“Клубнічны” рынак да работы гатовы

клубника

У гэтым пераканаў удзельнікаў нарады па пытанню стварэння ўмоў і арганізацыі нарыхтовак суніц садовых у аграгарадку Дварэц індывідуальны прадпрымальнік Ігар Пракаповіч.

Дзякуючы яму ў “клубнічнай сталіцы” летась пачаў функцыянаваць не стыхійны, а цывілізаваны рынак. Тэрыторыя плошчай 700 квадратных метраў заасфальтавана, агароджана, ёсць кантэйнерныя пляцоўкі, адміністрацыйны будынак, санвузлы, падведзена вада. Працягваюцца работы па добраўпарадкаванню прылягаючай тэрыторыі і пад’язной дарогі. Летась пешаходы і веласіпедысты вельмі скардзіліся на няроўнасці і пыл. Сёлета тратуарная дарожка прыведзена ў належны выгляд. Што датычыць дарогі, то яна застанецца гравійнай. Але, як пераканаў Ігар Іванавіч, ёсць дамоўленасць з прыватнікам, які будзе яе перыядычна паліваць.

Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч запатрабаваў зрабіць усё магчымае, каб функцыянаванне рынку было максімальна зручным для грамадзян. Як і летась, рэжым работы застанецца тым жа – з 6.00 да 22.00, на тэрыторыі будзе працаваць магазін, дзе можна набыць безалкагольныя напіткі, піва, чай, каву, марожанае і немудрагелістыя стравы. Тыя, хто прыедзе здалёку, на месцы змогуць адзначаць свае камандзіровачныя пасведчанні. Ігар Пракаповіч агучыў сумы, якія давядзецца плаціць нарыхтоўшчыкам за суткі: за легкавы аўтамабіль – 100 тысяч рублёў, мікрааўтобус – 200 тысяч, за грузавы аўтамабіль – 300 тысяч.

Ён жа расказаў, што ў адміністрацыйным будынку прадаставяць месцы для  службаў, якія будуць ажыццяўляць кантроль і пад-трымліваць парадак.

Як заўважыў прадстаўнік інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Віктар Краўчанка, фітасанітарныя сертыфікаты будуць выдавацца па той жа схеме, як і летась. Ён нагадаў, што для вывазу ягад у Расійскую Федэрацыю патрабуецца маркіроўка кожнай скрыні ці каробкі з указаннем наступных дадзеных: назва прадукта – суніцы садовыя, краіна паходжання – Рэспубліка Беларусь, экспарцёр – прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас. Пры выдачы даведкі аб закупе, абавязкова павінны быць указаны не толькі імя і прозвішча нарыхтоўшчыка, але і яго адрас рэгістрацыі. Што датычыць фізічных асоб – жыхароў нашай краіны, якія мяркуюць прадаваць ягаду, ім дастаткова ўзяць даведку ў сельвыканкаме, ін-дывідуальным прадпрымальнікам – закупачную ведамасць. Пры наяўнасці ўсяго гэтага працэдура выдачы фітасанітарнага сертыфіката будзе значна паскорана.

Нарыхтоўка клубніц у Дварцы з гэтага тыдня бу-дзе ажыццяўляцца толькі на рынку, які пачаў працаваць з 1 чэрвеня. На ўсе сігналы па закупу ва неўстаноўленых месцах павінна аператыўна рэагаваць міліцыя. На гэтым сканцэнтраваў увагу Уладзімір Кавалевіч, звяртаючыся да начальніка штаба РАУС Ігара Жука.
Тых, хто рэалізуе клубніцы “шклянкамі”, ніхто ад трасы выганяць не будзе. Але яны павінны ведаць, што гандаль з зямлі забаронены, можна прадаваць толькі са столікаў.

Што датычыць астатніх населеных пунктаў раёна, то там нарыхтоўка будзе ажыццяўляцца ў тых жа месцах, дзе і ў папярэднія гады. На Новадворскай дарозе таксама дазваляецца нарыхтоўваць ягады, але, не выходзячы на аўтатрасу.

Сёння тых, хто вырошчвае ягады, больш за ўсё хвалюе пытанне кошту. Як адзначыў старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар, пакуль з цаной не вызначыліся. У бліжэйшыя дні пройдзе нарада Белкаапсаюза, дзе больш дэталёва разгледзяць праблемы нарыхтоўкі, як для прамысловай перапрацоўкі, так і па закупу таварнай ягады. Зараз мясцовыя кааператары актыўна працуюць з прамыслоўцамі па заключэнню адпаведных дагавораў.

Вельмі хочацца спадзявацца, што сёлетні клубнічны сезон прынясе прыбытак здатчыкам, нарыхтоўшчыкам і перапрацоўшчыкам.

Add Comment