“Моя Родина, скажи мне…”

Савинкин

Назіраючы за самалётам, які плыве ў небе, пакідаючы за сабой светлую паласу, мы зайздросцім лётчыкам, якім пашчасціла ўзняцца вышэй за аблокі. Праз імгненне серабрыстая птушка знікне, пакінуўшы ў душы мары пра  палёты. Але жыццё авіятараў не заўсёды бывае незвычайнай казкай. Асабліва ў тых, хто на крылатай машыне абараняў родныя рубяжы ў час Вялікай Айчыннай вайны, праганяў ворагаў з блакітнага неба, жадаючы зберагчы яго чысціню і спакой для сваіх нашчадкаў.

Іван Міхайлавіч САВІНКІН нарадзіўся і вырас далёка ад Беларусі. Паселішча Кайбічава ў Мардовіі было яго малой радзімай. Спачатку юнак пажадаў атрымаць чыста зямную спецыяльнасць ветэрынара, для чаго паступіў у тэхнікум. Актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, дзе пазнаёміўся з Марыяй – жыхаркай суседняй вёскі, адносіны з якой хутка перараслі ў моцнае каханне і прывялі да заключэння шлюбу.

Працаваць па атрыманай прафесіі давялося мала, бо захацеў паспрабаваць сябе ў педагогіцы. Падаў дакументы ў настаўніцкі інстытут у Саранску. Правучыўся там год, і за гэты час моцна захапіўся лётнай справай у аэраклубе. Якраз пачалася вайна, аб’явілі набор у авіяцыйнае вучылішча, і Іван стаў курсантам.

Выпуск прыпаў на 1943-ці, калі цяжкія баі ішлі на Курскай дузе. Свежыя сілы маладых лётчыкаў прыйшлі на дапамогу фронту ў  пераломны момант вайны, калі кожны салдат разумеў, як важна выстаяць, не пусціць ворагаў глыбей у свой тыл. Іх штурмавікі немцы называлі “чорнай смерцю”. Праходзілі вылет за вылетам, перад кожным кідалі развітальны позірк на родныя краявіды – не ўсім шанцавала вярнуцца.

Былі складаныя сітуацыі і ў Івана Міхайлавіча – двойчы фашыстам удавалася падбіць самалёт. Аднойчы адчуў штуршок і заўважыў агонь, але здолеў пасадзіць машыну і выбрацца самастойна. Пацярпеў пры гэтым, але апёкі і шрамы не лічыліся за нешта асаблівае, нават калі з’яўляліся на твары. Раны зажывалі, і працягвалася звычайная служба. У наступны раз крылатая птушка аказалася больш параненай, калі знаходзіліся на значнай вышыні. Механізмы  не падпарадкоўваліся кіраванню, самалёт рэзка панесла ўніз. Давялося пакінуць баявога сябра і выскачыць з парашутам.

Ваюючы на 1 Беларускім фронце, з вышыні птушынага палёту часта назіраў прыгажосць Палесся, але не ведаў, што некалі лёс закіне ў гэтыя мясціны. Перамогу сустрэў у Германіі, дзе служыў яшчэ паўтара года і забраў туды сям’ю. Няўдалая спроба паступіць у Акадэмію ваенна-паветраных сіл моцна выбіла з адладжанай каляіны. Накіравалі на Далёкі Усход, куды таксама паехалі ўсе разам. Там чакалі звычайныя палёты, якія ў мірны час не былі рызыкоўнымі. Разразаючы металічнымі крыламі густыя воблакі блакітнага неба, у сэрцы заставаўся гонар за подзвігі аднапалчан і ўсіх савецкіх салдат.

Іван Міхайлавіч прайшоў Вышэйшыя афіцэрскія курсы ў Таганрозе, і яму прысвоілі званне маёра. Накіравалі ў вайсковую часць на Лунінеччыну – пераменлівае жыццё ў ваенных. Палёты над палескімі краявідамі сталі апошнімі ў лётнай біяграфіі камандзіра эскадрыллі – ішло скарачэнне арміі, ды яшчэ строгая ўрачэбная камісія знайшла парушэнні ў рабоце сэрца. Паўплывалі няпростыя баявыя вылеты ў 1943-45-ых. Іх было 72, а званне «Героя» прысвойвалася за 75. На яго рахунку па два Ордэны Чырвонай зоркі і Чырвонага Сцяга, ордэн Аляксандра Неўскага, медаль “За ўзяцце Берліна” і “За ўзяцце Варшавы”.

Цяжка перажываючы адстаўку, Іван Міхайлавіч імкнуўся застацца бліжэй да ваенных. Выконваючы больш простыя і бяспечныя абавязкі ў вайсковай часці, вёў насычанае і актыўнае грамадскае жыццё, багатымі ўспамінамі дзяліўся са школьнікамі. Правільная пазіцыя і добрая адукаванасць дапамагалі данесці да юных пакаленняў горкую праўду змагання з немцамі. Ён заклікаў да захавання міру і недапушчэння ўзброеных кан-фліктаў. Вынікам такіх сустрэч сталі шматлікія граматы, кнігі і  сувеніры патрыятычнай накіраванасці савецкай эпохі. Яны беражліва захоўваюцца нашчадкамі.

На жаль, цяпер гэта толькі памяць. Івана Міхайлавіча не стала ў 53 гады – у пачатку 1970-ых. Марыя Іванаўна пражыла на 20 год больш, і таксама пахавана на беларускай зямлі. Пры жыцці яны марылі сустрэць старасць у Мардовіі, ды расклад на нябёсах не заўсёды супадае з чалавечымі думкамі…
Адносіны мужа і жонкі былі прыкладам для маладзейшых. Яны лёгка знаходзілі ўзаемаразуменне, паважалі адзін аднаго. Жанчына не дабівалася нейкіх выгод: брала дзяцей і мужна ехала ў любы куток свету, куды накіроўвалі галаву сям’і. Не заўсёды там чакалі камфорт і ўтульнасць, але такая доля тых, хто выбраў вайсковую справу, дзе служыць даводзіцца ўсё жыццё і ўсёй сям’ёй.

Ім пашанцавала на дачок. Старэйшая Вера прысвяціла сябе юрыдычнай справе. Працяглы час была суддзёй, тым самым беручы вялікую адказнасць за лёсы іншых людзей. Галіна зацікавілася больш дакладнай прафесіяй эканаміста. У свой час закончыла інжынерна-эканамічны факультэт у адной з акадэмій у Ленінградзе. Валянціна не ўяўляе сябе без музыкі. З маленства захаплялася ігрой на розных інструментах, а выбар спыніла на фартэпіяна. Навучанне моладзі валоданнем і ўдасканаленнем прыгожага застаецца адзінай і любімай справай яе жыцця. Усе ўтраіх асталяваліся ў Лунінцы, які стаў родным, таксама як і далёкая Мардовія – радзіма продкаў.

Была ў гісторыі сям’і Савінкіных і трагічная старонка. Адну са старэйшых дзяўчынак страцілі ў 8 год. Дзеці гулялі на праезнай частцы дарогі і ва ўмовах дрэннай бачнасці вадзіцель грузавіка не здолеў іх абмінуць. Было горка ад страты, тым больш калола ў сэрца, што бяды лёгка можна было пазбегнуць. Імя Валянціна, якое належала загінуўшай, рызыкнулі даць малодшай…

На шматлікіх фатаграфіях, якія захоўваюцца ў сямейным архіве, Іван Міхайлавіч пазіруе са сваімі баявымі таварышамі. Шмат ёсць здымкаў з малодшымі сябрамі, якіх навучаў не толькі лётнай справе. Яшчэ даваў асновы чалавечнасці, справядлівасці, мужнасці – усяго таго, чым валодаў сам. Ён ніколі нічога не прасіў, асабліва для сябе. Але хацеў, каб заўсёды ў свеце панавалі дабрыня і справядлівасць. І моцна пакутаваў, калі бачыў адваротнае. Любоў да Радзімы і новых мясцін на карце занатавана ў вершаваных радках, якія насіў у нагруднай кішэні. Вось урывак з іх:

«Моя Родина,   скажи мне,
Почему, ты так влечешь,
В край, неведомый доныне,
Как пламень, сердце всегда жжешь…»

Add Comment

Войти с помощью: