Незвычайная вёска Багданаўка…

богдановка 06

Цяпер ехаць у Багданаўку – адно задавальненне. Яшчэ колькі год таму напрацягу ўсёй дарогі ад “бетонкі” да вёскі давялося б глытаць пыл гравійкі. Зараз пад колы мякка сцелецца новая асфальтаванка. У 2013-ым дарога да аднаго з самых аддаленых населеных пунктаў раёна была добраўпарадкавана. З абласнога бюджэту на гэтыя мэты ў тагачасных цэнах выдаткавалі больш як 18 мільярдаў рублёў.

Такая адметная акалічнасць быццам дысцыплінавала Багданаўку, якая, здаецца, і сама пачала імкнуцца выглядаць больш дагледжана і прыстойна. Так ці інакш, сёння тут радуюць вока мноства дыхтоўных сядзіб, упрыгожаных кветнікамі. Прыкладам добраўпарадкаванасці служаць тэрыторыі вакол мясцовых сярэдняй школы і дзіцячага сада, Дома культуры і амбулаторыі.

Гэта, аднак, абсалютна не паў-плывала на самабытнасць паселішча, якое па-ранейшаму славіцца размераным укладам, працавітасцю людзей, адлюстраванай у шматлікіх рамёствах, ды мясцовай гаворкай, шчодра прыпраўленай украінскім акцэнтам. Пабываўшы тут, пачынаеш разумець, што нідзе ў іншай мясцовасці не маглі паявіцца драўляны веласіпед, самабытныя гліняныя цацкі-свістулькі  і духмяныя венікі для лазні, якія па водару могуць паспрачацца з самым шыкоўным букетам. Багданаўка – незвычайная вёска.

Зрэшты, незвычайнасці ёй надаюць не толькі знешнія атрыбуты, але і праблемы. І найпершая з іх – занятасць насельніцтва. Беспрацоўе не так востра заяўляе пра сябе ўлетку, калі шмат работы на агародах, а навакольныя лясы вабяць грыбамі, ягадамі і лекавымі зёлкамі. Для багданаўцаў мець ад гэтага дадатковы заробак – справа звычная. За сезон толькі чарніц яны прадаюць да 60 тон. Горш узімку, калі рукі прагнуць занятку, а яго знайсці няпроста. З больш як паўтаратысячнага насельніцтва Багданаўкі 736 – працаздольнага ўзросту. З іх каля 500 (!) не маюць пастаяннай работы. Без працы яны, вядома, не сядзяць, шукаючы заробкі за межамі раёна, вобласці і нават краіны. І ўсё ж, многія, вядома, аддалі б перавагу аседласці, а не бадзячаму ладу жыцця. Між тым, пастаянную работу тут прапаноўваюць мясцовае дзяржаўнае сельскагаспадарчае прадпрыемства з аднайменнай назвай, лясніцтва, лесахімучастак ды традыцыйныя для вёскі аб’екты сферы абслугоўвання. Выбар небагаты, ды і вольных месцаў там даўно няма.

На праблеме занятасці асаблівую ўвагу акцэнтаваў старшыня сельвыканкама Сяргей Фурсевіч, які  сваім выступленнем даў пачатак “Дню адкрытага пісьма”, што ў аўторак, 24 мая, ладзіўся ў Багданаўцы. Акрамя іншага, расказаў кіраўнік вясковай “вертыкалі” пра добраўпарадкаванне, у якім актыўна дапамагаюць землякі-прадпрымальнікі, нагадаў пра неабходнасць пракладкі водаправода ды пра тое, што багданаўцы з нецярпеннем чакаюць газіфікацыі роднай вёскі. Гэтыя выгоды закліканы яшчэ больш цывілізаваным зрабіць жыццё на зямлі, якое і без таго нярэдка нагадвае гарадское.

Сведчыць пра гэта, перш за ўсё, пастаяннае змяншэнне колькасці дамашняй жыўнасці на падворках. Уявіце, на ўсю вялікую Багданаўку сёння ўсяго 59 кароў. Некаторыя гаспадары ахвотней трымаюць коней, якіх 69. “У старых трымаць вялікую дамашнюю гаспадарку не заўсёды стае сіл, а маладыя асабліва “напінацца” не імкнуцца”, – сумна канстатаваў Сяргей Віктаравіч.

“Ды і навошта старацца, калі ўсё можна купіць у магазіне? Значыць, не кажыце, што ў Багданаўцы людзі дрэнна жывуць,” – рэзюмаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Ён жа з характэрнай праматой і бескампраміснасцю павёў гаворку пра нізкія заробкі ў гаспадарцы: “Трэба разумець, як працуеце, так і атрымліваеце, – звярнуўся Аляксандр Мікалаевіч да сабраўшыхся ў мясцовым Доме культуры. – Па вялікаму рахунку, у вас нават не гаспадарка, а брыгада. Надоі невысокія, шчыльнасць жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў – адна з самых нізкіх у раёне, ураджайнасць пакідае жадаць лепшага… Калі “Багданаўка” застанецца стратнай, то яна і насамрэч у якасці вытворчага ўчастка будзе далучана да іншай гаспадаркі”. Такая перспектыва не дужа абрадавала работнікаў дзяржаўнага прадпрыемства і іх кіраўніка Сяргея Мелюха. А вось ці здолеюць вясковыя аграрыі мабілізавацца на выніковую працу, пакажа час, якога засталося не так і шмат, – прыкладна да верасня гэтага года.

Сустракаючы дырэктара мясцовай СШ Алену Ярмольчык, кіраўнік раёна падзякаваў ёй за прыгажосць і густ, якія пануюць на тэрыторыі навучальнай установы. Варта сказаць, што знешні глянец мясцовыя педагогі падмацоўваюць добрымі вынікамі работы. Прыкладна паўтара дзясятка працэнтаў са 180-ці вучняў маюць высокі ўзровень ведаў, 33 – сярэдні, астатнія – дастатковы. Сярэдні бал атэстата выпуск-нікоў – 8,1. Не дзіўна, што тут традыцыйна высокая паступальнасць на бюджэтныя месцы ў ВНУ, прычым у дастаткова прэстыжныя. З года ў год прыкметная колькасць выпускнікоў выбіраюць прафесію ўрача. Шкада, што ў роднай вёсцы яны затрымацца не спяшаюцца. Галоўны ўрач амбулаторыі Людміла Матусевіч – таксама “прыязджаючы” спецыяліст: штодня дабіраецца на працу з Палескага.

Людміла Іванаўна расказала, што медустанова разлічана на 40 наведванняў у змену. У гарачы вясенне-летні час лячыцца жыхары Багданаўкі не любяць, а вось зімой на ложкі дзённага стацыянара нават назіраецца чарга. Для пацыентаў – неабходны спектр медыцынскіх паслуг. Ёсць лабараторыя, фізіятэрапеўтычны кабінет, тройчы на тыдзень прыязджае зубны фельчар. Заўсёды гатова выехаць на выклік машына “Хуткай дапамогі”. І ўсё ж, як ні змагаюцца медыкі з распаўсюджанымі хваробамі сістэмы кровазвароту, неўралагічнымі і анкалогіяй, здавацца яны не спяшаюцца, адмоўным чынам уплываючы на дэмаграфічную сітуацыю. Вось і ў дзень правядзення сустрэчы Багданаўку напаткала сумная вестка – не стала кіраўніка спраў сельвыканкама Марыі Ананьеўны Бяляк. Яе памяць прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

Дарэчы, менавіта Марыя Ананьеўна прымала самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да правядзення “Дня адкрытага пісьма”. Вось толькі праблемы, якія турбуюць землякоў, ужо абмяркоўвалі без яе…

А беды ў багданаўцаў такія ж, які і ў многіх іншых вяскоўцаў. Турбуюць іх праблемы добраўпарадкавання вуліц і дарог. Многія з іх маюць асфальтавае пакрыццё, на аднаўленне якога грошай пакуль не стае. А вось гравійныя і пясчаныя будуць падсыпацца і грэйдзіравацца, згодна з графікам, – прыкладна 1 раз у квартал.

Што да газіфікацыі, то тут перспектывы больш абнадзейваючыя. “Блакітнае паліва” плануецца падвесці ў Багданаўку ў 2019 годзе. За два гады, што засталіся да чаканай падзеі, жыхарам вёскі трэба навесці парадак у дакументацыі, паклапаціўшыся пра афармленне дзяржаўных актаў на зямлю і тэхнічных пашпартаў на пабудовы.

Паабяцалі жыхарам вёскі навесці парадак у вывазе камунальных бытавых адходаў. Тэхніка, вядома, мае ўласцівасць псавацца, але абавязак 1 раз у тыдзень забіраць адходы з кантэйнераў будзе пад строгім кантролем. Ды і самі ёмістасці для смецця даўно наспеў час прывесці ў належны выгляд. “Людзі плацяць за паслугу, значыць, будзьце добрыя прадастаўляць яе якасна і своечасова”, – запатрабаваў Аляксандр Пачко ад камунальнікаў.

Па запэўніванню дырэктара лясгаса Вячаслава Торчыка, абсалютна няма праблем з самастойнай нарыхтоўкай дроў. Пісьмовая заява ў Багданаўскае лясніцтва – і праз два дні будзе падабраны ўчастак з наступнай выдачай дазволу на нарыхтоўку паліва. Аб’ём драўніны, адпускаемай па ордэру, – не больш як 15 кубічных метраў на заяўляльніка.

Па запыту жыхароў Багданаўкі станоўча вырашана пытанне з усталяваннем на чыгуначным вакзале  станцыі Лунінец аўтаматычных камер для захоўвання багажу. Металічныя секцыі паявяцца да канца гэтага года.

Паўжартоўна адказаў старшыня райвыканкама на просьбу аб добраўпарадкаванні дарогі, якая злучае Багданаўку і вёску Камень Пінскага раёна. Маўляў, паколькі дарога з’яўляецца палявой і на балансе ніводнай з арганізацый нашага і суседняга раёна не значыцца, то самы час далучыць да высакароднай справы хлопцаў з Каменя, якія ходзяць да багданаўскіх дзяўчат. Калі ж сур’ёзна, то трэба зразумець, што лішніх грошай у бюджэце зараз няма, а таму і расходаваць іх даводзіцца вельмі ашчадна і толькі на самыя неабходныя патрэбы.

Увогуле, на працягу ўсёй сустрэчы панавала ў зале атмасфера добразычлівасці і разумення. Развітваючыся з жыхарамі аддаленай палескай вёскі, гэта асаб-ліва адзначалі старшыні: райвыканкама – Аляксандр Пачко і райсавета – Віктар Рафаловіч, які да таго ж, прадстаўляе інтарэсы багданаўцаў у дэпутацкім корпусе Лунінеччыны.

богдановка 01 богдановка 02 богдановка 03 богдановка 04 богдановка 05

Add Comment

Войти с помощью: