Прыклад для пераймання

президийм

Прыклад для пераймання лунінчан узялі на “ўзбраенне” ўдзельнікі выязнога прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў XXVII склікання, які адбыўся на мінулым тыдні. У наш раён госці з’ехаліся з усіх куткоў Брэстчыны.

У фае кінатэатра “Кастрычнік” калег віталі старшыні: райсавета — Віктар Рафаловіч, Мікашэвіцкага гарвыканкама — Галіна Сыцэвіч і Лахвенскага сельсавета — Людміла Пашкевіч. Тут жа былі размешчаны інфармацыйныя выставы з буклетамі кожнага сельсавета, папкі з нарматыўнымі дакументамі, матэрыялы па асобных накірунках дзейнасці мясцовых органаў улады. Асобна аформілі стэнды з нумарамі “ЛН”, а таксама некаторымі відамі прадукцыі ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Дырэктар прадпрыемства Сяргей Карпец, інжынер-тэхнолаг Максім Трухановіч і індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Брэзін з Дзятлавіч расказалі аб арганізацыі закупу малака ў насельніцтва. Госці цікавіліся коштам лішкаў прадукцыі, узяццем проб, разлікамі па надбаўках. Такім чынам, павольна перайшлі да галоўнай тэмы выязнога прэзідыума — абмеркавання вынікаў рэалізацыі Праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, разлічанай на 2013-2015 гады, падыходаў мясцовай улады па далейшаму развіццю малога і сярэдняга бізнесу, асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, прадастаўленню прэферэнцый для матывацыі стварэння новых вытворчасцей і паслуг, рабочых месцаў і ўмоў па прыцягненню інвестыцый у эканоміку рэгіёна. Што зроблена і якія праблемы вырашыць не ўдалося, паведаміў начальнік аддзела прадпрымальніцтва Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Малыха, чый грунтоўны даклад быў падмацаваны шматлікімі лічбамі.

Каб убачыць, як развіваецца малы бізнес на Лунінеччыне, удзельнікаў выязнога прэзідыума запрасілі на экскурсію. Праязджаючы па райцэнтры, госці захапляліся чысцінёй вуліц і дарог, прыгажосцю малых архітэктурных формаў. Першым на маршруце стала прыватнае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства “Вікторыя”. Яго дырэктар Таццяна Удавенка расказала пра асартымент посуду, якога сёння калектыў выпускае да 190 найменняў! Аб тым, што ён карыстаецца безумоўным попытам у спажыўцоў, сведчыць выстава дасягненняў. Якіх узнагарод тут толькі няма! “Брэнд года”, “Народная марка”, “Тавар года”, “Прадукт года”… Пабывалі таксама ў вытворчых цэхах “Вікторыі”, дзе патэльні адліваюцца і ўпакоўваюцца.

Многія з гасцей не раз чулі пра клубнічную сталіцу — аграгарадок Дварэц. Па дарозе сюды намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч звярнуў увагу на задачы, якія даводзіцца вырашаць на мясцовым узроўні. Так, выдзяляюцца пляцоўкі для будаўніцтва аб’ектаў малога бізнесу, самастойна вызначаны сыравінныя зоны і рэсурсы, пад якія зроблены інвестыцыйныя прапановы. Гэта далейшая перапрацоўка адсеву, што застаецца пасля драблення граніта (тэхналогіі дазволяць здабыць яшчэ 3 фракцыі шчэбеню і дробны пыл), лес і зямля.

президиум 02 президиум 03

Маштабы дварэцкай “Камароўкі” сапраўды ўразілі! З прывітальным словам выступілі старшыня сельсавета Аляксандр Віднікевіч і дырэктар ПГУП “ПрокТорг” Ігар Пракаповіч. Індывідуальны прадпрымальнік расказаў як пра работу рынку, так і пра бліжэйшыя перспектывы — будаўніцтва рэстаранна-гасцінічнага комплексу. Не хаваў і праблем. Добраўпарадкаванне з’езду з трасы М-10 вылічваецца каласальнымі грашовымі сродкамі. Пацягнуць затраты самастойна не здолее. Прасіў дапамогі ў старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргея Ашмянцава.

президиум 04

Шлях на палеткі фермерскай гаспадаркі “Навіцкіх” прайшоў пад цікавыя расповяды старшынь: СВК “Вулькаўскі світанак” — Уладзіміра Соца і Вулькаўскага сельвыканкама — Аляксандра Кушнярэвіча, а таксама непасрэднага кіраўніка Уладзіміра Навіцкага. Спыніўшыся каля поля, на якім зелянелі раўнюткія рады морквы, госці пацікавіліся тэхналогіяй яе вырошчвання. Добрае ўражанне пакінулі выстава тэхнікі і цэх па падрыхтоўцы агародніны да рэалізацыі.

президиум 05

Як сёння выглядае звычайны магазін у аграгарадку, удзельнікі выязнога прэзідыума ўбачылі на прыкладзе гандлёвай кропкі ў Вульцы 2. Аб умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, эканамічных паказчыках работы калектыву вёў гаворку старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар. Непадалёк размешчана амбулаторыя, куды таксама зазірнулі ўдзельнікі выязнога пасяджэння. Ролю экскурсавода ўзяў на сябе галоўны ўрач УАЗ “Лужнецкая ЦРБ” Ігар Невар.

Завяршылася мерапрыемства ў Вулькаўскай 2 СШ. На пытанні, якія датычылі выхавання і навучання хлопчыкаў і дзяўчынак, адказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Раковіч. На пленарным пасяджэнні выступіў старшыня райсавета Віктар Рафаловіч, чый даклад аздобіла фотапрэзентацыя. Падводзячы вынікі, кіраўнік Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў заклікаў калег не заставацца абыякавымі да людзей, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

— Здаецца, глыбінка, але і тут пануе парадак, ёсць што пераняць для сябе, — зазначыў Сяргей Дзмітрыевіч. — Мы ўбачылі сапраўдны гаспадарчы падыход да справы. Дзякуй мясцовым жыхарам за гэта!

 

Add Comment