Агеньчык пачуццяў

огонек чувств

Многія з нас лічаць, што светлае пачуццё кахання павінна быць у сэрцах толькі маладых людзей. І даволі скептычна адносяцца к выпадкам, калі Ён і Яна спрабуюць на старасці год пабудаваць новыя адносіны, знайсці для сябе ў хуткацечнай плыні паўсядзённасці яшчэ некалькі момантаў радасці і шчасця. Не ўсе акружаючыя правільна зразумелі і маіх знаёмых, якія, рана аўдавеўшы і застаўшыся ў адзіноце, вырашылі быць разам.

Іх жыццёвыя гісторыі звычайныя. У маладосці стварылі сем’і, гадавалі дзяцей, працавалі. І раптам усё змянілася. Узрост дазволіў выйсці на заслужаны адпачынак, сыны і дочкі выраслі і раз’ехаліся. А тыя, з кім дзялілі цяпло шчырых адносін, неспадзявана апынуліся ў вечнасці, жывуць у памяці і на дарагіх сэрцу фотаздымках…

Аляксей ЖОГЛА з Багданаўкі і Вольга ШПАКОЎСКАЯ з Луніна сустрэліся, дзякуючы “ЛН”. Расказ пра жанчыну, якая рана страціла мужа і выказвала сваю горыч у вершаваных радках, зацікавіў чалавека, які таксама перажываў боль адзіноты. Адчуўшы родную душу і разумеючы яе горкія пачуцці, вырашыў падтрымаць. Яшчэ больш кранула, што маючы сур’ёзную траўму рукі, тая займалася рукадзеллем і зборам чарніц.

Так адбылася сустрэча, якая стала лёсавызначальнай. Немаладыя людзі неспадзявана зразумелі, што разам быць спакайней, а час пасля развітання цягнецца недаравальна доўга. Пенсіянеры моцна саромеліся сваіх запозненых пачуццяў. Але Аляксей Уладзіміравіч аказаўся больш смелым – прапанаваў руку і сэрца, паклікаў жыць да сябе.

Вользе Іванаўне рашэнне давалася няпроста. Як аднясуцца да гэтага яго і яе дзеці і ўнукі? Суседзі і знаёмыя, пасмяюцца напэўна? У сумненнях прайшло некалькі месяцаў. А потым жанчына ўсё ж згадзілася. І як яна сцвярджае, нісколечкі не шкадуе аб гэтым.

Ідзе другі год, як яны аформілі шлюб і жывуць разам. Асталяваліся на дыхтоўнай сядзібе мужа ў Багданаўцы. Але час уносіць некаторыя карэктывы – моцна аслабела 86-гадовая матуля Вольгі Іванаўны, таму жанчына даглядае яе ў Луніне. Не жадаюць працавітыя гаспадары пакідаць у запусценні і свае агароды – старанна шчыруюць на абодвух. А ў больш вольныя хвіліны згадваюць перажытае, дзеляцца набалелым…

Аляксей Уладзіміравіч нарадзіўся і вырас у Багданаўцы. Адслужыў у арміі, ажаніў-ся, гадавалі траіх дзяцей. Спачатку працаваў будаўніком і вадзіцелем, асноўныя сілы аддаў збору жывіцы. Больш за 20 год быў майстрам. Яго калектыў знаходзіўся ў ліку перадавых. Пах сасновага бору дагэтуль выклікае шчымлівасць у сэрцы, нагадвае пра кожны клапатлівы ранак, праведзены ў лесе.

Бяда напаткала 15 год таму, калі ў жонкі здарыўся інсульт. Жанчына трымалася больш як 12 год, але не магла хадзіць і размаўляць. З доглядам стараліся дапамагаць дзеці, але яны жылі асобна. Таму асноўныя абавязкі ляглі на плечы мужа, і ён умела і цярпліва іх выконваў.

Першы час імкнуўся не пакідаць работу. Але вечныя затрымкі каля хворай выклікалі нараканні ў начальства. Прасцей стала, калі поўнасцю прысвяціў сябе блізкай жанчыне, ды выратаваць ад паўторнага інсульту не здолеў. Лёс адмераў ім 44 сумесныя вясны…

У Вольгі Іванаўны свая гісторыя. Няўдалы першы шлюб, пасля якога цяжка было зноў некаму паверыць. Але новае каханне адагрэла параненае сэрца, і пачаўся доўгі шлях поруч з добрым чалавекам. На жаль, яго таксама паклала на баль-нічны ложак цяжкая хвароба. Змагаўся некалькі месяцаў, ды безвынікова… Сын мае сям’ю, жыве асобна. Добрай парадай і жыццёвай мудрасцю заўсёды дапамагала матуля. Цяпер слабая, і ёй так неабходна ўвага.

У нечым падобныя лёсы дваіх людзей, якія рызыкнулі на схіле жыццёвай дарогі ісці па ёй разам. Яны ніяк не хацелі тых выпрабаванняў, што выпалі на іх долю. Але каму і колькі пражыць, вырашае Бог. І часта гэты расклад не супадае, прымушае адну палавінку заставацца ў адзіноце. Можна доўга спрачацца, ці варта будаваць новыя адносіны. Але будзе правільна пакінуць выбар далейшага шляху за кожным асабіста.
Пабываўшы ў гэтай незвычайнай сям’і ў Багданаўцы, пашчасціла пераканацца, што высокія пачуцці сапраўды непадуладныя ўзросту. У позірках – павага да новага выбранніка і выбранніцы, дзіўнае цяпло, якое не так проста сустрэць нават у маладосці. Гарыць агеньчык, які прымушае кожнага з нас стаць дабрэйшым, дорыць спакой і ўпэўненасць. Варта дадаць, што іх выбар не асудзілі дзеці і ўнукі. Спачатку была насцярожанасць, але з часам прыйшло ўзаемаразуменне. І дасягнуць яго не так проста, бо паявілася яно паміж людзьмі, якія некалькі год таму былі нават незнаёмымі паміж сабой.

Узрост Вольгі Іванаўны і Аляксея Уладзіміравіча даўно перасягнуў 60-гадовую адзнаку, але яны выглядаюць маладзейшымі. Магчыма, сакрэт крыецца ў працавітасці, жаданні стварыць нешта асаблівае. Жонка любіць рукадзелле, а муж – майстар на ўсе рукі, яго ведаюць і шануюць у Багданаўцы. Самастойна аздобіў дом і пабудовы з дапамогай дрэваапрацоўчага станка. Не аднаму аднавяскоўцу вырабляў вокны і дзверы.

Як здольнага бондара, яго запрашаюць на розныя фестывалі і конкурсы не толькі нашага раёна. Зграбныя кошыкі – таксама шэдэўр ручной працы, які заслугоўвае ўвагі строгага журы. Ды майстар смяецца – маўляў, не дзеля ўзнагарод і пахвалы ён імкнецца зрабіць нешта асаблівае. Гэта – парыў душы, імкненне даказаць самому сабе, што ўсё падуладна рукам чалавечым, было б толькі жаданне. А яно ёсць, таму што галоўным у жыцці лічыць працавітасць, справяд-лівасць, сумленнасць. І заклікае ўсіх даражыць кожным імгненнем, не растрачваць яго без карысці і на дрэнныя ўчынкі.

Add Comment

Войти с помощью: