Сустракае Лунінец вясну

Населеныя пункты раёна памалу скідваюць з сябе цяжар зімовага сну. Быццам устрапянуўшыся, як вялікая птушка лунь, што па легендзе дала назву нашаму гораду, сустракае вясну Лунінец. І няхай вачніцамі ямін глядзяць пакуль на свет некаторыя вуліцы горада, хутка на іх паявяцца спецыяльныя машыны, якія адрамантуюць асфальт, прагрэйдзіруюць і падсыплюць гравійкі.

Сёлета на добраўпарадкаванні гарадскіх “артэрый” камунальная служба будзе працаваць у тандэме з дарожнікамі ДЭУ-101, якія прыступілі ўжо да рамонту праезнага палатна ў вёсках раёна. Такое рашэнне прынята невыпадкова: спецтэхніка камунальнікаў якасна ліквідуе глыбокія выбоіны, а дарожнікі налаўчыліся ўдала змагацца з дробнымі.

І ўсё ж галоўным аб’ектам года ў Лунінцы, верагодней за ўсё, сёлета стане добраўпарадкаванне адной з самых старых вуліц горада – Гагарына. Яе працягласць – 2 кіламетры 100 метраў. Справядлівасці дзеля, варта сказаць, што падступаліся да справы яшчэ ў 2010 годзе. Была зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, у якую пазней неаднойчы ўносіліся карэкціроўкі. Першапачатковы кошт работ – больш як 11 з паловай мільярдаў рублёў. Зразумела, што знайсці аднамомантна такую суму ў небагатым раённым бюджэце праблематычна. На дапамогу прыйшла  дзяржава.  Аб’ект уключаны ў праграму ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

На вуліцы Гагарына, адметнасць якой ствараюць гістарычнай каштоўнасці будынкі, дзе сёння размешчаны друкарня і райспажыўтаварыства, Крыжаўзвіжанская царква, а таксама мноства старых і новых прыватных дамоў, будзе поўнасцю адноўлена асфальтавае пакрыццё, абсталяваны пешаходныя дарожкі. Нямала выдаткаў запатрабуе пераўладкаванне лініі электраперадачы, апоры якой сёння ствараюць перашкоду не толькі аўтамабілям, але і пешаходам. Словам, старая вуліца атрымае новае жыццё.

Калі ўжо ўспомнілі пра лініі электраперадачы, то, думаю, жыхарам Заводскага мікрараёна будзе цікава даведацца, што сёлета ў больш прыдатнае месца плануецца вынесці высакавольтную лінію магутнасцю 110 000 кілават, якая сёння праходзіць праз ускраінныя вуліцы. У ліку іх і тая, што названа ў гонар былога супрацоўніка газеты, пісьменніка Міколы Калінковіча. Тым самым будзе вызвалены новы ўчастак не толькі для прыватнай забудовы, але і для ўзвядзення гарадскіх шматпавярховак.

Пакуль жа для іх шукаюць месцы ў цэнтры Лунінца. Так, на вуліцы Гагарына вядзецца будаўніцтва 71-кватэрнага дома з аптэкай на першым паверсе. Работы тут ідуць з падтрымкай дзяржавы, а вось узвядзенне 30-кватэрнага жылога дома па вуліцы Чырвоная непадалёк ад СШ №4 і дзіцячага садка №8 “Крынічка” ідзе толькі за сродкі будучых навасёлаў. Пад пляцоўку для пяціпавярхоўкі вызначылі пустыр, які аматары дамашніх пітомцаў з навакольных дамоў да нядаўняга часу нярэдка выкарыстоўвалі для іх выгулу.

Такое рашэнне не было выпадковым. Месца выбрана з улікам перспектыў капітальнай забудовы Лунінца і шматлікіх нюансаў, якія дапамогуць удзешавіць кватэры для іх уладальнікаў. Той факт, што дом “прывязаны” да ўжо пракладзенай гарадской інфраструктуры, дапаможа зэканоміць людзям каля 2 мільярдаў рублёў. Праект вытрымаў усе прадугледжаныя нарматывамі ўзгадненні і зараз праходзіць апошні “экзамен” – экспертызу.  Мяркуецца, што на першым паверсе будынка будзе прадугледжана памяшканне для гандлёвага аб’екта. У двары для зручнасці гараджан паявяцца дзве паркоўкі на 10 і 20 машынамесцаў.

Новабудоўля крыху зменшыла тэрыторыю дзіцячага сада №8, але, як растлумачыла яго загадчыца Вольга Пазднікіна, умовы, у якіх тут знаходзіцца дзетвара, ад гэтага абсалютна не пагоршыліся.

– Па-першае, хачу выказаць велізарную ўдзячнасць за тое, што нарэшце знікне “вужатнік” па суседству з нашым дзіцячым садам. Гэта ж сапраўднае “міннае поле” ад фекалій дамашніх жывёлін ды смецця, якое пастаянна ўмудраліся сюды выкідваць неахайныя жыхары. Па-другое, наша тэрыторыя зменшылася ўсяго на 15 квадратных метраў. Ну што такое 15 квадратаў для велізарнай тэрыторыі ўстановы? Нам проста дапамаглі выраўняць агароджу, за што асобны дзякуй, – расказала Вольга Канстанцінаўна. – Больш таго, лічу, што дзіцячаму саду і яго выхаванцам казачна пашанцавала.

Будаўнікі з ПМК-19, якія па суседству ўзводзяць дом, паабяцалі адрамантаваць альтанку, аднавіць пляцоўку для заняткаў фізкультурай і навучання нашых дзетак правілам дарожнага руху. На тэрыторыі паявяцца новыя дарожкі, будзе заасфальтаваны цэнтральны пад’езд, спланаваны кветнікі і клумбы, куды ўжо зараз прывезлі чарназём… Усяго не пералічу. Я веру начальніку калоны Фёдару Бірыла. Яго падначаленыя некалькі год таму займаліся рамонтам даху на будынку дзіцячай установы і з таго часу дапамагаюць нам як самыя сапраўдныя шэфы. А што да незадаволеных… Я так даўно тут працую, што памятаю, як на тэрыторыі менавіта нашага дзіцячага сада ўзводзілі жылы дом, які сёння размешчаны па адрасе Чырвоная,133. Чамусьці тады незадаволеных будаўніцтвам сярод яго патэнцыяльных жыхароў не было, хаця тэрыторыя “Крынічкі” зменшылася больш як на палову. Проста ў той час горад развіваўся шпарка, лю-дзям вельмі патрэбна было жыллё, і ўсе гэта падтрымлівалі. Няхай зразумеюць, што дах над галавой сёння патрэбен не менш, чым тады.

Акалічнасць гэтую ведаюць раённыя ўлады. Менавіта таму ўзвядзенню жылля, а новых дамоў і кватэр сёння чакаюць у чарзе 2200 лунінчан, удзяляецца першаступенная ўвага. Акрамя шматкватэрных дамоў плануецца размясціць чарговы квартал індывідуальнай забудовы на Баханова ў раёне Навадворскай дарогі.  Сёння распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на 400 участкаў пад катэджную забудову. Ёсць свае планы ў камунальнікаў, якія абяцаюць прыкметна ўдасканаліць кветкавае ўбранства вуліц і плошчаў. А значыць, панарама нашага Лунінца будзе яшчэ больш захапляючай і прыгожай. І не толькі з вышыні птушынага палёту.

Add Comment