Праз адзін перыяд паўраспаду…

чернобыль

Вось ужо 30 год назва гэтага ўкраінскага горада асацыіруецца з адной з самых буйнейшых катастроф у гісторыі атамнай энергетыкі. 26 красавіка ва ўсім свеце ўзгадвалі аварыю на Чарнобыльскай АЭС. У рамках сумнай даты праходзілі паніхіды, прэзентацыі, акцыі, сустрэчы. Тэматычны “круглы стол” адбыўся ў рэдакцыі “ЛН”, куды да дыялогу запрасілі галоўных спецыялістаў: раённага Савета дэпутатаў – Ірыну ЖУК і прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню Алену АНДРУШ, намесніка галоўнага ўрача па медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Святлану ХЛЕБУС, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталя ДЗЕГЦЯРОВА.

Вядучы. Чарнобыльская бяда перайначыла лёсы шматлікіх людзей – многім давялося пакінуць абжытыя месцы. “Чорнае воблака” накрыла і нашу Лунінеччыну.

І.І. Жук. Сапраўды, 45 вёсак раёна ўваходзяць у сумны пералік населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання. У краіне сфарміравана нарматыўная прававая база, якая ахоплівае ўсе напрамкі дзейнасці. Сюды ўваходзяць Законы Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпеўшых ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый” і “Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыяцыйнаму забруджванню ў выніку катастрофы на ЧАЭС”.

З 1990-га па 2015-ты выкананы 5 дзяржаўных праграм па пераадоленню наступстваў. На іх рэалізацыю са сродкаў рэспубліканскага бюджэту выдзелена і асвоена сума ў эквіваленце 22 мільярды долараў ЗША. Хаця ўрон, нанесены Беларусі чарнобыльскай аварыяй у разліку на 30-гадовы перыяд яе пераадолення, ацэньваецца ў 235 мільярдаў долараў ЗША.

У нашым раёне сродкі былі накіраваны, перш за ўсё, на забеспячэнне спецыяльнага медыцынскага назірання, аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне. Пачынаючы з 2011 па 2015 гг., на бясплатнае харчаванне 7600 вучняў, якія атрымлівалі агульную базавую і сярэднюю адукацыі, выдаткавана 85,4 мільярда рублёў. За кошт сродкаў мясцовага бюджэту выплачана работнікам згодна з кантрактнай формай найму сума ў амаль 11 мільёнаў рублёў, яшчэ 92 мільёны затрацілі на набыццё абсталявання і сродкаў абароны.

За так званыя “чарнобыльскія грошы” за апошнюю 5-годку на Лунінеччыне газіфікавана 1810 жылых дамоў, пракладзена 135 кіламетраў газаправодных сетак, рэканструявана 11 кіламетраў водаправодных, пабудавана 6 аднапакаёвых кватэр агульнай плошчай 270 квадратных метраў.

Значныя мерапрыемствы, звязаныя з аднаўленнем забруджаных зямель і меліярацыяй каналаў, адбыліся ў сельскай гаспадарцы. Па адпаведнай дзяржаўнай праграме ўдалося вярнуць у сельгасабарачэнне прыкладна 6 тысяч гектараў глебы. Да таго ж, прадугледжана выдзяленне сродкаў на набыццё камбікорму са спецыяльнымі дабаўкамі для тых, хто вядзе асабістыя падсобныя гаспадаркі. Але паколькі выпадкаў з перавышэннем дзеючых нарматываў у малацэ не выяўлена, то падобныя пастаўкі не ажыццяўляюцца. Пэўная ўвага надаецца перазалужэнню пашы для выпасвання жывёлы насельніцтва. Магчыма, не так часта, як таго хацелася б людзям, але работа гэтая праводзіцца рэгулярна. Зрэшты, як не ўпускаецца з поля зроку добраўпарадкаванне населеных пунктаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Там стараюцца палепшыць санітарны стан і наводзяць парадак на зямлі.
Вышэй названымі законамі прадугледжаны некаторыя льготы для насельніцтва. Напрыклад, студэнты, у каго ёсць пасведчанне пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС, маюць першачарговае права пры засяленні ў інтэрнат. Такі ж дакумент спатрэбіцца для атрымання бясплатнай пуцёўкі для аздараўлення. За 2015-ты жыхарам Лунінеччыны было выдадзена 1121 пасведчанне.

А.А. Андруш. Трэба заўважыць, што адразу пасля аварыі людзі выязджалі цэлымі сем’ямі па 23-24 тысячы чалавек у год! Масавыя выезды ажыццяўляліся на цягніках, самалётах, аўтобусах ва ўсе куткі былога Савецкага Саюза. Геаграфія маршрутаў уражвала! Цяпер жа работа звузілася. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь №542 ад 28.08.2006 г. “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва”, правам на атрыманне бясплатных пуцёвак карыстаюцца школьнікі і малышы ад 3 да 6 год уключна. Апошніх павінен суправаджаць адзін з дарослых. Гэта могуць быць тата, мама, бабуля, дзядуля. Ім давядзецца кампенсаваць 15 працэнтаў ад кошту пуцёўкі.

У Брэсцкай вобласці дзейнічаюць 14 санаторыяў. Калі ж сюды дадаць яшчэ летнія лагеры і базы адпачынку, то атрымаецца 54 здраўніцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі выязджаюць у “Світанак” (каля Пінска), “Колас”, “Чабарок”, “Світанак” РУВП “Граніт”. Акрамя таго, выдзяляюцца пуцёўкі ў Сочы і Туапсэ. На жаль, іх няшмат.

На тэрыторыі раёна пражываюць 28 чалавек, у тым ліку двое дзетак, чые захворванні звязаны з Чарнобылем. 6 землякоў маюць першую групу інваліднасці, 20 – другую. Гэтым грамадзянам таксама прадастаўляюцца бясплатныя пуцёўкі раз у два гады. У цэлым жа, сродкі на аздараўленне затрачваюцца каласальныя – за апошнія 5 год зрасходавана 139 мільярдаў рублёў. Летась сваё здароўе паправілі: па лініі Чарнобыля – 6776 чалавек, па ўсіх відах фінансавання – 7494. У першым квартале гэтага года ў санаторыях адпачылі 1859 жыхароў Лунінеччыны.

Вядучы. Нашы здраўніцы маюць розныя профілі лячэння захворванняў. Для кантролю за станам здароўя насельніцтва, якое пацярпела ад катастрофы на ЧАЭС, медыкі выкарыстоўваюць дыспансерызацыю.

С.І. Хлебус. Яе выбралі, як спосаб ранняга выяўлення захворванняў. На пачатак года пад назіраннем медработнікаў знаходзіўся 63541 чалавек (у тым ліку 11178 дзяцей і 2262 падлеткі), якія пацярпелі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. У першым квартале ў нас нарадзілася 203 немаўляты, пайшлі з жыцця 193 грамадзяніны. Прырост радуе, але занепакоены павелічэннем захворваемасці ў параўнанні з аналагічным перыядам летась. Па стану на 01.04.2016 г., выяўлена 28419 хворых пацыентаў, тады як за студзень-сакавік 2015-га было 25713.

Вядучы. Ці праўда, што анкалагічныя захворванні перавалодваюць?

С.І. Хлебус. Гэта не так. У дарослых больш распаўсюджаны хваробы сістэмы кровазвароту, у дзетак – органаў дыхання. Што датычыць анкалагічнай службы, то на іх уліку знахо-дзіцца 1603 чалавекі. З пачатку года яе спецыялісты выявілі 51 новы выпадак. Большасць злаякасных пухлін дыягнастуюцца пры прафілактычных аглядах, вось чаму іх недаравальна ігнараваць! Да таго ж, у нас ёсць сучаснае абсталяванне, каб выяўляць новаўтварэнні на ранніх стадыях. Гэта і перасовачная ўстаноўка “Скрын-экспрэс”, дзе жанчыны праходзяць абследаванне малочных залоз, і выкарыстанне анкамаркераў, і мужчынскі аглядны кабінет у паліклініцы. Але як бы ўрачы ні стараліся, многае залежыць ад самога пацыента: лад жыцця, рэжым дня, харчаванне…

В.А. Дзегцяроў. Заўважу, прыхільнікам “дароў лесу” – грыбоў, дзікарослых ягад, дзічыны – давядзецца складана, таму што менавіта гэтая прадукцыя ўтрымлівае шмат радыяцыі. А нашы людзі, на жаль, прывыклі не сачыць за ёй. Неўзабаве пачнецца сезон нарыхтовак чарніц, брусніц. Раю ўсім абавязкова рабіць радыёметрычны кантроль, каб не дапусціць той сітуацыі, якая склалася летась, калі ў Мінску знялі з рэалі-зацыі ягады па прычыне перавышэння нарматыўных паказчыкаў у 8-10 разоў. Праверыць прадукцыю можна ў спецыялізаваных лабараторыях. Усім, хто набывае “лясныя дары”, варта патрабаваць у прадаўцоў дакументы, што пацвердзяць іх якасць. Гэта датычыць і тых, хто займаецца зборам лекавых сродкаў. Усё трэба правяраць!

Адметнасць даты ў тым, што прайшоў адзін перыяд паўраспаду цэзію-137 і стронцыю-90. Другая палавіна ізатопаў засталася. Таму давайце разам сачыць за тым, што ядзім, колькі рухаемся, як адпачываем, не будзем забываць своечасова праходзіць медагляды, каб звесці ўсю рызыку да мінімуму.

Add Comment

Войти с помощью: