Жыццёвая неабходнасць

полховский

Летась Міхаіл ПАЛХОЎСКІ адзначыў два юбілеі – 65-годдзе з дня нараджэння і 45 год работы на Палескай станцыі.

Пачынаў працоўны шлях у механізацыі, затым быў шафёрам, загадчыкам майстэрань і зноў – трактарыстам. Такую зменлівасць прафесій растлумачыў жыццёвай неабходнасцю: выбіраў не там, дзе лепш, а там, дзе ёсць пастаянная работа і дзе больш плацяць. Разам з жонкай выхавалі дачку Ларысу, дапамагалі ёй пабудаваць кватэру ў райцэнтры, падгадаваць дзяцей. Пяць год таму Марыі Сцяпанаўны не стала. Яна так і не дачакалася, пакуль дачка разлічыцца з крэдытамі, закончыць набываць завочна вышэйшую адукацыю. Не парадавалася і поспехам унукаў: старэйшы Уладзіслаў атрымаў спецыяльнасць «майстар-будаўнік» і зараз працуе па накіраванні на Міншчыне, а Юля – студэнтка адной з Маскоўскіх ВНУ. Так сталася, што дзяцей амаль увесь час дачка гадавала сама, таму дапамога бацькоў заўсёды была дарэчы. Не па-кідае без фінансавай падтрымкі Міхаіл Сцяпанавіч сям’ю і зараз.

– Не скажу, што гэта – асноўная прычына, па якой застаюся працаваць, выйшаўшы на пенсію. Трымаюць, хутчэй за ўсё, калектыў і разуменне, што мая работа вельмі патрэбна для сельскай гаспадаркі. З ранняй вясны і да трывалых маразоў не абыходзяцца без майго ўдзелу: вывожу і ўношу ў глебу арганіку, займаюся прэсаваннем сена і саломы, апрацоўкай пасеваў гербіцыдамі і пестыцыдамі. Праца вельмі цяжкая, камфортных умоў для работы на ёй не прадугледжана. Калі на двары холадна – мерзну  ў кабіне, калі спякота – абліваюся салёным потам… Вядома, зараз ёсць трактары і з электронікай, і з кандыцыянерамі, але нават калі б мне прапанавалі такі, адмовіўся б. У маім узросце надзейней за прывычны МТЗ-82 нічога быць не можа. Сучаснай тэхнікай няхай авалодвае моладзь і справай даказвае, што можа не горш за нас працаваць на зямлі. А мы, пенсіянеры, будзем ім дапамагаць, пакуль дазволіць здароўе. Зараз у краіне ідуць дэбаты наконт пенсійнай рэформы. Вельмі сур’ёзна абмяркоўваецца пытанне павелічэння пенсійнага ўзросту. Са свайго вопыту лічу, што гэта трэба рабіць дыферэнцыравана. Работа ў сельскай гаспадарцы – па-ранейшаму самая цяжкая: не кожны механізатар можа сесці за руль трактара ў 60 год, не кожны жывёлавод у такім узросце справіцца са статкам…

Разважанні механізатара пад-трымала і загадчыца склада ГЗМ Валянціна Халімоўская, якая, дарэчы, вось ужо тры гады працуе на сваім рабочым месцы пасля выхаду на пенсію.

І ўсё ж  жыццёвы прыклад Міхаіла Палхоўскага і Валянціны Халімоўскай даказвае, што жанчыны пасля 55-ці і мужчыны пасля 60-ці застаюцца ў большасці сваёй працаздольнымі і  павышэнне пенсійнага ўзросту пры склаўшайся ў краіне дэмаграфічнай сітуацыі, – адзін з выхадаў са становішча.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: