Кропка росту

Ход нарыхтоўкі кармоў і гатоўнасць сельгасарганізацый раёна да ўборкі ўраджаю былі прааналізаваны на чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое правёў яго старшыня Аляксандр Пачко.

В.а. начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Савіна падвёў папярэднія вынікі яравой сяўбы, адзначыўшы, што ў асноўным аграрнікі справіліся з пастаўленымі задачамі. І ўсё ж не абышлося без хібаў. Як выявілі праверкі, дзе-нідзе яравая сяўба вялася без унясення тукаў і арганікі, што не дазваляе спадзявацца на належную аддачу. Слаба ішло перазалужэнне лугапашавых угоддзяў. Так, праведзены гэтыя работы на плошчы ў 917 гектараў, што складае крыху больш як 17 працэнтаў ад запланаванага.

Між тым, сёлета мяркуецца назапасіць не менш як 82,8 тысячы тон кармавых адзінак травяністых кармоў. А гэта – 10,4 тысячы тон сена, 108,9 – сенажу, 186,9 тысячы тон сіласу, што складзе 25 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Прыкладна трэць ад запланаваных аб’ёмаў павінен даць першы ўкос. Правесці яго належыць максімальна арганізавана і якасна. Для гэтага ёсць падрыхтаваныя кадры, магутная тэхніка, неабходная колькасць гаруча-змазачных матэрыялаў і кансервантаў.

Што датычыць гатоўнасці тэхнікі да жніва, то на ўборцы будуць задзейнічаны 83 камбайны і 59 прэс-падбор-шчыкаў. Адвозка зерня ад камбайнаў будзе ажыццяўляцца з дапамогай 130 аўтамабіляў. Для  дапрацоўкі збожжа ёсць 17 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Увесь гэты тэхнічны арсенал практычна гатовы да гарачай пары.

Аляксандр Пачко асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць падрыхтоўкі сховішчаў для сіласу і беражлівае стаўленне да матэрыяльных рэсурсаў як на нарыхтоўцы кармоў, так і на жніве.

Другім пытаннем парадку дня стала абмеркаванне эфектыўнасці мер па прафілактыцы п’янства, тытунекурэння, наркаманіі і таксікаманіі сярод непаўналетніх.

Даклад намесніка начальніка РАУС Ігара Жука ўтрымліваў шмат лічбаў, якія сведчылі: сёлета падлеткамі ўчынена 12 крымінальных злачынстваў, што  прыкладна на трэць больш чым летась. Асаблівую трывогу выклікае рост колькасці выпадкаў, звязаных са збытам наркатычных рэчываў. Калі летась на гэты час такіх не было ўвогуле, то сёлета ўжо зарэгістравана 4.

Расказаў дакладчык пра накірункі прафілактычнай работы – выступленні ў прэсе, дыспуты, лекцыі, гутаркі, “круглыя сталы”, інтэрактыўныя гульні і г.д. Усе яны ладзяцца ў цесным супрацоўніцтве з аддзелам адукацыі. Між тым, і на гэта асаблівую ўвагу звярнуў старшыня райвыканкама, бачны яўныя недапрацоўкі, якія і аказалі негатыўны ўплыў на стан злачыннасці сярод непаўналетніх у нашым раёне. У прафілактыцы не заўсёды прасочваецца роля ўчастковых інспектараў. Пакідае быць лепшым узаемадзеянне з прадстаўнікамі ўлады на месцах – гар- і сельвыканкамамі.

Пракурор Аляксандр Карлюк упэўнены, што ў гэтай справе бачна і недапрацоўка інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, прадстаўнікі якой забыліся пра такі дзейсны метад, як індывідуальная прафілактыка. Прычым, галоўнай мэтай яе павінна стаць папярэджанне злачынстваў, а не іх канстатацыя і работа з тымі, хто ўжо трапіў у поле зроку праваахоўнікаў. Хаця, адно другога не выключае.

Старшыня райсавета Віктар Рафаловіч прапанаваў супрацоўнікам РАУС больш выверана падысці да планаў работы на лета, якое з’яўляецца найбольш актыўным часам для разняволенага падрастаючага пакалення.

Дарэчы, якраз на гэтым асаблівую ўвагу акцэнтаваў начальнік раа Іван Раковіч. Ён падрабязна расказаў пра тое, чым плануецца заняць дзетвару ў летні час, колькі будзе працаваць лагераў з дзённым і кругласутачным знаходжаннем хлопчыкаў і дзяўчынак. Не абышоў увагай аздараўленне і магчымасць працаўладкавацца ў час канікулаў.

Ніхто не аспрэчвае той факт, што адукацыя велізарную работу праводзіць у справе выхавання падрастаючага пакалення, у імкненні засцерагчы дзетвару ад згубных звычак. Але ж без надзейнай пад-трымкі з боку бацькоў настаўнікам наўрад ці ўдасца ўдала справіцца з гэтай задачай. А такое ўзаемадзеянне, як сведчыць рэчаіснасць, ёсць далёка не ўсюды і не заўсёды. Па меркаванню Аляксандра Пачко, іншы раз не бярэцца пад увагу ўплыў на падрастаючае пакаленне сусветнага павуціння. Камп’ютар і сацыяльныя сеткі трывала ўвайшлі ў жыццё не толькі дарослых, але і дзетвары. Менавіта таму асабліва важна звяртаць увагу на тое, на якіх сайтах “завісаюць” вашы сын ці дачка? Што найчасцей прыцягвае там іх увагу?

Падтрымаў старшыню райвыканкама пракурор Аляксандр Карлюк, на думку якога бацькі нярэдка не цікавяцца светаўспрыманнем іх  рана пасталеўшых нашчадкаў, усе спадзяванні ў важнай справе выхавання ўскладваючы на школу. Не заўсёды прафесійна падыходзяць да сваіх абавязкаў псіхолагі ў школах, а спецыялісты раа самаўхіліліся ад ускладзеных на іх функцый кантролю.

Трымаў справаздачу на пасяджэнні дырэктар каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці Фёдар Бірыла. Да яго нямала было прэтэнзій, бо некаторыя выхаванцы менавіта гэтай навучальнай установы традыцыйна фігурыруюць у статыстыцы злачыннасці сярод непаўналетніх. Фёдар Аляксеевіч імкнуўся даказаць, што не ўсё так дрэнна ў каледжы, дзе з няпростымі падлеткамі працуе згуртаваны калектыў прафесіяналаў. Тым не менш, кіраўнік згадзіўся з высновай, што недапрацовак яшчэ шмат, выпраўляць іх трэба, у тым ліку і з выкарыстаннем найноўшых сродкаў. І першым крокам у гэтай справе стала абсталяваная нядаўна сістэма відэаназірання, якая дазваляе ў полі зроку трымаць юнакоў і дзяўчат у вольны ад заняткаў час.

Сваё бачанне сітуацыі і шляхоў выйсця з яе выказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Вадзім Каржаневіч. Яго выступленне не пакінула абыякавым начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Юрыя Прасмыцкага, які браў удзел у абмеркаванні пытання. Юрый Мікалаевіч падзякаваў за прынцыповую размову і справядліва зазначыў, што наш раён мае не толькі праблемы, але і дасягненні. Лунінеччына застаецца ў ліку лідараў сярод сельскіх раёнаў вобласці ў алімпіядным руху. “Ваш раён – гэта кропка росту, якая сімвалізуе якасны прырост для ўсёй адукацыі Брэстчыны”, – гэтыя словы абласнога госця ў душы кожнага па-кінулі цвёрдае спадзяванне, што беды, з якімі грамадскасць раёна сутыкнулася на пэўным адрэзку свайго развіцця, усё-такі будуць пераадолены.

Add Comment

Войти с помощью: