Свята аматараў здаровага ладу жыцця

Мама бабушка и я

У мінулую суботу на стадыёне “Палессе” сабраліся не проста аматары спорту, а тыя, хто ў сваёй прафесійнай дзейнасці арганізоўвае і праводзіць спаборніцтвы, далучае да здаровага ладу жыцця дзяцей і падлеткаў.

Да ўдзелу ў спартакіядзе былі запрошаны калектывы СДЮШАР, басейна, лядовай арэны, політэхнічнага каледжа і РФСК “Здароўе”. У праграму спаборніцтваў уваходзілі дартс, боўлінг, скачкі на скакалцы, гарадкі, кіданне кольцаў, шахматы, шашкі, гіра.

У выніку двухгадзіннай барацьбы перамог трэнерскі калектыў СДЮШАР на чале з дырэктарам Дзмітрыем Дырда.

А на пляцоўцы ў спартыўнай школе кіпела барацьба паміж камандамі, якія выказалі жаданне паўдзельнічаць у конкурсе “Мама, бабуля і я – спартыўная сям’я”.

Ініцыятарам і арганізатарам выступілі райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі разам з саветам ветэранаў педагагічнай працы. У спартыўных эстафетах і забаўляльных конкурсах бралі ўдзел чатыры сям’і вопытных педагогаў-бабулек. У добрай фізічнай форме і цудоўным настроі падышлі да спартыўнага мерапрыемства Галіна Пятроўна Сыціна (былы загадчык яслі-сада №9 г. Лунінца) з нявесткай і ўнукам, Жанна Леанідаўна Давыдчык (выхавальнік яслі-сада №11) з сынам і яго сям’ёй, Людміла Пятроўна Яроменка (выхавальнік яслі-сада №12) з дачкой і ўнукам, Любоў Канстанцінаўна Макаед (настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №4 г. Лунінца) з дачкой і ўнукам.

У конкурсе пераможцамі сталі ўсе, хто ў гэты дзень дэманстраваў свае хуткасць, спрыт, кемлівасць. І ўсё ж самую большую колькасць балаў набрала сям’я Давыдчык. Падарункі і дыпломы ў розных намінацыях (самая дружная, самая згуртаваная, самая энергічная сям’я) уручыла старшыня прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч:

– Свята дало зарад бадзёрасці, аптымізму ўсім, у тым ліку і балельшчыкам. А самыя маленькія ўдзельнікі могуць ганарыцца сваімі бабулямі і браць з іх прыклад у актыўным і здаровым ладзе жыцця.

Add Comment