шлюбаў?

– Негатыўнае. Нашай краіне легалізацыя такіх саюзаў пакуль не пагражае, але агульнасусветную тэндэнцыю мы ўжо адчуваем. Лічу, што такія шлюбы ствараюць людзі, якія апусціліся па спіралі развіцця на першабытную ступень існавання. Спрадвеку чалавецтва давярала багатаму вопыту эвалюцыі. І сапраўдны саюз, дзе цэняцца любоў і згода, дзе выхоўваюцца дзеці, можа быць толькі паміж мужчынам і жанчынай.

– Ці лічыце вызначальнай сустрэчу Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірыла і Папы Рымскага Бенядыкта ХVI?

– Гэта сапраўдная гістарычная падзея пасля тысячагадовага расколу. У імя міру хрысціянскі свет павінен аб’яднацца, пераадолеўшы ўсе рознагалоссі.

 

Add Comment

Войти с помощью: