“Мая сям’я — мой храм духоўны!”

моя семья мой храм 01

Пад такой назвай у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН прайшоў “круглы стол”. Вызначыць значэнне сям’і, як духоўна-маральнага падмурка жыцця чалавека, запрасілі свяшчэннаслужыцеляў праваслаўных храмаў: Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх у Краснай Волі – іерэя Алексія Ільючыка, Спаса-Прэабражэнскага ў Язвінках – іерэя Сергія Чыжа, а таксама псіхолага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Людмілу Шэстак (на здымку).

Усіх шчыра павітала загадчыца аддзялення Святлана Філіновіч, якая ўручыла прысутным тэматычныя брашуры. Першым узяў слова Сергій Чыж. Ён параўнаў сям’ю з домам. Прыходзячы да яго ганку, мы ўсе шукаем дзверы – не лезем праз акно ці дымаход. Апошнім часам, на жаль, даводзіцца канстатаваць, як сучаснікам хочацца парушыць гэтыя спрадвечныя асновы і ўсё зрабіць па-свойму. Заклікаў аднолькава адносіцца да сыноў і нявестак, дачок і зяцёў. Здараецца так, што ў пэўных жыццёвых праблемах старэйшае пакаленне не проста падказвае шляхі іх вырашэння, а настойвае на іх. Такі падыход ва ўзаемаадносінах няправільны, нават можа прывесці да развалу маладой сям’і. Таму ўсе парады бацькоў трэба ці прыняць, ці адмовіцца ад іх, ці паспрабаваць падкарэкціраваць. Толькі разуменне і шчыры сумесны дыялог па высвятленню прэтэнзій могуць захаваць працяглае існаванне “ячэйкі грамадства”.

Яшчэ адзін аспект скасаванняў шлюбаў – пагоня за “доўгім рублём”. Паездкі на заробкі ў іншыя краіны часта ставяць кропку ў адносінах: перамена месца працаўладкавання супадае з пошукам новых партнёраў. Нельга матэрыяльныя даброты ставіць вышэй за сямейныя каштоўнасці. Як бы цяжка ні даводзілася, трэба жыць, як атрымліваецца, але імкнуцца да лепшага.

З гэтым згадзіўся і Алексій Ільючык, пазнаёміўшы ўдзельнікаў “круглага стала” з іерархіяй, якая павінна панаваць у кожным доме. На вялікі жаль, у большасці сем’яў самы галоўны той, хто маладзейшы за ўсіх. Яму купляюць і цацкі, і вопратку, і цукеркі, толькі б дзіця не плакала. А неабходна, каб на першым месцы быў Бог, на другім – бацькі, на трэцім – бабулі і дзядулі, на чацвёртым – старэйшыя браты і сёстры, на пятым – я, і толькі потым – самыя малодшыя. У адваротным выпадку сям’я будзе хісткай.

Псіхолаг ТЦСАН Людміла Шэстак параіла прысутным дапамагаць у выхаванні ўнукаў, але ні ў якім разе не ўмешвацца ў канфлікты сыноў і нявестак, дачок і зяцёў у плане выхавання малодшага пакалення, пытанняў арганізацыі быту, хатняй гаспадаркі. Зразумела, можна даць пэўныя рэкамендацыі, як справіцца з часовымі цяжкасцямі, але апошняе слова павінна быць за маладымі.

Актыўна падключыліся да дыскусіі лунінчанкі Тамара Нікалаевіч, Ніна Сідаровіч, Ганна Аляшкевіч і інш. Прыгожыя ўласныя вершы на беларускай мове прачытала Марыя Міснікава, на рускай – Ніна Нікіцюк. Сустрэча завяршылася цёплым віншаваннем свяшчэннаслужыцеляў у адрас усіх з нагоды ўшанавання Рускай праваслаўнай царквой святых жанчын-міраносіц. Няхай іх пажаданне несці мір свету, сваёй сям’і, дамашняму ачагу абавязкова знойдзе ўвасабленне ў жыцці.

моя семья мой храм 02
НА ЗДЫМКУ (злева направа): Ніна Сідаровіч, Тамара Нікалаевіч, Вольга Дараховіч, Надзея Ігнаткевіч, Зінаіда Басіна і Ніна Аляшкевіч.

 

Add Comment

Войти с помощью: