Дарогамі памяці

IMG_7569

Дарогамі памяці прайшоў аўтапрабег па месцах баявой славы Лунінеччыны. Наведваючы помнікі ў райцэнтры, Мікашэвічах, Цне і Язвінках, удзельнікі мерапрыемства да кожнага мемарыяла ўсклалі кветкі.

Калона аўтамабіляў, упрыгожаных святочнымі плакатамі, паветранымі шарамі, беларускімі флагамі і стужкамі, у суправаджэнні ДАІ рушыла ад райвыканкама. Спачатку накіраваліся да помнікаў ахвярам фашызму ў Лунінцы. Тут ва ўрачыстай атмасферы старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Жураўлёў уручыў членскія білеты новым актывістам руху, а таксама павіншаваў прысутных з надыходзячым святам.

Пад стылізаваным помнікам у выглядзе самалёта непадалёк ад аўтазаправачнай станцыі старшыня Лунінецка-Ганцавіцкай структуры ДТСААФ Барыс Гнедзька нагадаў біяграфію Героя Савецкага Саюза Мікалая Давыдава, які трагічна загінуў у мірны час, ратуючы горад і жыхароў. Пасля сімвалічных ружэйных залпаў рушылі далей.

На плошчы Каржа ў Мікашэвічах гасцей сустракалі самымі цёплымі і шчырымі словамі. Ветэран Вялікай Айчыннай Павел Дабрынец прыгадаў, як цяжка жылося ў час акупацыі, як вайна прымусіла рана развітацца з дзяцінствам. Да помніка ляглі вянкі…

Кароткім і яркім было жыццё мікашэвіцкага хлопца Аляксандра Зайчанкі, які загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Пра тое, наколькі важна захоўваць памяць аб наступствах вайны, людзях, што загінулі ў час баявых дзеянняў, і чалавечым горы, расказалі вучні школы, дзе ў свой час вучыўся Саша.

У Цне чакалі пачатку мітынгу каля помніка ахвярам фашызму. Здаецца, усе яе жыхары ад малога да вялікага прысутнічалі на сустрэчы. Велічны бронзавы манумент нібы абараняе спакой пахаваных тут герояў. Школьнікі чыталі вершы аб мужнасці, подзвігу, каханні…

У Язвінках гасцей вітаў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Аляксандр Віднікевіч. Ён павіншаваў землякоў з 71-ай гадавінай вызвалення, выказаў сардэчную ўдзячнасць ветэранам і ўсім, хто каваў Перамогу. Вучні мясцовай школы адрасавалі прысутным патрыятычныя песні.

Наступным прыпынкам стаў Курган Бессмяротнасці ў Лунінцы. Намеснік старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Канстанцін Гоман прыгадаў тых, хто аддаў свае жыцці дзеля Перамогі. Цудоўны літмантаж падрыхтавалі юныя лунінчане. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых.

Завяршыўся аўтапрабег ускладаннем вянкоў да помніка воінам-інтэрнацыяналістам у райцэнтры. Цёплыя словы для ўсіх знайшоў намеснік старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Рамановіч. Памяць пра Перамогу бязмежная, бестэрміновая і невычэрпная…

IMG_7604 IMG_7639 IMG_7640 IMG_7661 IMG_7666 IMG_7688 IMG_7695 IMG_7706 IMG_7710 IMG_7739 IMG_7761

Add Comment

Войти с помощью: