Мікашэвіцкі канкан

микашевичский канкан

Плённай была чарговая паездка тэатра Палаца культуры РУВП «Граніт» на VI абласны фестываль народнага гумару «Спораўскія жарты», які раз у тры гады збірае самадзейнікаў з усёй Брэстчыны. Мікашэвіцкая дэлегацыя вярнулася адтуль з дыпломамі II і III ступені. А яшчэ калектыў пацвердзіў званне «народны»: упершыню яно прысвоена ў 2001-ым.

– Да конкурсу мы падрыхтавалі паўгадзінную праграму «Эпідэмія талентаў». Праўда, з-за вялікай колькасці ўдзельнікаў, а іх было больш як дзве сотні, арганізатары ўвялі 20-хвілінны рэгламент для кожнай пастаноўкі. Зрэшты, гэта толькі надало дадатковай дынамікі і рытму нашаму выступленню,  –  успа-мінае кіраўнік народнага тэатра Валянціна Міхалюк.  –  У «Эпідэміі талентаў» шмат тэатральных мініяцюр на аснове народнага гумару. Адна з іх –  вясёлы танец на мелодыю вядомага французскага канкана. Менавіта яго журы адзначыла дыпломам другой ступені ў намінацыі «За лепшы гумарыстычны танец».

Яшчэ адну ўзнагароду «бронзавай» вартасці «гранітаўская» дэлегацыя атрымала ў катэгорыі «За лепшую гумарыстычную выпечаную скульптуру». Работа ўяўляе выяву мужчыны, які нечакана завітаў да сяброў-суседзяў са стосам прысмакаў, а ідэя стварэння і каляровае афармленне належыць мастачцы Палаца культуры Галіне Траяновіч.

Сёлета народны тэатр адзначае 30-годдзе. Між тым, вялікая частка самадзейных артыстаў  – моладзь. А усё таму, што тут, як і ў любым іншым аб’яднанні ўстановы культуры, заўсёды рады бачыць новыя асобы.

– Пачаткоўцы выдатна ладзяць з артыстамі “са стажам”, у ліку якіх – Ніна Шэўчык, Надзея Захаркевіч, Таццяна Дыдыка, Вадзім Флар’яновіч і іншыя. А наогул, па нашых актывістах, мабыць, можна вывучаць установы адукацыі, арганізацыі і прадпрыемствы Мікашэвіч.

Паступова змяняецца тэматыка рэпертуара тэатра. Калі пры яго заснаванні ў прыярытэце  была драма, то сёння  – вясёлыя мініяцюры, поўныя жыццёвага гумару і сатыры. Зрэшты, у калектыве не збіраюцца цалкам адмаўляцца ад сур’ёзных жанраў. Упэўнена, гараджанам надоўга запомніцца кранальная і лірычная, але поўная трагізму пастаноўка «А зори здесь тихие», якая ўвайшла сёлета ў тэматычную канцэртную праграму святкавання Дня Перамогі.

Як расказала В.Д. Міхалюк, рэпертуар пастаянна папаўняецца новымі праектамі: іх прэм’еры рэгулярна ўключаюцца ў разнастайныя праграмы Палаца культуры. Таму, убачыўшы гарадскую афішу з запрашэннем на новы канцэрт, пастарайцеся не прапусціць мерапрыемства. Абавязкова атрымаеце задавальненне.

Add Comment