Выбіраем рабочыя прафесіі

Летась у сельскагаспадарчым каледжы перавыканалі даведзены план прыёму на 13 працэнтаў. Як будзе сёлета – пакажа час. Тут неабходна набраць 175 навучэнцаў на ўзровень прафтэхнавучання і 50 – на атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Хілюціч пераканана ў тым, што гэта пад сілу калектыву, які на працягу ўсяго навучальнага года вядзе работу па прафарыентацыі.

сельхозколледж 02

У першую гадзіну работы прыёмнай камісіі абітурыенты прыйшлі дружнай кампаніяй. Іх ветліва сустрэлі навучэнцы групы 22 Багдан Алехнік і Андрэй Канапацкі (на здымку), якія ў бліжэйшым будучым стануць прафесійнымі вадзіцелямі. Пакуль жа яны выдатна справіліся з роляй экскурсаводаў, пазнаёміўшы навічкоў з каледжам.

Сяргей Вароніч сёлета закончыў 9 класаў у лунінецкай СШ №2. Падаваць дакументы ён прыйшоў разам з маці. Дарэчы, Наталля Анатольеўна, як і муж Аляксандр Сяргеевіч, таксама набывалі спецыяльнасць у гэтай навучальнай установе. Вось і свайму сыну параілі падаць дакументы ў каледж.

Атрымаўшы базавую адукацыю ў СШ №4 г. Лунінца, Аляксей Цяльпук (на здымку з Марыяй Пуляк) таксама вырашыў стаць мулярам. Яго бацька Сяргей Канстанцінавіч бачыць у сыне надзейнага памочніка, які ўжо гэтым летам будзе дапамагаць яму ў сямейным бізнесе, які мае непасрэднае дачыненне да будаўніцтва.

сельхозколледж

Яшчэ дзве дзяўчыны з гэтай школы Сняжана Харкевіч і Ганна Чарнавокая падалі дакументы на залічэнне ў групу на атрыманне прафесій повара, садавода і агародніка. Яны прыйшлі разам з сястрой Сняжаны Святланай Зіміной. Некалькі год таму яна таксама вучылася тут па гэтым жа профілі і адзначыла, наколькі сучасным стаў каледж, яго кабінеты і лабараторыі, дзе ўвогуле ёсць усё неабходнае для эфектыўнай вучобы і актыўнага адпачынку.

Аксана Грабовіч сёлета закончыла 11 класаў Язвінскай СШ. Яна з выбарам вызначылася даўно – марыць атрымаць прафесію повара, таму не стала адкладваць справу і ў першы дзень прыехала і падала дакументы.

З цёплымі словамі да абітурыентаў звярнулася старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Людміла Казадаева:

– Гэта асаблівы дзень у вашым жыцці. Кожны з вас мае шмат планаў і задумак. І сёння яны пачалі ажыццяўляцца – вы падалі дакументы ў ДПТК СВ. Гэта сапраўды правільны выбар.

Людміла Іванаўна падрыхтавала для першых абітурыентаў памятныя падарункі. У прыёмнай камісіі таксама паклапаціліся пра тое, каб зрабіць дзень падачы дакументаў незабыўным, і кожнаму ўручылі на памяць фотаздымак.

сельхозколледж 03

Па словах адказнага сакратара Марыі Пуляк, прыёмная камісія будзе працаваць да 20 жніўня, але, калі вакантныя месцы застануцца, то да 15 верасня. Зараз дакументы прымаюцца на ўзровень ПТА, а на ўзровень ССА – з 15 ліпеня.

 

Add Comment

Войти с помощью: