Парадак прасцей падтрымліваць

Падарунак прыроды ў выглядзе цудоўнага надвор’я, якое панавала ў мінулую суботу, яшчэ больш паспрыяў прыўзнятаму настрою ўсім, хто выйшаў навесці парадак на прылягаючых да адміністрацыйных будынкаў тэрыторыях, вуліцах, месцах баявой славы, масавага адпачынку людзей.

Па словах начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Шкута, усе працоўныя калектывы падтрымалі рэспубліканскі суботнік. Прыемна, што многія не чакалі выхаднога дня, і загадзя выканалі даручаны аб’ём работ. У гэтым упэўніліся і журналісты, якія з самага ранку разам з галоўным эколагам пабывалі на ўчастках, дзе ў дзень суботніка працавалі лунінчане. Першай кропкай маршруту стала база мінеральных угнаенняў ААТ “Лунінецкі райаграсервіс”.

субботник 2016

Яго рабочыя на чале з начальнікам Міхаілам БАНДАРЦОМ займаліся афарбоўкай агароджы працягласцю амаль 250 метраў. Каля выратавальнага паста на сажалках насупраць аўтастанцыі засталі старшыню таварыства Любоў Гутараву. Яна расказала, што разам са сваімі памочнікамі прыбіраюць леташнюю лістоту. Прыгожыя кветкі неўзабаве распусцяцца на вялікай клумбе, размешчанай побач з будынкам. Уздоўж берагоў таксама наведзены парадак.

Дагледжанымі выглядалі вуліцы Чапаева, Кветкавая, Давыдава. На апошняй сустрэлі работнікаў ААТ “Лунінецкі райаграсервіс” – дырэктара Уладзіміра Кузьменчука, галоўнага інжынера Пятра Бярозку, юрыста Паўла Шведа, начальніка цэха Сяргея Алехніка і іншых. Яны займаліся ўкладкай тратуарнай пліткі. Пэндзлік у рукі ўзялі вадзіцелі Пётр Валынчыц і Аляксандр Брадніцкі, а дзякуючы старанням вартаўніка Алены Рудовіч, тут неўзабаве заззялі чысцінёй шыбы ў вокнах.

субботник 2016 02

На Чырвонай клаксонам павіталі веласіпедыстаў, якія ў суправаджэнні аўтамабіля Дзяржаўтаінспекцыі адправіліся ў велапрабег на возера Белае, дзе правялі акцыю “Чысты бераг”. Дружна наводзілі парадак на прылягаючых тэрыторыях калектывы Дома быту, СШ №2 г. Лунінца. Прыкладам для пераймання можна лічыць работнікаў гандлю і аховы здароўя, чые прадстаўнікі загадзя паклапаціліся аб прыгожым выглядзе сваіх аб’ектаў. Як змяніўся, напрыклад, магазін “Верас” ААТ “Лунінецкі малочны завод”!

Нас продкі вучылі, што трэба наводзіць парадак на зямлі, як толькі сыдзе снег. Па праваслаўнай традыцыі асаблівыя старанні кожны з нас праяўляе напярэдадні вялікага свята – Вялікадня. Упэўнены, што добра падрыхтаваліся да яго гаспадары прыватных падворкаў: чыстыя двары, абноўленыя агароджы, пафарбаваныя дрэвы… А як выглядае ваша вуліца? Выйдзіце за свае веснічкі, магчыма, недзе ў двух метрах недарэчны павеў ветру прынёс кавалак паперкі ці поліэтылену. Не палічыце за цяжкасць падняць смецце і выкінуць яго ў кантэйнеры. Згадзіцеся, падтрымліваць парадак прасцей і лягчэй, чым яго наводзіць!

Add Comment