У кожнага перадавіка — свой сакрэт

Для таго, каб атрымаць добры ўраджай сельскагаспадарчых культур, неабходна не толькі якасна і своечасова пасеяць, але і як след дагледзець усходы. Адной з вельмі важных тэхналагічных аперацый тут з’яўляецца падкормка азімых і траў, а таксама ўнясенне мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу.

З ранняй вясны ў дзяржаўным прадпрыемстве “Гарадоцкі” гэтай справай займаецца адзін з лепшых механізатараў Сяргей ІВАНОЎ.

сергей иванов

Яго старанню, майстэрству і ўдачы можна толькі пазайздросціць. За 10 год работы непасрэдна ў гаспадарцы здымак Сяргея не зыходзіць з Ганаровай дошкі. Яго праца была неаднаразова адзначана на самым высокім узроўні. Так, у 2005-ым на рэспубліканскіх “Дажынках” ён атрымаў  Ганаровую грамату і аўтамабіль за нарыхтоўку кармоў. Пазней перамагаў у абласным і раённым спаборніцтвах і не толькі на касьбе траў. Вось і сёлета яго прозвішча зноў паявілася ў экране лепшых на веснавых палявых работах. Гэтак жа віртуозна, як на “Ягуары”,  Сяргей працуе на іншых відах тэхнікі, сярод якіх – збожжаўборачны камбайн і трактар “Беларус-1221”.

Калі спыталі, як удаецца быць заўсёды наперадзе, ён усміхнуўся, маўляў, у кожнага перадавіка – свае сакрэты. Тайну прыадкрыла старшыня прафкама Раіса Чырэц:

– Ведаеце, калі ў яго нешта здараецца з тэхнікай, каб адрамантаваць яе, можа ноч не спаць. “З-пад зямлі” знойдзе патрэбную запчастку, адрамантуе і зноў – у поле. Часам дзіву даешся, адкуль у яго толькі сілы на такую незвычайную  працавітасць!

Сяргей Георгіевіч толькі  дадаў:

– У цяперашніх маіх справах – выдатныя памочнікі: вадзіцель Аляксей Шуляк, які не падводзіць з падвозкай тукаў, паляводы Іван ГРЫЦКЕВІЧ і Кацярына ФАРАСЦЬЯНАВА. Яны хутка загружаюць “лейку”, не дапускаючы прастояў тэхнікі.

городокский 2016

А яшчэ Сяргей Іваноў  выказаў думку, што пры падвядзенні вынікаў работы за год павінен быць крыху іншым падыход да вылічэння выпрацоўкі. Ёсць шмат старанных трактарыстаў, якія выконваюць штодзённую работу, але заняты не на такіх адказных участках. Яны таксама годныя быць на Дошцы гонару гаспадаркі. Пераможцаў, магчыма, варта было б вызначаць па групах.

У дзень наведвання “Гарадоцкага” Сяргей заканчваў падкормку сенажацяў і пашы і ўжо будаваў планы, як будзе працаваць на ворыве глебы пад яравыя культуры. Калі пачнецца нарыхтоўка кармоў, зноў перасядзе на “Ягуар”. А марыць працаўнік пра новы корманарыхтоўчы камбайн, на які  ў гаспадарцы каторы год ужо не хапае грошай. Хочацца спадзявацца, што збярэ сёлета “Гарадоцкі”  багаты ўраджай, і ў яго хопіць сродкаў, каб мара ажыццявілася.

Add Comment