Баявыя ўзнагароды і памяць нашчадкаў

синилевич

Сярод мноства паперак і даведак гэтыя некалькі лісточкаў з сямейнага архіва адрозніваюцца пажаўцелымі плямамі на іх і глыбокім, кранаючым сэнсам. Гэта выпіскі з узнагароднага ліста ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны гвардыі радавога Ільі Навумавіча СІНІЛЕВІЧА з вёскі Яжаўкі.

Франтавік прайшоў баявымі дарогамі па варожай Германіі, сустрэў Перамогу, жыў і працаваў у мірны час. На жаль, зямны шлях яго скончыўся 18 год таму. Але памяць пра абаронцу годна захоўваюць нашчадкі. Дзякуючы ім, сучаснікі могуць даведацца пра эпізоды таго неверагодна цяжкага змагання, пераканацца ў мужнасці вясковага юнака, які разам з паплечнікамі ствараў для нас мір і спакой на зямлі.

Вось некаторыя ўрыўкі з узнагароднага ліста да медалі «За адвагу»: «07.04.1945 года І.Н. Сінілевіч забяспечыў агонь гарматы, выконваючы адначасова тры абавязкі. Нягледзячы на моцныя ўдары праціўніка па раёну агнявых пазіцый, заставаўся каля гарматы і вёў дакладны і прыцэльны агонь, і контратака немцаў была адбіта. На полі бою засталіся знішчанымі каля пятнаццаці варожых салдат і афіцэраў». «Пад моцным агнём вынес параненага і перадаў у медпункт, чым выратаваў жыццё аднапалчаніну…».

Яшчэ на рахунку адважнага земляка медалі «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Кёнігсберга» і 5 Падзяк ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Чырвонаармейская кніжка, сведчыць, дзе і як праходзілі баявыя будні звычайнага салдата, якога зладзеі-захопнікі адарвалі ад прывычных сялянскіх абавязкаў апрацоўваць зямлю ды вырошчваць хлеб і прымусілі ўзяцца за зброю.

Дэмабілізаваўся Ілья Навумавіч у 1946-ым, вярнуўся дадому. Страшная вайна засталася ў мінулым, падраслі сын і дачушка, якіх перад фронтам пакідаў амаль немаўлятамі. Неўзабаве нарадзіўся малодшы хлопчык, і жыццё панеслася ў спакойным, мірным рэчышчы, пра якое марылася на перадавой.

Уладкаваўся рабочым у вагоннае дэпо ў Лунінцы, потым быў цесляром і сталяром у вайсковай часці і ПМК-7, адкуль выйшаў на пенсію. Здольнасці адчуваць драўніну, умець яе апрацаваць даюцца не кожнаму. Такія майстры заўсёды былі запатрабаванымі, бо значная частка работ пры будаўніцтве дома выконвалася менавіта імі. Дагэтуль у хатах дзяцей спраўна служаць дзверы і падлога, старанна вырабленыя ўмельцам. Замяніць іх на сучасныя матэрыялы не ўзнімаюцца рукі: гэта – памяць пра роднага чалавека, ды і якасць, даказаная часам.

З цеплынёй згадваюць мінулае ў сям’і сына Георгія. Жылі побач з бацькамі, даглядалі іх да самай старасці. Калі Ілья Навумавіч часта скардзіўся на здароўе, то яго жонка Праскоўя Пятроўна адчувала сябе значна лепш. Толькі заўсёды казала, што ў іншы свет сыдзе раней за суджанага. Ёй не верылі, маўляў, нікому невядома будучыня. Ды, на жаль, прароцтвы спраўдзіліся. З раніцы хадзіла, працавала, потым прылягла на канапу адпачыць, і яе не стала…

Горкі для сям’і 1998 год прымусіў развітацца са старэйшымі Сінілевічамі з розніцай у некалькі месяцаў. Але памяць пра іх жыве ў сэрцах нашчадкаў, у нешматлікіх дакументах, якія сведчаць пра баявыя і працоўныя заслугі адважнага змагара і стараннага чалавека. На прыкладзе дзядулі навучаюцца адказнасці ў справах, любові і адданасці Радзіме ўнукі і праўнукі. Яны асталяваліся не толькі на Лунінеччыне: у любым куточку Беларусі ці за яе межамі нашчадкі з гонарам згадваюць імя гвардыі радавога Ільі Навумавіча.

Не шкадуе лёс і малодшае пакаленне Сінілевічаў. Не суджана сыну Пятру Ільічу і дачцэ Еве Ільінічне дасягнуць доўгажыхарства – пра іх таксама застаецца толькі памяць. Георгій Ільіч – адзіны, хто можа больш расказаць пра перажытае. Ён нарадзіўся ў 1942-ім, вяртанне таты з вайны ярка занатавалася ў дзіцячых успамінах. Франтавыя расказы – частка жыцця, бо ніхто з родных не мог адносіцца да іх спакойна ці абыякава.

Служба ў арміі стала для хлопца галоўным прыкладам сыноўняй павагі да няпростага бацькоўскага лёсу. Прайшоў яе годна і старанна. У працы таксама раўняўся на вызваліцеля – не шукаў лёгкіх шляхоў, авалодаў многімі навыкамі ў будаўніцтве. Але пераўзысці старэйшага ўмельца не рызыкнуў, заўсёды заставаўся толькі памочнікам.

Жонка Ева Міхайлаўна, з якой у лютым адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця, родам з Язвінак. Яна вырасла без маці, застаўшыся сіратой у 9-гадовым узросце. Сям’я мужа для яе стала роднай, жанчына дагэтуль з цеплынёй згадвае свёкра і свякроў. Калі Георгій Ільіч паехаў на некалькі год вучыцца ў гідрамеліярацыйны тэхнікум і бываў дома толькі кароткімі наездамі, то яны дапамагалі гадаваць малых дзяцей, заўсёды былі побач. І нявестка дзялілася шчырасцю, паважала і любіла старэйшых.

Пажаўцелыя лісты – сведкі страшнага часу, які выпаў на долю Ільі Навумавіча і ўсіх яго паплечнікаў, што абаранялі краіну ад захопнікаў у Вялікай Айчыннай. Папера здольна доўга захоўваць надрукаванае, каб яно заставалася сапраўднай гісторыяй перажытага. Каб новыя пакаленні маглі даведацца пра нялёгкія і балючыя падзеі з мінулага не толькі па мастацкіх кінастужках, а вось на такіх прыкладах баявой славы, якія бяруць пачатак з ваеннага пекла, захоўваюць едкі пах ад выбухаў бомбаў і снарадаў.

Колькі лёсаў нашых землякоў-абаронцаў назаўсёды схаваны ў вечнасці пад магільнымі плітамі! Час не стаіць на месцы, паважаны ўзрост і перанесеныя цяжкасці бяруць сваё. І як важна захоўваць Памяць пра іх у кожнай хаце сыноў, унукаў, пляменнікаў. Каб ніхто і ніколі з тых юнакоў і сталых салдат не былі забытымі, каб іх агульны подзвіг заставаўся перасцярогай ад новых узброеных канфліктаў. Ці будзе гэта сапраўды так, залежыць толькі ад нас.

Add Comment