Аб парадку правядзення дэнамінацыі ў Рэспубліцы Беларусь

деноминация 2016

Так гучала тэма семінара, які днямі адбыўся ў вялікай зале райвыканкама.

Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч, адкрываючы мерапрыемства, спыніў увагу на асноўных палажэннях Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №450 ад 4 лістапада 2015 года “Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь”. Згодна з ім, з 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года ў абароце будуць знаходзіцца грашовыя знакі ўзору 2000 і 2009 гадоў. Што датычыць новых грашовых адзінак, то гэта – 7 наміналаў банкнот і 8 наміналаў манет. З формамі табліц перакладу грашовых знакаў “старых” на новыя можна азнаёміцца на сайце Міністэрства гандлю, дзе таксама змешчана шмат карыснай інфармацыі па вызначанай тэме. Паведамляла пра гэта і раёнка (“ЛН” №39 за 27.05.)

Аб парадку ажыццяўлення рознічнага гандлю і аказання паслуг у перыяд дэнамінацыі расказала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Наталля Марозава. Яна засяродзіла ўвагу на афармленні цэннікаў, акругленні цэн (тарыфаў).

Паводле інфармацыі Нацыянальнага банка, з 1 ліпеня 2016 года ўсе аперацыі ў беларускіх рублях з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак, якія ажыццяўляюцца з дапамогай плацежных тэрміналаў, будуць праводзіцца ў беларускіх рублях і капейках, код валюты аперацыі – у адпаведнасці з Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі  Беларусь АКРБ 016-99 “Валюты” – літарны “BYN” ці лічбавы “933”.

Начальнік лунінецкага ўчастка ААТ “Брэстгандальтэхніка” Сяргей Бярозка расказаў пра магчымыя варыянты работы касавага абсталявання, у тым ліку з падключаным да яго плацежным тэрміналам. У перыяд з 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года магчыма прымяненне  касавага абсталявання ў любым рэжыме работы (“рублі” ці “рублі, капейкі”). Суб’екты гаспадарання самастойна вызначаюць яго ў пераходны перыяд у залежнасці ад тэхнічнай магчымасці выкарыстоўваемага касавага абсталявання і гатоўнасці ўсёй праграмнай інфраструктуры аб’ектаў.

Разам з тым, як запэўніў Сяргей Міхайлавіч, перавод касавага абсталявання на работу ў новым маштабе плануецца правесці ў максімальна сціслыя тэрміны. Усяго ў нашым раёне перапраграмаваць давядзецца прыкладна 1300 адзінак тэхнікі. Працэдура – бясплатная. Невялікіх выдаткаў патрабуе толькі галаграма. Да 28 чэрвеня ўсё абсталяванне падрыхтуюць для пераводу на новы рэжым работы, які будзе ажыццяўляцца паэтапна.

Асаблівая ўвага была звернута на разлікі з пакупнікамі. Так, пры прымяненні з 1 ліпеня касавага абсталявання, якое не пераведзена на работу ў новым маштабе цэн (гэта значыць, касавае абсталяванне працуе ў рэжыме “рублі”), касавы чэк фарміруецца ў грашовых знаках узору 2000 года, а калі пераведзена – у грашовых знаках новага ўзору.

Па словах намесніка начальніка ІМПЗ па Лунінецкім раёне Віктара Пауліча, індывідуальным прадпрымальнікам знімаць з уліку касавыя апараты і паўторна іх рэгістраваць не трэба. Аднак, пры падліку выручкі варта быць вельмі ўважлівымі. У сувязі з тым, што 1 ліпеня банкі будуць працаваць толькі з юрыдычнымі асобамі, плацельшчыкам адзінага падатку варта паклапаціцца пра аплату падатку да гэтай даты. У сувязі з тым, што з гэтага ж чысла ўводзіцца механізм электронных рахункаў-фактур, плацельшчыкам падатку на дабаўленую вартасць трэба будзе падаваць дэкларацыі толькі ў электронным выглядзе.

Актыўна вядзецца работа банкамі ў апошні месяц перад дэнамінацыяй. Аб гэтым паведамілі прадстаўнікі філіялаў ААТ “АСБ “Беларусбанк” і “Белаграпрамбанк” Галіна Зыкава і Вольга Калянковіч. У прыватнасці, ва ўсе прадпрыемствы гандлю і сервісу накіраваны пісьмы з просьбай вызначыцца з неабходнай колькасцю манет і купюр для выдачы рэшты ў першыя дні з пачатку правя-дзення дэнамінацыі, зрабіўшы адпаведную заяўку. На працягу ліпеня для юрыдычных асоб абмен бясплатны, таму за гэты час варта паклапаціцца аб дастатковай колькасці манет. “Белаграпрамбанк” ужо вызначыўся з банкаматамі, якія будуць у першы дзень выдаваць купюры новага ўзору. Гэта апараты, размешчаныя ў Лунінцы ў будынках РКЦ №19 па вул. Чырвоная, 121 і банка па вуліцы Савецкая, 7. Прадугледжана, што ў іх будуць загружаны самыя дробныя купюры – 5 рублёў. Прадстаўнікі банкаў на працягу чэрвеня правядуць на прадпрыемствах гандлю і сервісу семінары па вызначэнню сапраўднасці і сродках абароны грашовых знакаў новага ўзору ад падробкі.

На гэтым жа засяродзіў увагу і оперупаўнаважаны РАУС Уладзімір Макейчык. Ён падрабязна расказаў пра вадзяныя і рэльефныя знакі, засцерагальную ніць і іншае. Заклікаў пры падазрэнні на несапраўднасць купюр націскаць “трывожную кнопку” ці звяртацца ў міліцыю. Ён жа раздаў удзельнікам семінара плакаты, якія дапамогуць прадаўцам і пакупнікам лягчэй арыентавацца ў новых грашовых адзінках. Тыя, хто не змог прысутнічаць на семінары, але лічыць неабходным мець наглядны матэрыял, могуць звяртацца ў РАУС каб.14, 15, тэл. 3-26-07.

Add Comment