Дом, дзе здараюцца цуды

роддом невар

Трапіць сюды хоць раз  марыць кожная жанчына. Нават, нягледзячы на тое, колькі пакут даводзіцца тут перажываць. І калі спытаць у любой матулі, у чым яе самае вялікае шчасце, вы пачуеце адзіны адказ: “У здаровых і шчаслівых дзецях!”.

Не хавала гэтай простай ісціны і жыхарка Сасноўкі Валянціна СВІНЦІЦКАЯ, якая нарадзіла дачушку 3 ліпеня – у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Ушаноўваць жанчын з гэтай нагоды на Лунінеччыне стала добрай традыцыяй у раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Сёлета акцыю “З любоўю – да дзяцей” аб’ядналі з новай маладзёжнай ініцыятывай “Падары нованароджанаму вышыванку”. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел галоўны ўрач УАЗ “Лунінецкая ЦРБ”, член савета РГА “Белая Русь” Ігар НЕВАР, старшыня раённай арганізацыі Людміла Казадаева, першы сакратар райкама БРСМ Ігар Гаргун, загадчыца акушэрска-гінекалагічнага аддзялення бальніцы Ірына Міралюбава. Кожны з іх знайшоў цёплыя словы ў адрас маладой матулі, але агульным стала пажаданне, каб дзяўчынка расла на радасць бацькам і браціку, бабулям і дзядулям. Падарункі, падрыхтаваныя лідарамі грамадскага і маладзёжнага рухаў, будуць вельмі дарэчы вясковай сям’і.

– За 6 месяцаў 2016 года ў радзільным аддзяленні паявіліся 194 немаўляці, – расказаў Ігар Невар. – Гэта крыху менш, чым было за аналагічны перыяд летась, але заўважу, што апошнім часам прыкметна пабольшала родаў, дзе ў семя’х на свет паяўляюцца трэція і чацвёртыя малышы. Сацыяльная палітыка Беларусі, накіраваная на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, і ўвядзенне так званага сямейнага капіталу даюць свой плён.

Add Comment