Старыя праблемы на новы лад

день письма 02

Сінкевічы сустрэлі моцным ветрам і завірухай. Нягледзячы на непагадзь, да вясковага Дома культуры актыўна падцягваўся люд. Неўзабаве зала была практычна поўнай: жыхары сабраліся на “Дзень адкрытага пісьма”.

Варта зазначыць, што правядзенне мера-прыемстваў падобнага кшталту трывала ўвайшло ў практыку работы раённых улад. Удзячна ставяцца да такіх сустрэч і людзі, не прапускаючы магчымасць напрамую задаць кампетэнтным асобам хвалюючыя пытанні. Нямала было іх і на гэты раз.
Але перш чым выслухаць адказы, далі слова в.а. старшыні Сінкевіцкага сельвыканкама Валерыю Краснікевічу, які расказаў, што ў шасці вёсках сельсавета жыве 1971 чалавек. Самы вялікі з населеных пунктаў – аграгарадок Сінкевічы, які налічвае 936 жыхароў. Паведаміў Валерый Міхайлавіч і пра тое, што гонар землякоў – 30 мнагадзетных сем’яў, а траіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны імкнуцца акружыць клопатам і ўвагай.

Мінулы год быў адзначаны наваселлямі – у эксплуатацыю ўведзена 5 дыхтоўных катэджаў, а яшчэ – стварэннем новай гаспадаркі. У канцы снежня 2015 года філіял “Аграграніт” быў пераўтвораны ў дзяржаўнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Сінкевіцкі”, узначаліў якое Віктар Дзеніскавец.
Ёсць тут лясніцтва, ААТ “Палімер”, сярэдняя школа, яслі-сад, участковая бальніца з амбулаторыяй, лазня, аптэка, магазіны, аддзяленні сувязі  і ААТ “АСБ “Беларусбанк”, комплексна-прыёмны пункт і нават пункт гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя… Сярод славутасцяў – помнік архітэктуры ІІ катэгорыі Свята-Георгіеўская царква, якая сёння выведзена з разраду дзейнічаючых.
Падрабязна расказаў   прадстаўнік мясцовай “вертыкалі” пра тое, што робіцца, каб населеныя пункты сельсавета былі не толькі зручнымі для пражывання,   але і прыгожымі. Прыемна было даведацца, што ў многіх добрых справах актыўна ўдзельнічаюць самі жыхары.

Даклад старшыні сельвыканкама дапоўніў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Сінкевіцкі”. На гэтай пасадзе Віктар Дзеніскавец, як адзначалі, параўнаўча нядаўна, але сваё бачанне развіцця ў кіраўніка ёсць.

Вытворчасцю малака, мяса, вырошчваннем збожжа і нарыхтоўкай кармоў тут сёння займаюцца 232 працаўнікі. Пад іх апекай – статак у 3200 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 1000 – каровы, і сельгасугоддзі агульнай плошчай 5855 гектараў. Сёлета тут плануюць прыкметна палепшыць усе вытворчыя паказчыкі. У прыватнасці, атрымаць не менш як 3608 тон малака, 362 тоны мяса, а намалоты павялічыць ледзь не ўдвая, давёўшы іх да 5200 тон. Пэўны задзел для гэтага ў выглядзе азімага кліна, падрыхтоўкі поля пад яравы і клопату пра кармы ўжо зроблены.

У тым, што большасць вёсак сельсавета жывыя, пераканаў дырэктар мясцовай СШ Уладзімір Калянковіч. Сёння ў школе – 188 вучняў, сярэдняя напаўняльнасць класаў – 17 чалавек. Ёсць тры групы падоўжанага дня. Працуюць факультатывы і гурткі па інтарэсах. З хлопчыкамі і дзяўчынкамі займаюцца кваліфікаваныя педагогі, пераважная большасць якіх маюць вышэйшую адукацыю і адпаведную катэгорыю. Гэта дае свой плён: 38 леташніх выпускнікоў працягваюць адукацыю ў ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

На пытанне А.М. Пачко пра падлеткавую злачыннасць дырэктар адказаў, што выпадкі такія ёсць, але ж супрацьпаставілі ім зладжаную работу ўсіх звенняў: ад праваахоўнікаў і школы – да бацькоў.

Не выпускаюць з поля зроку нядобранадзейныя сем’і. Больш падрабязна на дэмаграфічнай сітуацыі і тым, як вяскоўцам аказваецца медыцынская дапамога, спыніўся галоўны ўрач Сін-кевіцкай участковай бальніцы Анатоль Ляўковіч, які расказаў не толькі аб дасягненнях, але і аб праблемах. І галоўная з іх – адсутнасць электракардыёграфа. Можна сказаць, што менавіта з гэтага і пачалося абмеркаванне ўсяго, што трывожыць жыхароў.

У вёсках ёсць пытанні, якія хвалююць усіх, незалежна ад месца пражывання. Да такіх з поўным правам можна аднесці перспектывы падвя-дзення “блакітнага паліва”. У дачыненні да Сінкевіцкага сельсавета праграма газіфікацыі расцягнулася да 2030 года. Першым у ёй значыцца аграгарадок Сінкевічы, куды выгода павінна прыйсці ў 2020 годзе, у вёскі Мокрава і Острава – у 2021-ым, Намакрава – 2022-ім, Сітніцкі Двор – у 2030-ым. Якім бы скептычным ні было стаўленне асобных жыхароў да гэтых лічбаў, старшыні райвыканкама Аляксандру Пачко ў чарговы раз давялося тлумачыць, што газіфікацыя населеных пунктаў – справа дорагакаштуючая. Праводзіцца яна з падтрымкай дзяржавы, таму грамадства ўправе разлічваць на як мага больш хуткую акупнасць праекта. Рэальна атрымаць аддачу можна толькі ў перспектыўных вёсках, дзе застаецца жыць і працаваць моладзь, будуюцца новыя дамы.

день письма 03

Традыцыйна шмат запытаў датычыла добраўпарадкавання вуліц і дарог. На сустрэчы прагучала, што сёлета з-за недахопу фінансавых сродкаў вуліцы асфальтавацца не будуць. Але гэта не значыць, што яны застануцца без увагі дарожнікаў. З надыходам устойлівага цяпла на старых асфальтаванках зробяць ямкавы рамонт, астатнія будуць падсыпаны і прагрэйдзіраваны.

Тое, што большасць пытанняў жыхары задавалі загадзя, паспрыяла іх хутчэйшаму вырашэнню. Так, да пазначанай даты ўжо было вядома, што штучная няроўнасць каля помніка камсамольцам-падпольшчыкам у Сінкевічах і насамрэч не адпавядае патрабаванням. Пра гэта сведчылі праведзеныя спецыялістамі замеры. Да 1 красавіка 2016 года работнікі ДРБУ-101 прывядуць яе ў адпаведнасць з патрабаваннямі.

З гандлёвых праблем найбольш значная – адсутнасць кафэ. Даючы адказ, намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч запэўніў, што патэнцыяльным інвестарам, якія пажадаюць адкрыць у вёсцы такі аб’ект, будзе выдзелены зямельны ўчастак, аказана кансультацыйная дапамога. Індывідуальным прадпрымальнікам належыць невялікая дзяржаўная бязвыплатная субсідыя на развіццё бізнесу.

Менавіта людзям з прадпрымальніцкай стрункай пад сілу будзе вырашыць і яшчэ адно пытанне – заняць нішу аказання паслуг па лячэбнаму масажу. Тут, вядома, патрэбна адпаведная адукацыя, а ў астатнім – справа за ініцыятыўнымі. Як сведчыць рэальнасць, паслуга запатрабаваная, бо менавіта стаўку масажыста патрабуюць мясцовыя жыхары ўвесці ў штат Сінкевіцкай участковай бальніцы. Вось толькі нарматывы зрабіць гэта не дазваляюць. Адзінае, ад чаго засцярог галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Ігар Невар, няварта займацца самалячэннем. Масаж – такая ж лячэбная працэдура, як і іншыя, і назначаць яе павінен толькі ўрач, інакш можна здароўю прынесці больш шкоды, чым карысці.

Блок камунальных праблем датычыў асвятлення і вывазу смецця. Просьба вяскоўцаў аб тым, каб падоўжыць час, пакуль гараць ліхтары, засталася без задавальнення. Выдаткі на гэтую выгоду для сельвыканкама вельмі адчувальныя, менавіта таму ў мэтах эканоміі, хутчэй за ўсё, давядзецца наогул адключыць вулічнае асвятленне ў летні час, каб як мага больш эфектыўна выкарыстоўваць яго асенняй і зімовай парой.

Нерацыянальным назвалі і вяртанне да ўстаноўкі кантэйнераў. Сёння цвёрдыя бытавыя адходы ў вёсках сельсавета па графіку забірае спецыяльны транспарт. Пачынаючы з красавіка, для зручнасці жыхароў рабіць гэта будуць двойчы на ты-дзень. Што датычыць аплаты, то па-ранейшаму яна залежыць ад колькасці тых, хто прапісаны ў жылым памяшканні.

У адсутнасць прыроднага газу насельніцтва не павінна адчуваць праблем з палівам. Многія з вяскоўцаў аддаюць перавагу так званай саманарыхтоўцы. Для таго, каб выпісаць дровы на такіх умовах, дастаткова звярнуцца ў сельсавет. На працягу двух дзён з моманту рэгістрацыі заявы, запэўніў дырэктар лясгаса Вячаслаў Торчык, будуць падабраны ўчасткі з наступнай выдачай дазваляльнага дакумента. Аб’ём драўніны, адпускаемай па ордэру, складае не больш як 15 кубічных метраў на аднаго заяўляльніка. Дровы спажыўцам лясгас прапаноўвае ў любой колькасці і ў любым выглядзе. Аператыўна могуць прывезці парэзаныя і паколатыя любой даўжыні і таўшчыні.

Сёлета на тэрыторыі сельсавета ў эксплуатацыю ўведзены два новыя жылыя дамы. Трэба спадзявацца, што ў перспектыве іх будзе яшчэ больш, бо людзі актыўна цікавіліся наяўнасцю свабодных участкаў для індывідуальнай забудовы. Як паведаміў в.а. кіраўніка сельвыканкама, сёння такіх 15. Прапарцыянальна размеркаваны яны паміж усімі вёскамі сельсавета.

Непасрэдна на сустрэчы людзі гаварылі пра неабходнасць удасканальвання работы мясцовага КПП, добра-ўпарадкавання пад’езду да Сінкевіцкай малочнатаварнай фермы, падкормкі пашы для прыватнага статка і іншыя. Варта сказаць, што пасля заканчэння мерапрыемства жыхары не спяшаліся ісці дадому, выкарыстоўваючы магчымасць абмеркаваць з аднавяскоўцамі навіны, пастаяць у захапленні перад кніжнай і выставай народнай творчасці, разгорнутай у фае ДК стараннямі культработнікаў. А некаторыя паспяшаліся да кіраўнікоў асобных службаў, каб вырашыць праблемы, якія не асмеліліся агучыць прылюдна.

день письма 04 день письма день письма 05

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.