Антон і Антаніна

антон и антанина

Такія імёны даволі рэдкія на Лунінеччыне. Тым больш дзіўна, што іх уладальнікі не толькі добра ведалі адзін аднаго, але і стварылі цудоўны сямейны саюз, які існаваў 62 гады. На жаль, прыходзіць ракавая хвіліна, якая разлучае любячыя сэрцы назаўсёды. Так склалася і ў лёсе Паўловічаў — Антон Усцінавіч пайшоў з жыцця амаль тры гады таму. Антаніна Канстанцінаўна засталася ў адзіноце. Яе ніколі не пакідаюць без увагі дзеці і ўнукі, але тое шчырае цяпло, якое сагравала мужа і жонку ў адносінах паміж сабой, больш не вернецца ніколі…

Нарадзілася жанчына ў 1930 годзе на хутары Барок непадалёк ад Міжлесся. Кругом лес, невялікая рачулка, якая вясной разлівалася на ўсё наваколле. Але капрызы надвор’я не перашкаджалі моладзі ладзіць вячоркі і танцы, на якія сыходзіліся госці з бліжэйшых вёсак. На такім мерапрыемстве і сустрэліся Антон і Антаніна. Сябравалі некалькі год, потым стварылі сям’ю.

Маладую жонку муж прывёз у Вульку 2, дзе некаторы час туліліся ў цеснаце невялікай хаты. Потым вырашылі будавацца. Месца для гэтага выбралі на ўскрайку вёскі на невялікім узгорку. Тут выгадавалі пяцёра дзяцей. I неслася жыццёвая дарога звілістай змейкай — калі радасна і светла, калі клапатліва і трывожна.

Не зусім звычайная гісторыя ў дачкі Ніны. Пасля заканчэння школы разам з малодшым братам паехала ў госці да цёткі ў Стаўрапальскі край. Пабылі там, пазнаёміліся з мясцовай моладдзю, і неўзабаве дадому паляцела тэлеграма: “Прыязджайце на вяселле…” Так вызначыўся лёс дзяўчыны, якая сустрэла каханне з першага позірку. Працавала на ферме, была ў ліку перадавікоў, цяпер на пенсіі. Нарадзіла двое дзяцей, дачакалася 5 унукаў. З хваляваннем успрымае магчымасць наведацца на далёкую радзіму, дзе засталіся родныя і знаёмыя.

Мікалай атрымаў адукацыю інжынера-электрыка, займаў адказныя пасады ў электрасетках. Але давялося перагледзець жыццёвыя планы пасля Чарнобыльскай катастрофы. Хвалюючыся за самаадчуванне блізкіх, разам з жонкай і дзецьмі пераехалі на Міншчыну.

Галіна таксама інжынер, усё жыццё працавала ў Лунінцы. Нядаўна дасягнула пенсійнага ўзросту і пакінула работу дзеля магчымасці больш увагі аддаваць аслабелай матулі. Здаралася, што каварная хвароба прыкоўвала самую родную жанчыну да ложка на некалькі месяцаў, патрабаваўся пастаянны догляд, а ніхто лепш за любячую дачку не зразумее простыя жаданні пажылога чалавека.

Рыгор асталяваўся ў Вульцы 1. Адсюль родам жонка, таму тут пабудавалі дом. Хоць атрымаў пенсію датэрмінова, але працягвае працаваць на заводзе “Палессеэлектрамаш”, хутка адзначыць 60-годдзе з дня нараджэння.

Трагічна склаўся лёс малодшага сына Канстанціна. Пасля інстытута пайшоў працаваць у райкам камсамола, некаторы час быў першым сакратаром тагачаснай раённай арганізацыі. Потым атрымаў адпаведную адукацыю і працаваў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Накіроўвалі на службу ў Баранавічы, Камянец, Брэст. Складаныя абавязкі выконваў адказна, але сіл хапіла не надоўга — у 49-гадовым узросце пайшоў з жыцця ад праблем з сэрцам.

Так уладкаваны свет, што адна бяда кліча за сабой другую. Смерць сына і брата падкасіла ўсю сям’ю. Не здолеў надоўга перажыць страту роднага дзіцяці Антон Усцінавіч — пахавалі праз два гады. Ён пару тыдняў не дажыў да свайго 85-годдзя. Замест святочнага стала тады накрылі жалобны.

Для Антаніны Канстанцінаўны таксама ўсё светлае засталося ў мінулым. Яно часта прыходзіць ва ўспамінах, якія доўгімі вечарамі стукаюцца ў сэрца, не адпускаючы да світанку. Не даюць магчымасці заснуць, з новай сілай прымушаюць перажываць радасці і хваляванні, якімі поўніліся неспакойныя вёсны простай вясковай сям’і на працягу дзесяцігоддзяў.

Усё свядомае жыццё было прысвечана клопатам пра хлеб. Спачатку вырошчвалі яго самастойна, з сярпом згінаючы спіну і жнучы залацістыя каласкі. Аралі поле, сеялі, даглядалі кожную культуру, клапаціліся пра дастатак на стале. З прыходам тэхнікі работа стала іншай, але заўсёды патрабавалася працавітасць і стараннасць, каб не адчуваць недахоп сродкаў на неабходнае. Малыя не адставалі ад дарослых, дапамагалі ў любой справе. Рана ўставаць і позна класціся спаць лічылася нормай у кожнай хаце.

Бацькі заўсёды імкнуліся даць дзецям добрую адукацыю. Быў час, калі ў ВНУ адначасова вучыліся ўтраіх. Тая цікавасць да ведаў дазволіла стаць стараннымі работникамі і ўмелымі кіраўнікамі. Такія ж патрабаванні малодшыя прывіваюць сваім нашчадкам, працягваючы асновы выхавання, якія былі атрыманы ад продкаў. 10 унукаў і 14 праўнукаў разляцеліся па розных куточках свету, але аднолькава, з гонарам, нясуць у сэрцах крупінку агульнай гісторыі прадзедаў.

Упачатку 1990-ых, калі дзеці пасяліліся асобна, сям’я Паўловічаў прыняла няпростае рашэнне — пераехаць на іншае месца жыхарства. Калі маладым гэта даецца лёгка, то сарвацца з абжытага кутка пенсіянерам намнога складаней. Праўда, у прапісцы змянілася не надта многае — замест Вулькі 2 асталяваліся ў Вульцы 1, каб быць бліжэй да сына і райцэнтра, дзе жыла дачка.

Цяпер, азіраючыся на мінулае, Антаніна Канстанцінаўна ўпэўнена, што яны зрабілі правільны выбар. Вёска прыгожая, жыхары — тактоўныя і ветлівыя. Было б толькі здароўе. Але часам здараліся моманты, калі ха-целася хоць на хвілінку дак-рануцца позіркам да родных краявідаў. Тады, звычайна гэта адбывалася на Вялікдзень, аўтамабіль накіроўваўся на былое паселішча. Прыязджалі праведаць знаёмых і пакланіцца пахаванням продкаў на мясцовых могілках.

Мне пашанцавала асабіста быць знаёмай з сям’ёй Паўловічаў, працяглы час жыць у адной вёсцы і непадалёк ад іх сядзібы. Заўсёды здзіўлялася выхаванасці і адукаванасці малодшых прадстаўнікоў, мудрасці і дальнабачнасці старэйшых, працавітасці і тактоўнасці кожнага. Пасля пераезду нашы сцежкі разышліся, зараз сустракаемся рэдка, але ў сэрцы засталіся шчырая павага і ўдзячнасць.

Антон і Антаніна годна прайшлі па сваёй дарозе, мужна прымаючы выпаўшыя на яе выпрабаванні. Гаспадыня кволай жаночай сілай ледзь трымаецца за жыццё, гаспадар назаўсёды застаўся ў вечнасці. Пра яго нагадвае толькі прыгожы сямейны партрэт, дзе маладая пара ўпэўнена глядзіць удалячынь і марыць пра шчасце.

 

Add Comment

Войти с помощью: