Лекі ад адзіноты

Упершыню ў дыхтоўны драўляны дом па вуліцы Партызанская ў аграгарадку Сінкевічы лёс прывёў у сакавіку мінулага года. Нагодай для візіту стала прыемная місія – уручэнне юбілейнага медалю «70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-45 гг.» гаспадару Мікалаю Васільевічу Лук’яновічу.

На жаль, гэта была першая і апошняя сустрэча з ім.  Жыццёвы шлях цікавага і вельмі разумнага суразмоўцы завяршыўся праз некалькі тыдняў пасля знаёмства. Справіцца з адзінотай 87-гадовай удаве сёння дапамагае сацыяльны работнік Ірына ЯРАХОВІЧ.

Як і большасць аднагодкаў, Ніна Усцінаўна ЛУК’ЯНОВІЧ пасталела хутка. Вялікая Айчынная вайна ператварыла дзяцінства ўраджэнкі Гомельшчыны ў паўгалоднае  існаванне і пазбавіла маці. Мабыць, пакуты самага дарагога чалавека, матуля памірала на вачах дачкі-падлетка, і паўплывалі на далейшы лёс. Атрымаўшы школьны атэстат, дзяўчына накіравалася ў Пінск, дзе падала дакументы на фельчарскія курсы. А ў 1947-ым малады спецыяліст уладкавалася  на работу ў Мокраўскую бальніцу. З той пары на працягу амаль пяці дзесяцігоддзяў жыццё Н.У. Лук’яновіч было непарыўна звязана з установамі аховы здароўя Лунінеччыны, а на тэрыторыі Сінкевіцкага сельсавета, напэўна, не было сям’і, якая хоць раз не скарысталася б дапамогай Ніны Усцінаўны. Землякі і сёння  з удзячнасцю ўспамінаюць ветэрана медыцынскай службы, яе спагадлівасць, увагу і тактоўнасць. Нягледзячы  на адлегласць ці непагадзь, яна без ваганняў пешшу адпраўлялася па выкліку да хворага.

Велізарным жыццялюбствам і душэўнай цеплынёй валодаў і муж  Мікалай Васільевіч. У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія акупанты на вачах хлопца расстралялі за сувязь з партызанамі старэйшага брата і бацьку, старасту вёскі Рэдзігерава… Аднаму Богу вядома, праз якія яшчэ выпрабаванні давялося прайсці хлопцу, перш чым выпадак пазнаёміў яго з будучай жонкай. Адбылося гэта ў сінкевіцкім клубе, які Мікалай узначальваў. Дарэчы, у 60-ыя гады мінулага стагоддзя  ён завочна закончыў адзін з мінскіх педагагічных інстытутаў і змяніў культпрасвет  на настаўніцтва  ў Сітніцкадворскай базавай школе.

Пажаніліся маладыя ў маі 1953-га. Доўгі час здымалі жыллё, рэгулярна адкладваючы са сваёй невялікай зарплаты грошы на будаўніцтва ўласнага дома. Наваселле сям’я  святкавала, калі падрасталі сыны Георгій і Васіль. Вельмі хутка нарадзілася дачка Валянціна.

Вядома, як і ў любой сям’і, у іх таксама хапала складанасцей і праблем. Зрэшты, нягледзячы на гэта, жылі шчасліва і дружна. Дарослыя шмат вольнага часу надавалі асабістай гаспадарцы – пчальніку, вялікаму саду і вінаградніку. А яшчэ – чытанню. Муж і жонка не толькі рэгулярна праводзілі вольны час за разнастайнай літаратурай, але і прывівалі павагу да кніг сваім дзецям.  Нязменна былі рады тут і гасцям. Таварышы па школе і вулічных гульнях малодшых Лук’яновічаў, вучні Мікалая Васільевіча, а таксама іх бацькі, пацыенты Ніны Усцінаўны, землякі, якія проста зазіралі на агеньчык… Каго толькі не бачылі за гады свайго існавання сцены гэтага дома!

Імкненне да ведаў, якое развівалі гаспадары ў сыноў і дачкі з ранніх гадоў, прынеслі свае плады. Старэйшы Георгій, які асталяваўся ў Мінску, абраў прафесіяй дакладныя навукі. Васіль – хірург у Віцебску. Валянціна, таксама доктар па спецыяльнасці, абрала пастаянным месцам жыхарства ЗША.
Нягледзячы на паўсядзённую мітусню, дзеці і цяпер памятаюць аб родным доме, падтрымліваюць  пажылую маці. Своеасаблівае пацвярджэнне таму  – сучасная пральная машына, помпа для падачы вады ў памяшканне і іншыя выгоды цывілізацыі. А яшчэ – вялікія запасы дроў, складзеныя ўздоўж плота і хлявоў.

– Георгій і Васіль даўно сталі гарадскімі жыхарамі, але не забыліся пра тое, як трымаць у руках сякеру, пілу і іншыя прылады, – кажа работніца надомнага абслугоўвання І.М. Яраховіч. – Таму, калі ўзнікае неабходнасць, без цяжкасцей паправяць плот, насякуць дроў ці зоймуцца  іншай працай па гаспадарцы.

Жыхарка вёскі Мокрава Ірына Мікалаеўна ўзяла пад сваю апеку Лук’яновічаў у 2009-ым. Як прызнаецца жанчына, агульную мову з пенсіянерамі знайшла хутка. Сама не заўважыла, як яе пакарылі іх тонкі гумар, жыццёвая мудрасць і эрудыцыя. Неўзабаве яна стала ўспрымаць іх хутчэй як родных людзей. Трэба бачыць, з якім клопатам і цярпеннем яна дапамагала з тым жа сняданкам Ніне Усцінаўне, якую зусім падкасіла смерць мужа. І такіх момантаў у іх адносінах – сотні тысячы! Таму, развітваючыся з суразмоўніцамі, не магла не пацікавіцца ў сацыяльнага работніка сакрэтам яе дзіўнага разумення са старымі.

– Тут няма ніякай таямніцы. Гэта –  павага да ўзросту, жыццёвага вопыту, правілаў і звычак сваіх падапечных, уменне слухаць і чуць іх. Але самае галоўнае – не скупіцца на шчырую ўсмешку, добрае слова, цёплы погляд. Вось, мабыць, самы галоўны і просты рэцэпт ад любой адзіноты.

Add Comment