“Пуцёўка” на выпраўленне

выездной суд

У лячэбна-працоўныя прафілакторыі трапляюць па адным і тым жа сцэнарыі. Выпіў, пахмяліўся, зноў выпіў; адно адміністрацыйнае правапарушэнне, другое, трэцяе; медыцынскі агляд, пацвярджэнне дыягназу “хранічны алкагалізм”, рашэнне суда і …“пуцёўка” на выпраўленне.

На жаль, такі незайздросны шлях у жыцці выбрала жыхарка Лунінеччыны. Яе ў суправаджэнні ўчастковага інспектара РАУС Юрыя Збралевіча даставілі на выязное пасяджэнне раённага суда, якое адбылося ў актавай зале жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Грамадзянскую справу аб накіраванні жанчыны ў ЛПП разгледзеў суддзя Міхаіл Дзенісовіч.

Яна нічым асаблівым не выдзялялася: сярэдняга ўзросту, расказала, што мае дарослых дзяцей і нават унукаў, па прафесіі – прадавец. З мужам даўно ў разводзе. Магчыма, апошняя акалічнасць паўплывала на жаданне часцей брацца за чарку. Але жанчына сама не заўважыла, як хутка апынулася ў алкагольнай пастцы, адкуль вырвацца, на жаль, самастойна не хапае сіл.

А дзе выпіўка, там, вядома, канфлікт з законам. Паяўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане – бадай, самае распаўсюджанае парушэнне фігуранткі грамадзянскай справы. Аматарка выпіць піва ці “чарніла” любіла прагуляцца па цэнтры Лунінца. Супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі яе то на Прывакзальнай плошчы, то на вуліцах Савецкая і Чырвонаармейская. У поле зроку праваахоўнікаў яна трапіла яшчэ ў 2008 годзе, калі яе двойчы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за вышэй названыя супрацьпраўныя дзеянні. З таго часу ланцужок правапарушэнняў толькі рос: у 2009-ым – 5 пратаколаў, у 2010-ым – 6, у 2011-ым – наогул не было, затое ў 2012-ым – 10, у 2013-ым і 2014-ым – па аднаму, летась – 6, з пачатку гэтага года – ужо 2. Прафілактычныя гутаркі супрацоўнікаў міліцыі, папярэджанні начальніка РАУС аб магчымым накіраванні на прымусовае лячэнне ад алкагалізму, на жаль, аказаліся дарэмнымі.

– Вам бы старэнькай матулі дапамагаць. Ёй 76 год. Напрыклад, тое ж вядро вады ў хату прынесці, а вы… – спрабаваў дастукацца да свядомасці Міхаіл Дзенісовіч. – Хаця прапісаны з ёй, але сумесна не пражываеце. Сорамна…

Насамрэч, не ведаю, ці знаёма ёй гэта пачуццё, але ні на хвіліну не сумнявалася ў справядлівым вердыкце суда. Пасля невялікага перапынку агучана рашэнне: адправіць у лячэбна-працоўны прафілакторый тэрмінам на 12 месяцаў. Спадзяюся, часу хопіць, каб перагледзець сваё жыццё.

Add Comment

Войти с помощью: