Улюблёныя ў народную песню

суничка

На базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” прайшоў
ХІІ рэспубліканскі конкурс фальклорных калектываў “Юныя таленты Беларусі”. Брэсцкую вобласць прадставіў узорны фальклорны ансамбль Вулькаўскай 1 СШ «Сунічка».

Калектыў падрыхтаваў два абрады – «Гуканне вясны» і «Троіца», а таксама танцы і песні роднай мясцовасці. Хаця ў мерапрыемствах прынялі ўдзел 14 фальклорных ансамбляў рэспублікі, галоўны прыз – сярэбраны зубр і дыплом I ступені – папоўніў скарбонку ўзнагарод юных артыстаў з Вулькі 1.

– Стараліся ўсе без выключэння. Выступілі проста выдатна. Адпрацавалі на 100 працэнтаў і прадэманстравалі ўсе свае ўменні, – расказаў кіраўнік Уладзімір Калянковіч. – Неаднаразова станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў розных узроўняў. Выконваем у асноўным рэгіянальны фальклор. Мясцовыя жыхары з радасцю дзеляцца музыкай, песнямі, абрадамі. Роднае заўсёды застаецца запатрабаваным. У «Зубраняці» разам са сваімі выхаванцамі правялі майстар-клас на тэму «Дзейнасць фальклорнага ансамбля на аснове рэгіянальных традыцый».

Дарэчы, сёлета калектыў адзначае 25-годдзе. Заснаваны ў верасні 1991-га, ганаровае званне “Узорны” атрымаў у 2000-ым. На сённяшні дзень ансамбль налічвае 15 удзельнікаў. З імі працуюць акампаніятар Людміла Калянковіч і харэограф  Ганна Лазько. Аснову рэпертуару складаюць,  у пераважнай большасці,  апрацоўкі песень і танцаў Палесся. Хлопчыкі і дзяўчынкі выконваюць самабытныя танцы: «Каробачка», «Нарэчанька», «Полька-абдымуха», «Падыспань», «Шахцёр», «Спацэр». Музычна іх суправаджаюць: скрыпка, баян, дудачкі, ліра, трашчоткі, каробачкі, бубны.

Штогадовыя фальклорныя музычныя экспедыцыі  дапамагаюць   захоўваць і аднаўляць мясцовыя старажытныя песенныя і танцавальныя традыцыі. Характэрнай асаблівасцю калектыву з’яўляецца тое, што ўдзельнікі выступаюць у адзенні сваёй мясцовасці, чым перадаюць непаўторнасць і самабытнасць малой радзімы.

Ансамбль прымае актыўны ўдзел у фестывалях, конкурсах, аглядах дзіцячай творчасці, якія праводзяцца на тэрыторыі раёна і за яго межамі. Часта быў першым сярод тэатральных калектываў. Удзельнічаў у тэлемарафоне “Дзеці Чарнобыля” ў Мінску, а таксама ў агля-дзе калектываў “Тэатральнае Палессе”. Пастаянна  выступаў на лунінецкім фестывалі “Волянскі строй”.

Add Comment