Першая дамашняя перамога

гранит

Яна прыйшла да “Граніта” ў 8-ым туры нацыянальнага чэмпіянату ў вышэйшай лізе.

Амаль па адным сцэнарыі развіваліся падзеі ў пачатках абодвух таймаў. У першым – на 3-яй хвіліне “гранітавец” Дзмітрый Юсаў забіў першы мяч у матчы, а на 47-ай хвіліне ігрок “Слуцка” зраўняў лік. Паядынак атрымаўся напружаным. Сапернікі неаднаразова мелі магчымасці вызначыцца, але то штанга выратоўвала, то галкіперы, то нападаючы прамахваліся з выгадных пазіцый. І ўсё ж у гэты дзень удача была на баку мікашэвіцкай каманды. На 73-яй хвіліне пасля розыгрышу стандарта Цярэнцій Луцэвіч вывеў “гранітаўцаў” наперад – 2:1. З такім лікам сустрэча і закончылася.

Даючы ацэнку гульні, галоўны трэнер “Граніта” Валерый Бахно сказаў:

– Хацеў бы, у першую чаргу, павіншаваць нашых балельшчыкаў з першай дамашняй перамогай. Доўга мы да гэтага ішлі і прыйшлі ў цяжкім паядынку. Ведалі, што “Слуцк” – годны сапернік, таму вельмі сур’ёзна рыхтаваліся. Першы тайм правялі ўдала. У другім – стала крыху паскладаней, сапернік камбінаваў, нападаў. Адна з такіх атак закончылася голам. Разлічвалі на стандарт, які ў выніку і прынёс нам перамогу ў гульні з вельмі добрай камандай.

Галоўны трэнер «Слуцка» Вячаслаў Грыгараў:

– Паражэння мы не заслугоў-валі. Лічу, быў вельмі годны паядынак, шмат момантаў, нас падвяла рэалізацыя. Спадзяюся, што ў наступных гульнях пашанцуе больш. Віншую сапернікаў, але не з перамогай, а як добрую каманду, у якой не адзін год правёў у якасці іграка.

Add Comment