Незаконны гандаль б’е па кішэні

рынок

У народзе кажуць, што чалавека сустракаюць па адзенню… Калі спраектаваць гэты выраз у адносінах да горада, то можна сцвярджаць, што першае ўражанне аб населеным пункце ўзнікае ад вакзала і прылягаючай тэрыторыі.

Калі да будынка ў Лунінцы прэтэнзій няма, то прывакзальная тэрыторыя ў некаторых месцах, асабліва ў выхадныя дні, нагадвае Сярэднявечча. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца гандляры, якія незаконна размяшчаюцца за рынкам і прапануюць прадукцыю, што ляжыць на зямлі.

Штодзень кантралёр запрашае іх заняць месцы за прылаўкам пад навесам, але жанчыны, звычайна пенсійнага ўзросту і інваліды, не спяшаюцца пакінуць “абжыты пятачок”. За гандаль на прыстасаваных месцах нават плаціць не трэба. Гэта прадугледжана пастановай праўлення райспажыўтаварыства, якая дзейнічае з 9 верасня 2014 года. Неабходна толькі, каб колькасць прадукцыі не перавышала 20 кілаграмаў, у наяўнасці былі: даведка аб уласным зямельным участку, пацвярджэнне аб флюараграфічным абследаванні, пасведчанне пенсіянера і (ці) інваліда, а таксама талон ветэрынарна-санітарнай экспертызы прадукта.

Для астатніх катэгорый грамадзян на сённяшні дзень устаноўлены наступныя расцэнкі: за гандаль зелянінай і ягадамі – 5800 рублёў, садавіной і агароднінай да 10 кілаграмаў – 6400, звыш за 10 кілаграмаў – 16500.

Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Наталля Марозава, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і ў рамках мерапрыемстваў па спыненню гандлю ў неўстаноўленых месцах узмоцнены кантроль як у гарадах, так і ў сельскіх населеных пунктах. На падставе артыкула 12.17 ч.8 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях на парушальнікаў складаюцца пратаколы.

Наталля Паўлаўна падкрэсліла, што на гэтым тыдні ўступілі ў сілу змяненні ў КоАП, якія павялічылі штрафы за продаж тавараў без рэгістрацыі ІП. Новыя нормы ўстаноўлены законам № 351-З ад 4 студзеня 2016 года.

Так, за несанкцыянаваны гандаль з рук у грамадскіх месцах КоАП складае ад 5 да 50 базавых велічынь (ад 1,05 да 10,5 мільёна рублёў). Да гэтага падобныя санкцыі прадугледжвалі папярэджанне або штраф да 3 базавых (630 тысяч рублёў). Асабліва жорстка будуць караць тых, хто прадае тавары, рэалізацыя якіх патрабуе атрымання спецыяльнага дазволу (алкаголь, цыгарэты).

Удакладненні закранулі таксама нормы КоАП адносна адказнасці за “захоўванне з мэтай распаўсюджвання кантрафактных экзэмпляраў твораў, запісаных выкананняў, фанаграм, перадач арганізацый эфірнага і кабельнага вяшчання”. За гэта можна атрымаць штраф у памеры ад 20 да 40 базавых велічынь (ад 4,2 да 8,4 мільёна рублёў) “з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння незалежна ад таго, у чыёй уласнасці ён знаходзіцца, або без канфіскацыі”.

У незаконных гандляроў ёсць выбар: прадаставіць неабходныя дакументы і заняць месца на рынку ці заплаціць штраф.

рынок 02

Add Comment