Я ў армію пайшоў бы…

призывники

Завяршылася чарговая прызыўная кампанія. 149 юнакоў з нашага раёна накіраваны на вайсковую службу.

Як адзначыў ваенны камісар Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў Уладзімір Жук, многія прызыўнікі трапілі ў часці, якія сярод моцнай паловы здаўна лічацца прэстыжнымі – у спецназ і пагранвойскі. Адбор быў дастаткова жорсткім. Абавязкова ўлічваліся маральна-дзелавыя якасці кандыдатаў і, вядома ж, стан здароўя. Увогуле, мінулая прызыўная кампанія паказала, што на Лунінеччыне самы высокі ў вобласці паказчык годнасці. У апошнія гады не было вяртання з арміі па здароўю на працягу трох месяцаў пасля прызыву.

Як станоўчы можна адзначыць і факт змяншэння колькасці тых, хто ўхіляецца ад службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Закон дастаткова строгі да такіх парушальнікаў. Сёння на семярых “ухілістаў” матэрыялы знаходзяцца ў пракуратуры, пяцёра – асуджаны. Усе яны атрымалі вялікія штрафы – ад 10 з паловай да  7 мільёнаў рублёў.

Старшы пракурор аддзела пракуратуры вобласці па нагляду за выкананнем заканадаўства ў войсках Аляксандр Чарнагалоў расказаў пра такі выпадак. Прызыўнік Д. паспяхова адвучыўся за кошт дзяржавы ў Баранавіцкім музычным каледжы, атрымаўшы размеркаванне ў адну са школ мастацтваў вобласці. Аднак работа настаўніка яго не задаволіла. Ён часта не выходзіў на працу, дапускаючы прагулы без уважлівай прычыны і ўрэшце быў звольнены.  Пры гэтым застаўся вінен дзяржаве за сваё навучанне больш як 133 мільёны рублёў.

Д., вядома ж, мог бы пайсці на тэрміновую ваенную службу, якая з’яўляецца асобым відам дзяржаўнай службы і вызваляе ад абавязковай адпрацоўкі пасля навучання. Аднак і служба была яму ў цяжар. Хлопец ведаў, што права на адтэрміноўку пасля заканчэння вучобы ён страціў, і ўсё ж летась двойчы на працягу года ўхіляўся ад мерапрыемстваў прызыву, за што атрымаў штраф у 1 мільён 80 тысяч рублёў. Але і гэтыя грошы выплаціць не спяшаўся. Атрымаўшы чарговую павестку ў ваенкамат, ён проста ўцёк у Расію на заробкі. Калі ж сёлета прыехаў у Беларусь, даведаўся, што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

У судзе ён разлічваў на літасць, прымяніўшы ўсе свае артыстычныя навыкі, атрыманыя ў каледжы, прызнаваў віну і прасіў прызначыць мінімальнае пакаранне ў выглядзе штрафу. Аднак дзяржаўны аб-вінаваўца і суддзя былі строгімі. У выніку за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу Д. атрымаў 3 месяцы арышту. Пры гэтым яму даходліва растлумачылі, што прызначанае пакаранне не вызваляе яго ад выканання воінскага абавязку. Пасля таго, як выйдзе на волю, Д. абавязкова будзе прызваны на службу. Калі ж зноў рызыкне пажартаваць з законам, не з’явіўшыся ў вызначаны час на прызыўны пункт, атрымае максімальнае пакаранне і трапіць за краты.

І ўсё ж, практыка сведчыць, што падобныя выпадкі адзінкавыя. Хлопцы свядома ідуць у войска, ведаючы, што гэта – яшчэ адна магчымасць даказаць мужчынскую самадастатковасць, а сама служба ў арміі не толькі пачэсная, але і патрэбная справа. З вуснаў у вусны перадаюць яны гісторыю пра тое, як адзін з юнакоў здолеўтакі пазбегнуць службы па стану здароўя. Аднак калі вырашыў атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, то тыя ж дактары вынеслі горкі вердыкт: дыягназ, пазначаны ў “белым білеце”, не дазваляе кіраваць аўтатранспартам. Як вядома, без службы ў арміі за плячамі нельга ўладкавацца і на работу ў сілавыя структуры.

Дарэчы, прафесія “Радзіму абараняць” вяртае свой прэстыж і сярод тых, хто з вялікага пераліку ВНУ вырашыў выбраць ваенныя. Сёлета на 19 накіраванняў у вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы было 40 кандыдатаў, адбор прайшлі 24.

У размове расказаў Уладзімір Жук і пра службу ў рэзерве. Сёння выкарыстоўваецца яна дастаткова актыўна, хоць і мае дакладныя крытэрыі, згодна з якімі адбіраюцца кандыдаты. У першую чаргу на службу ў рэзерве могуць прэтэндаваць прызыўнікі, у якіх складанае сямейнае становішча, ёсць дзеці ва ўзросце старэй за 3 гады і г.д. Абавязкова бяруцца пад увагу хадайніцтвы аддзелаў адукацыі накіраваць на службу ў рэзерве настаўнікаў. Прэтэндаваць на яе могуць высокаквалі-фікаваныя спецыялісты, што таксама пацверджана просьбай адпаведных калектываў, ці тыя, хто вучыцца завочна. Сёлета ад Лунінеччыны накіравалі ў войскі 7 “рэзервістаў”, а 23-ом прэтэндэнтам давялося адмовіць.
З 1 ліпеня 2016 года пачнецца прызыў на альтэрнатыўную службу. Па словах ваеннага камісара, тыя, хто заяўляў аб немагчымасці служыць ва Узброеных Сілах, былі і раней. Так, у мінулы прызыў 10 чалавек накіравалі ў чыгуначныя войскі, дзе ім не трэба будзе мець справу са зброяй. Увогуле ж цяпер недастаткова проста заявіць, што, скажам, па маральных перакананнях чалавек не можа браць у рукі зброю і прымаць прысягу. Папярэднічаць гэтаму будзе цэлы комплекс даследаванняў, сярод якіх не выключаны стасункі з псіхолагам. Пры гэтым варта ведаць, што альтэрнатыўная служба не такая простая. Гэта руцінная праца ў сацыяльнай абароне, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і іншых сферах, якія адчуваюць голад на рабочыя рукі.

Практычна адначасова з прызывам на тэрмі-новую службу ў маі на Лунінеччыне ішоў набор кандыдатаў на ваенна-вучэбныя зборы. Па словах Уладзіміра Жука, накіроўваць туды стараліся тых, хто не служыў увогуле. Разам палічылі патрэбным каму-нікаму асвяжыць веды, атрыманыя шмат год назад падчас знаходжання ў войску. Усё гэта далёка не лішняе, асабліва ўлічваючы неспакойную сітуацыю ў свеце. І, трэба сказаць, амаль усе кандыдаты аднесліся да справы з разуменнем. Былі, праўда, тыя, хто атрымаўшы павестку ў ваенкамат, разгарнулі ў інтэрнэце незразумелую валтузню вакол сваёй персоны. Урэшце ўсё вырашылася самым простым чынам: патэнцыяльнага “партызана” прызналі непрыгодным да службы па медыцынскіх паказчыках. Незразумела толькі, навошта было пляміць сябе такімі неграмадзянскімі паводзінамі?

Так ці інакш, 10 пасланцоў Лунінеччыны на тры тыдні памянялі звычны сямейны лад на ваенна-палявыя ўмовы і казарменны быт. З дня на дзень яны вернуцца да сваіх родных. І хоць ваенныя веды не бываюць лішнімі, няхай ніколі нашым мужчынам не давядзецца прымяняць іх на справе.

Add Comment