Трымае сувязь з землякамі

староста вичина

Для таго, каб натхняцца на новыя вяршыні, чалавеку часта бывае патрэбен прыклад для пераймання. Менавіта такім старшыня Дварэцкага cельсавета Аляксандр ВІДНІКЕВІЧ (на здымку справа) лічыць старасту Вічына Васіля КАХОВІЧА.

Васіля Васільевіча засталі на рабочым месцы. Вось ужо 35 год ён працуе электрагазазваршчыкам у СВК “Дварэцкі”. У майстэрнях у Язвінках вопытны спецыяліст займаўся рамонтам пасяўнога агрэгата.

– Ды што пра мяне расказваць? – сціпла пачаў размову вясковец. – Родам з Дварца, а з сям’ёй жыву ў Вічыне, так што мясцовых людзей ведаю не па чутках. Знаёмы з праблемамі, якія даводзіцца вырашаць землякам. Вось зараз ідзе пасадка агародаў. На маёй вуліцы жыве многа адзінокіх пенсіянерак. Часта просяць дапамагчы. Як адмовіць? Тым больш, што ёсць свой мотаблок. Калі ж не паспяваю самастойна, падключаю да справы сына Сяргея. Увогуле, з жонкай Людмілай Міхайлаўнай гадуем чацвярых дзяцей. Мікалай вучыцца ў сельгаскаледжы, Кацярына заканчвае педагагічны ўніверсітэт, а маленькі Кірыл ходзіць у 3 клас мясцовай школы.

– Гэта чалавек справы, – характарызуе Васіля Кахо-віча старшыня сельсавета. – З чым да яго ні звярнуўся б, заўсёды адгукнецца. Вялікі фронт работы зрабіў на могілках у Язвінках, Вічыне, Дварцы, Любажэрдзі. Сам абкошваў тэрыторыю, высякаў і вывозіў хмызняк. Цяпер усю ўвагу сканцэнтруе на добраўпарадкаванні помнікаў і абеліскаў. Васіль Васільевіч з’яўляецца дэпутатам сельсавета. Вяскоўцы яго паважаюць, часта  звяртаюцца за дапамогай. Прыемна, што ён усюды паспявае: і на рабоце, і дома. Вось і ў рэспубліканскім суботніку абавязкова паўдзельнічае. Заклікаю жыхароў далучыцца да важнай і патрэбнай справы!

Add Comment