“Крумкачы” прызямліліся на “Палессі”

IMG_4805

Дэбютант вышэйшай лігі ФК “Крумкачы” прыехаў у Лунінец у намінальным статусе фаварыта. Але іх “крылы” яшчэ не адраслі – для мінчан кожны матч як пераадоленне. А перайграць “Граніт” на яго дамашняй паляне – справа няпростая.

Яшчэ перад пачаткам гульні можна было заўважыць паўпустую лаўку запасных у “гранітаўцаў” і даволі сур’ёзны “дэсант” у гасцей. У стартавым саставе мікашэвіцкай каманды заяўлены тыя, хто дагэтуль звычайна выходзіў толькі на замену. Таму асаблівай сыгранасці не назіралася. Вострыя моманты можна пералічыць на пальцах. Аднак Сяргей Галяткін парушыў правілы ў штрафной і “зарабіў” пенальці, а рэалізаваў яго Андрэй Шэракоў.

Пасля перапынку ў камандзе гасцей на поле выйшаў Вячаслаў Глеб, і гульня адразу абвастрылася. На 58-ай хвіліне гол у вароты “Граніта” пасля падачы з вуглавога забіў Аляксей Васілеўскі. Праз кароткі час мяч зноў аказаўся ў сетцы “гранітаўцаў”, але бакавы арбітр зафіксаваў палажэнне “па-за гульнёй”. Да канца матча балельшчыкі не ўбачылі больш забітых галоў, але шанц выйсці наперад мелі як “Крумкачы”, так і “Граніт”.

Галоўны трэнер гасцей Алег Дулуб пасля матча падзяліўся ўражаннямі:

– Ведалі, што “Граніт” добра гуляе дома: нічыя з “Шахцёрам”, “Дынама” (Мінск)… Прааналізавалі апошнюю гульню на выездзе з “БАТЭ”. Нам супрацьстаяла добрая каманда, якая выціснула максімум са сваіх 1-2 момантаў. Тым і адрозніваецца вопытная каманда ад навічка вышэйшай лігі. Думаю, што гульня спадабалася гледачам – трымала ў напружанні ўвесь матч.

У сваю чаргу галоўны трэнер “Граніта” Валерый Бахно зазначыў:

– Каманда саперніка мае свой стыль, падоўгу кантралюе мяч, шукае свабодныя зоны. У нас жа шмат траўміраваных футбалістаў, на замене было толькі 2 чалавекі, выбар невялікі. Але ігракі вытрымалі, стараліся як маглі, таму ім – вялікі плюс. У Ігара Трухава ў канцы быў добры момант – маглі і выйграць. Хаця па гульні – нічыя.

 

Add Comment

Войти с помощью: