Духмянае свята лета

Лунинецкие клубники 004

На Лунінеччыне яно сваё, асаблівае. Бо праходзіць пасля доўгіх паўсядзённых клопатаў на агародах, калі было столькі недаспаных начэй і хваляванняў, ад стомы моцна нылі спіна і рукі. Засцерагаючы будучы ўраджай ад засухі, замаразкаў і пустазелля, гаспадары з раніцы да позняга вечара не сядзелі без працы. І вось ліхаманка скончылася, спраў паменшала, можна і адпачыць…

Самы смачны фестываль “Лунінецкія клубніцы” чатыры гады запар праходзіць у чэрвені ў Дварцы. Дачыненне да яго маюць усе жыхары раёна, бо каралева на ім – салодкая ягада, што праславіла наш край далёка за яго межамі. Едуць сюды госці вельмі ахвотна, бо дзе яшчэ ўбачыш столькі прыгожага і незвычайнага, калі яшчэ адчуеш такі насычаны водар лета і сонца.

Работнікі ўстаноў культуры заўсёды ставяцца да арганізацыі мерапрыемства з вялікай адказнасцю і натхненнем, штогод у праграме паяўляюцца новыя цікавыя моманты, якія паляпшаюць настрой прысутных.

Лунинецкие клубники 007

Традыцыйна праводзіцца конкурс, які збірае мясцовых творцаў. За дзіцячыя малюнкі ўзнагароджана Мілана Семянюк; за казку – юная Кацярына Коннава. Сярод дарослых перамаглі Максім Перапёлкін за арыгінальную песню і Галіна Гаргун – за самы прыгожы верш.

Дыпломы ўсім удзельнікам уручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Ён павіншаваў прысутных са святам, адзначыўшы, што клубніца – не толькі салодкае задавальненне. Яна дапамагае працавітым гаспадарам вырашаць матэрыяльныя праблемы і ўвогуле павышае дабрабыт лунінчан. За актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні свята адзначаны “Лунінецкія навіны” і калектыў філіяла “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства.

Лунинецкие клубники 001

Потым сцэнай завалодалі госці: народны клуб аматараў песні “Ярок” са Столінскага раёна, вакальная група “Шчырыя сэрцы” з Пружаншчыны і народнае аматар-скае аб’яднанне “Талака” з Ганцавіч. Кожнае іх выступленне сустракалася дружнымі апладысментамі гледачоў, якія, нягледзячы на спякотнае надвор’е, атрымлівалі асалоду ад прыгожых песень і любаваліся ўборамі артыстаў.

Не менш увагі атрымалі мясцовыя ўдзельнікі. Бравыя хлопцы са “Шляхцічаў” і “Вандроўнікаў” ды мілавідныя дзяўчаты з “Весніцы” не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных. Акрамя знешняй абаяльнасці, яны краналі сэрца прыгожымі спевамі. Яшчэ больш блізкай і зразумелай стала тэатралізаваная інсцэніроўка “Жыве сяло роднае” ў выкананні аматарскага аб’яднання аўтаклуба “Суседзі і суседачкі”. Простая і шчырая гісторыя з адценнем народнага гумару, узятага з вясковага побыту, стала “цвіком” канцэртнай праграмы.

Задоўга да мерапрыемства кожны сельсавет рыхтаваў свой падворак, шукаў новыя цікавыя ідэі. Іх на свяце прадстаўлялі работнікі клубаў і бібліятэк. У якіх толькі выявах не паказвалі яны цудоўную ягаду, якая з часоў Рымскай імперыі за форму сэрца і чырвоны колер лічылася сімвалам Венеры – багіні кахання. Тут Каралева-клубніца пазірала з кожнага куточка – то вышытая ці звязаная кручком, то намаляваная ці выразаная з дрэва. У ход пайшлі ўсе падручныя сродкі і фантазія майстроў. А калі казаць пра кулінарныя шэдэўры, то завочна нельга перадаць і сотай долі таго выгляду і смаку розных пірагоў, тортаў, пячэнняў, напіткаў і іншых незвычайных далікатэсаў, якімі здзіўлялі канкурсанты.

Лунинецкие клубники 006

Абход падворкаў узначалілі старшыні: райвыканкама – Аляксандр Пачко і райсавета – Віктар Рафаловіч. Гасціннасць гаспадароў не ведала межаў, яны прадстаўлялі арыгінальнае прывітанне і коратка знаёмілі з вырабамі. Прапаноўвалі каравай, запрашалі пачаставацца, дарылі сувеніры, адкрывалі некаторыя сакрэты карпатлівай падрыхтоўкі. Здзівіць было чым, таму вызначыць лепшых атрымлівалася няпроста. Тым не менш, перамога прысуджана Лунінскаму сельсавету, другое месца – у Бастынскага, трэцяе – у Дварэцкага.

На мерапрыемстве прысутнічала загадчык аддзела абласнога грамадска-культурнага цэнтра Брэсцкага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Сасніна. Яна ўручыла дыпломы Вулькаўскаму 1 Цэнтру культуры і народнай творчасці, Лунінскаму, Язвінскаму і Вялуцкаму сельскім Дамам культуры. Яшчэ Ірына Васільеўна адзначыла арыгінальнасць, высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення раённага свята.

А яно разгарнулася на ўсю моц. “Смачная” паляна прапаноўвала ежу і напіткі, “Літаратурная” – знаёміла з гісторыяй клубніц, “Вясёлая” – клікала ў свет анімацыі. На “Спартыўнай” – усе жадаючыя мераліся сіламі ў розных відах спорту, “Горад майстроў” клікаў палюбавацца вырабамі народнай творчасці. У студыі аквагрыму можна было змяніць свой імідж, з тэатрам моды “Дзіва” – акунуцца ў свет прыгожага і сфатаграфавацца на памяць.

Паступова зменшылася спякота, вечарэла, народ смялеў і кідаўся ў танцы. Вядучыя паклікалі на сцэну дзяўчыну Юлю, аддаючы ёй першынство ў абаяльнасці, а падарунак папрасілі ўручыць юнака Сяргея. Той выйшаў з велізарным букетам руж і заручальным пярсцёнкам у руках і прапанаваў каханай стаць яго жонкай. Усе замерлі ў чаканні адказу, і калі пачулася ціхае “Так”, Дварэц узарваўся бурнымі воклічамі і апладысментамі. Ніхто не сумняваўся, што на гэтым свяце Юля – самая прыгожая, бо такімі кожную з нас робіць шчасце. Усе жадалі адзін аднаму, каб на наступны год радасных вачэй было больш, клубніцы радзілі лепш, жылося цудоўней. Пад водар дзіўнай ягады аблокі неслі ўдалячынь гукі дварэцкага свята, за якое прысутныя шчыра дзякавалі арганізатарам.

Лунинецкие клубники 002 Лунинецкие клубники 003 Лунинецкие клубники 005 Лунинецкие клубники 008 Лунинецкие клубники 009 Лунинецкие клубники 010

Add Comment

Войти с помощью: