Сацыяльнае партнёрства ў дзеянні

профсоюзы

У раёне прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума савета Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў пад кіраўніцтвам старшыні Мікалая Басалая.

Па той увазе, якую аказалі падчас сустрэчы ўдзельнікам прадстаўнічага форуму старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, яго намеснікі Уладзімір Кавалевіч і Анатоль Захаркевіч, а таксама кіраўнік раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон, госці ўпэўніліся, што паміж прафсаюзамі і раённымі распарадчымі органамі на Лунінеччыне існуе па-сапраўднаму цесная ўзаемасувязь. Гэта можа стаць добрым прыкладам для іншых рэгіёнаў Брэстчыны. Аб чым неаднаразова нагадвалі і кіраўнік абласнога аб’яднання прафсаюзаў, і яго намеснік Вячаслаў Салавей падчас выступленняў і абмеркавання пытанняў, вынесеных на разгляд прэзідыума.

Гэтак жа шчыра гасцей вітала на тэрыторыі ПВУП “Вікторыя” яго дырэктар Таццяна Удавенка, дзе працягнулі знаёмства з нашым краем. Варта заўважыць, што прадпрыемства было выбрана невыпадкова: летась менавіта тут стварылі першую ў прыватным бізнесе прафсаюзную арганізацыю. Да гонару кіраўніка, ад членства ў пярвічцы не адмовіўся ні адзін з прадстаўнікоў калектыву. З першых крокаў гасцей уразілі чысціня і парадак, пануючыя на тэрыторыі. Гледзячы на прыгожыя кветнікі і клумбы, яны не пераставалі здзіўляцца тонкаму густу чалавека, пад кіраўніцтвам якога стваралася ўсё гэта хараство. Таццяна Дзмітрыеўна з уласцівай ёй лёгкасцю і добразычлівасцю расказала пра тое, чым займаецца прадпрыемства, прадэманстравала ўзоры прадукцыі, падзялілася праблемамі і запрасіла ў вытворчы цэх. У прасторным, светлым і чыстым памяшканні кожны работнік займаўся сваёй звычнай справай. Усе — у спецадзенні і з ахоўнымі сродкамі. Ідучы па цэху, Таццяна Удавенка знаёміла з вытворчым працэсам, адказвала на пытанні, а пасля экскурсіі засяродзіла ўвагу на асноўных палажэннях Калектыўнага дагавора. Закончылася знаёмства таксама на прыемнай ноце, — старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай пад апладысменты прысутных уручыў Таццяне Дзмітрыеўне юбілейны медаль, выпушчаны з нагоды 100-год-дзя прафсаюзнага руху.

профсоюзы 03 профсоюзы 02

На пленарнае пасяджэнне, якое праходзіла ў вялікай зале райвыканкама, да членаў прэзідыума далучыліся кіраўнікі прадпрыемстваў і прафсаюзных пярвічак Лунінеччыны.

Як расказаў у сваім дакладзе Ігар Гапон, сацыяльнае партнёрства ў сферы працоўных і сацыяльна-эканамічных адносін на Лунінеччыне ажыццяўляецца праз пагадненне, заключанае ў сакавіку 2016 года, паміж райвыканкамам, раённымі аб’яднаннямі наймальнікаў і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў на 2016-2018 гады. Разам з кіраўнікамі арганізацый прафсаюзныя лідары прымаюць удзел у пасяджэннях райвыканкама па найбольш важных пытаннях, а таксама ў штогадовых сходах, дзе падводзяцца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, вызначаюцца задачы на перспектыву. Акрамя таго, ажыццяўляецца кантроль за адпаведнасцю палажэнняў калектыўных дагавораў з Генеральным, абласным, галіновымі і раённымі пагадненнямі. Дарэчы, за апошні час у раёне створана 8 новых пярвічных прафсаюзных арганізацый, праведзены арганізацыйны сход па стварэнню пярвічкі ў фермерскай гаспадарцы “Навіцкіх”, рыхтуюцца яшчэ ў трох.

Даклад дапоўнілі старшыні прафсаюзных арганізацый: работнікаў адукацыі і навукі — Нэлі Рафаловіч, РУВП “Граніт” — Таццяна Гарбенка, дзяржаўнага прадпрыемства “Сінкевіцкі” — Алена Вайцяхоўская.

На рабоце, праводзімай саветам па працоўных і сацыяльных пытаннях, у склад якога ўваходзяць 11 прадстаўнікоў розных сфер жыццядзейнасці, засяродзіў увагу намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч.

Пасля абмеркавання дакладаў і іншых пытанняў, што выносіліся на разгляд прэзідыума, вынікі работы падвёў Вячаслаў Салавей. Ён падзякаваў за цёплы прыём і яшчэ раз падкрэсліў, што на Лунінеччыне сфарміравана, дзейнічае і пастаянна ўдасканальваецца сістэма сацыяльнага партнёрства.

 

Add Comment

Войти с помощью: