Знайсці індывідуальны падыход

карлюк

Дзейнасць суб’ектаў гаспадарання па прафілактыцы наркаманіі сярод непаўналетніх і вучнёўскай моладзі прааналізавана ў пракуратуры Лунінецкага раёна. Якія парушэнні заканадаўства выявіліся, расказвае пракурор Аляксандр КАРЛЮК:

– Вось ужо колькі год запар адной з негатыўных сацыяльных з’яў на Лунінеччыне застаецца незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Так, колькасць грамадзян, якія стаяць на ўліку ва ўстановах аховы здароўя ці дапускаюць немедыцынскае ўжыванне, па стану на 01.05.2016 г. складае 73 чалавекі, з іх 7 – непаўналетнія. Разам з тым, летась на тэрыторыі рэгіёна зарэгістравана 48 злачынстваў разглядаемай катэгорыі, прычым 3 факты ўчынены падлеткамі.

На Лунінеччыне дзейнічаюць дзяржаўныя органы і арганізацыі, якія ўваходзяць у сістэму прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў. Аднак вынікі аналізу сведчаць, што іх работа, у прыватнасці гарсельвыканкамаў, устаноў адукацыі, камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, па-ранейшаму малаэфектыўная і не садзейнічае дасягненню пастаўленых мэтаў. Пэўнай крытыцы можна падвергнуць фармальныя адносіны да ўзнятай праблемы ў Мікашэвіцкім гарвыканкаме, дзе ў мінулым годзе на адным з пасяджэнняў разгледзелі пытанне аб прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, наркаманіі і венерычных захворванняў сярод насельніцтва. Сітуацыю прызналі дастаткова напружанай, але не прынялі, на жаль, ні аднаго канкрэтнага рашэння, за выключэннем даручэнняў усім суб’ектам працягваць інфармацыйна-адукацыйную работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Гэты прыклад яскрава сведчыць аб пасіўным падыходзе да вырашэння сур’ёзнай праблемы.

Зрэшты, асобныя ўпушчэнні сустракаюцца ў дзейнасці раённай камісіі па справах непаўналетніх, якая недаравальна ігнаруе праверкі па пытанню прадухілення наркаманіі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У 2015-ым іх навучэнцы ўчынілі 3 злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў. Прыкра, але прычыны і ўмовы, што садзейнічалі гэтым правапарушэнням, не высвятляліся, прадстаўленні ў дзяржаўныя органы не ўносіліся, станоўчы вопыт іншых суб’ектаў прафілактыкі не абагульняўся і не браўся, так бы мовіць, на “ўзбраенне”.

– Дык што спрыяе распаўсюджванню наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі?

– Неналежны ўзровень індывідуальнай прафілактычнай работы з асобамі, якія ўжываюць наркатычныя сродкі і ўчыняюць злачынствы ў сферы іх абароту. Прычым, істотна палепшыць дзейнасць неабходна з боку супрацоўнікаў ІСН РАУС, таму што існуе некалькі прыкладаў, дзе інспектары фармальна выконвалі свае абавязкі не толькі ў адносінах да тых падлеткаў, што стаяць на ўліку, але і іх так званых “сяброў”. Часта патэнцыяльныя парушальнікі не праяўляюць інтарэсу да вучобы, прапускаюць заняткі без уважлівых прычын. Калектывам каледжаў таксама варта кантраляваць паво-дзіны навучэнцаў, па магчымасці прыцягваць іх да грамадска-карысных і пазакласных мерапрыемстваў.

– Якое выйсце бачыце з трывожнай сітуацыі?

– Дзейнасць па прадухіленню доступу непаўналетніх да псіхатропных рэчываў трэба разглядваць у якасці адной з першачарговых задач эфектыўнай прафілактыкі п’янства і наркаманіі. Гарсельвыканкамам не ўпускаць з віду работу ў дадзеным напрамку. Камісіі па справах непаўналетніх неабходна прыняць усе меры, каб на належным узроўні рэалізоўваць свае аналітычныя, кантралюючыя і каардынуючыя функцыі. Вельмі многае будзе залежаць і ад работы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама калектываў нашых каледжаў.

 

Add Comment

Войти с помощью: