Пераемнікі слаўных традыцый

стрельба

На базе СШ №2 г. Лунінца прайшлі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод каманд устаноў адукацыі раёна, прысвечаныя 71-ай гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 90-годдзю стварэння ДТСААФ.

Напачатку мерапрыемства прысутных павіталі і пажадалі перамогі – старшыня Лунінецка-Ганцавіцкай структуры ДТСААФ Барыс Гнедзька, старшыні раённых арганізацый: ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” – Мікалай Кавалец і “Беларускі саюз афіцэраў” – Уладзімір Жураўлёў. Права падняць Дзяржаўны сцяг прадаставілі пераможцам мінулага года – камандзе СШ №2 райцэнтра.

Усяго ў спаборніцтвах прымалі ўдзел 10 каманд. Пасля жараб’ёўкі падлеткаў падзялілі на дзве падгрупы. Трэба адзначыць, што многія загадзя рыхтаваліся і адабралі лепшых стралкоў. Барацьба за званне самага трапнага атрымалася цікавай, азартнай і да апошняй хвіліны захоўвала інтрыгу. Толькі на фінішнай прамой з’явіліся кандыдатуры лепшых.

Далёка ззаду пакінула сваіх сапернікаў каманда Люсінскай СШ Ганцавіцкага раёна, якая заняла першае месца. Шчаслівыя пераможцы павезлі дамоў пераходны кубак. Другімі сталі гаспадары, на 3-ім месцы – стралкі каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.

Гарачай атрымалася барацьба за прызавыя месцы ў індывідуальным заліку.

Сярод юнакоў у практыкаванні ВП-2 перамогу святкаваў Андрэй Жалезны (Люсінская СШ). На другую прыступку п’едэстала гонару падняўся Дзмітрый Насковіч з СШ №2 г. Лунінца. “Бронзу” заваяваў вучань Вялікачучавіцкай СШ – Ілья Макаед.

У практыкаванні ВП-3 «золата» заваяваў Уладзіслаў Савіч з СШ №2 г. Лунінца, другое месца заняў Сяргей Кавалька (Люсінская СШ). Тройку прызёраў замкнуў прадстаўнік  сельгаскаледжа – Сяргей Купрацэвіч.

У дзяўчат “вышэйшы клас” паказала Марына Амельяновіч з Малькавіцкай СШ. Сярэбраным прызёрам стала Алена Кузьміч (сельгаскаледж), уладальніцай «бронзы» – Людміла Шкут (Сінкевіцкая СШ).

Add Comment