На пенсію — па існуючых правілах

прямая линия

На пытанні чытачоў адказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына СЕМЯНЧЭНКА:

Мікалай Паўловіч, Лунінец. У кастрычніку спаўняецца 60. Колькі год стажу ў мяне павінна быць для выхаду на пенсію па ўзросту?

– Не менш як 15 год і 6 месяцаў з аплатай абавязковых  страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Алена Канапацкая, Мікашэвічы. – Нас у мамы 5 дзяцей. Ці патрэбен ёй працоўны стаж, каб датэрмінова пайсці на заслужаны адпачынак?

– Для назначэння датэрміновых пенсій бацькам дзяцей-інвалідаў, мнагадзетным матулям, якія нарадзілі і выхавалі да 8-гадовага ўзросту пяць і болей дзяцей, а таксама інвалідам з дзяцінства і вайны, матулям ваеннаабавязаных, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы, ліліпутам і карлікам трэба мець 5 год страхавога стажу.

– Што вы маеце на ўвазе, калі гаворыце страхавы стаж?

– Гэта любая дзейнасць, у тым ліку і прадпрымальніцкая, на  працягу якой работадаўцам ці работнікам асабіста ўплачваліся страхавыя ўзносы ў пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Не залічваюцца сюды перыяды водпуску па догляду за дзіцём, ваеннай службы, вучобы і іншыя, калі такія ўзносы не ўплачваліся. Аднак яны ўваходзяць у агульны стаж для налічэння памеру пенсіі. Пры адсутнасці патрабуемага страхавога стажу назначаецца сацыяльная пенсія: жанчынам не маладзей як 60 год, мужчынам – 65 год.

Мікалай, Мікашэвічы. У савецкія часы працаваў у Латвіі, аб чым ёсць адзнака ў працоўнай кніжцы. Ці будзе гэта мне залічана ў стаж?

– З 28.09.2010 года ўступіў у сілу Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Лат-війскай Рэспублікай аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння. Згодна з ім, кожны з бакоў налічвае і выплачвае пенсію толькі на падставе страхавога (працоўнага) стажу, назапашанага на яго тэрыторыі. Такім чынам, за стаж, набыты на тэрыторыі Латвіі, у тым ліку да распаду СССР, назначаць і выплачваць вам пенсію будзе кампетэнтная ўстанова Латвіі.

– Пры назначэнні пенсіі ўлічваецца заработная плата за дзейнасць за мяжой, што выплачвалася ў валюце?

– Згодна з Законам “Аб пенсійным забеспячэнні”, асобам, якія працавалі за межамі Рэспублікі Беларусь, пенсія налічваецца, зыходзячы з фактычнага заробку ў нашай краіне і даходу за работу за яе межамі, з якога самастойна былі ўплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Заробак, які выплачваўся ў замежнай валюце, пры налічэнні пенсіі не ўлічваецца. Канвертацыя такіх выплат у мэтах пенсійнага забеспячэння заканадаўствам не прадугле-джана.

Віталь Якубовіч, Лунінец. Некалькі год працаваў у адным з раёнаў Крайняй Поўначы. На якіх умовах будзе мне налічана пенсія?

– Дзеля захавання гарантый, устаноўленых заканадаўствам СССР для асоб, працаваўшых на Крайняй Поўначы і ў мясцовасцях, прыроўненых да яе, прадугледжана права выхаду на пенсію на 5 год раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Праўда, у тым выпадку, калі на дзень увядзення ў дзеянне закона (1 студзеня 1993 года), гэты чалавек ад-працаваў не менш як 15 каляндарных год у раёнах Крайняй Поўначы і не менш як 20 – у мясцовасцях, прыроўненых да гэтых раёнаў. Што датычыць ільготнага вылічэння “паўночнага стажу”, то яно было адменена з 1 студзеня 1992 года Законам СССР “Аб пенсійным забеспячэнні грамадзян СССР”.

Вольга Кацуба, Дзятлавічы. Як пацвердзіць заробак за перыяды работы да 1 студзеня 2003 года, калі наймальнік згубіў дакументы?

– Велічыня заробку для налічэння пенсіі за перыяд працы да 1.01.2003 года вызначаецца па даведках, якія выдаюцца работадаўцам на падставе асабовых рахункаў і іншых дакументаў аб налічанай і выплачанай заработнай плаце. У выпадку спынення дзейнасці прадпрыемства ці арганізацыі, гэты дакумент выдае яго правапераемнік, архіў, орган, які ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, або арганізацыя, у якой знаходзяцца на за-хоўванні бухгалтарскія дакументы. Калі і гэта немагчыма, то варта звярнуцца ў суд. Пры гэтым факт і прычыны незахавання дакументаў павінны быць пацверджаны арганізацыяй, якая іх згубіла.

Іван Пятровіч, Лахва. Нарадзіўся 3 сакавіка 1956 года. Чаму першую пенсію мне не прынеслі менавіта 3 сакавіка – у дзень дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту?

– Выплата пенсій у паштовых аддзяленнях праводзіцца з 5 па 25 чысло кожнага месяца; у банкаўскіх установах – па графіку 9 і 21 чысла кожнага месяца. У мэтах раўнамернага расходавання фінансавых сродкаў, грамадзянам, якім пенсія назначаецца ўпершыню, яна выплачваецца не раней як 21 чысла. Справа ў тым, што масавы разлік пенсій праводзіцца адначасова па ўсёй краіне аўтаматычна ў канцы месяца. Для таго, каб налічыць вам пенсію 3 сакавіка, неабходна было з пенсійнага фонду запатрабаваць ваш заробак уключна па сакавік. У той жа час звесткі аб зарплаце ў пенсійны фонд работадаўца за папярэдні месяц прадстаўляе ў сярэ-дзіне наступнага. У вашым выпадку ў сярэдзіне сакавіка. Не атрымліваецца разлічыць і ваш індывідуальны каэфіцыент, таму што неабходныя звесткі аб сярэднямесячнай заработнай плаце за люты становяцца вядомы толькі пасля 21 сакавіка.

 

Add Comment

Войти с помощью: