Права на сямейны капітал

Права на сямейны капітал уведзена ў Беларусі з 1 студзеня 2015 года Указам Прэзідэнта краіны №572 ад 09.12.2014 г. “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей”. Хто ім можа скарыстацца і куды трэба звярнуцца, расказвае дырэктар Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара ПАТУРАЙ:

– Сямейны капітал прадастаўляецца пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга ці наступных дзяцей, у выглядзе адзінаразовага пералічэння сем’ям безнаяўных грашовых сродкаў у памеры 10 тысяч долараў ЗША. Названым вышэй заканадаўчым дакументам вызначаны 5 накірункаў іх выкарыстання: паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі і паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў – у няпоўнай. Права на распараджэнне “сямейным капіталам” узнікае праз 18 год з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я набыла права на яго назначэнне. Датэрмінова грошы могуць расходавацца на атрыманне членам (членамі) сям’і платных медыцынскіх паслуг, што аказваюць арганізацыі аховы здароўя ў парадку і па пераліку, вызначанымі Міністэрствам аховы здароўя (пастанова №24 ад 06.03.2015 г.).

– Хто можа разлічваць на выплаты?

– Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, – маці (мачаха) у поўнай сям’і, адзін з бацькоў – у няпоўнай, усынавіцель (удачарыцель) пры захаванні наступных умоў: пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга ці наступных дзяцей у перыяд не раней як 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года ўключна. Неабходна, каб з улікам нованароджанага, усыноўленага (удачаронага) у сям’і выхоўваліся не менш як тры дзіцяці ва ўзросце да 18 год. Пражыванне пацвярджаецца рэгістрацыяй па месцы жыхарства на падставе адпаведнай даведкі і аб саставе сям’і альбо копіі разліковага рахунка, якую выдаюць арганізацыі, што ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (ці) прадастаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі.

– Як вызначаецца статут сям’і?

– Усё залежыць ад даты нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей, калі набываецца права на капітал. Калі шлюб зарэгістраваны, сям’я поўная, калі не – няпоўная. У яе саставе ўлічваюцца маці (мачаха), бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), дзеці да 18 год, пастаянна пражываючыя ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку ўсыноўленыя (удачароныя), пасынкі і падчарыцы. Пры раздзельным пражыванні дарослых, якія скасавалі шлюб ці яго не рэгістравалі, нашчадкі ўлічваюцца ў сям’і таго, дзе яны выхоўваюцца. Не будуць брацца ў лік сыны і дачушкі, у адносінах якіх матулі і таты (або адзіны) пазбаўлены бацькоўскіх правоў, там, дзе ўстаноўлена апека (папячыцельства), адабраныя з сям’і ці ў выпадку адмовы ад іх.

– Колькі ёсць часу ў грамадзян для звароту за капіталам?

– Тэрмін складае 6 месяцаў з дня нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга ці наступных дзетак. Паўгода даецца і для адкрыцця дэпазітнага рахунку ў падраздзяленнях ААТ “АСБ “Беларусбанк”.

– Куды і якія дакументы неабходна прадаставіць?

– У мясцовы выканаўчы і распарадчы орган. Пры сабе мець пашпарт, заяву, пасведчанні: аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей, улічваемых у складзе сям’і, аб рэгістрацыі шлюбу і дакумент, які засведчвае асобу мужа/жонкі – у поўнай сям’і; аб смерці мужа/жонкі, копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу ці іншыя дакументы, якія пацвярджаюць катэгорыю няпоўнай сям’і; копію рашэння суда аб усынаўленні – для усынавіцеляў; пагадненне аб дзецях, копіі рашэнняў суда – аб вызначэнні аднаго з бацькоў, з якім пражывае дзіця (дзеці), пазбаўленні бацькоўскіх правоў, вышуквання аліментаў і г.д.

Add Comment

Войти с помощью: