Навесці і падтрымліваць

Чатырнаццатая сесія раённага Савета дэпутатаў ХХVII склікання прайшла пад старшынствам Віктара Рафаловіча. На парадку дня – аналіз практыкі работы мясцовых органаў улады па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2012 года №100 “Аб мерах па ўдасканальванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці”, навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню населеных пунктаў.

З дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, які адзначыў, што сёння на Лунінеччыне 1900 незаселеных пустуючых дамоў. Найбольшая колькасць іх – у Лунінскім , Бастынскім, Дзятлавіцкім, Гарадоцкім, Чучавіцкім і Лахвенскім сельсаветах, а таксама на тэрыторыі Мікашэвіцкага гарсавета. Гэтая акалічнасць прымушае не збаўляць тэмпы работ па зносу будынін, якія нярэдка псуюць выгляд паселішчаў. Мэтанакіравана працуюць у гэтым напрамку Лахвенскі, Чучавіцкі і Сінкевіцкі сельвыканкамы. Летась у раёне кардынальна вырашаны лёс 53-ох старых дамоў, сёлета ўжо знесены 35.

Асаблівую ўвагу завастрыў дакладчык на праблемах, вырашэнне якіх не патрабуе прыкметных фінансавых затрат. Часткова і па гэтай прычыне па-ранейшаму турбуе санітарны стан тэрыторый гаражных кааператываў, міні-палігонаў цвёрдых камунальных адходаў, могілак і некаторых іншых аб’ектаў. Аб тым, што дзе-нідзе захоўваецца фармальны падыход да справы, сведчаць дадзеныя кантралюючых органаў. Так, з пачатку года раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было складзена 57 пратаколаў, а сума штрафаў перабольшыла 110 мільёнаў рублёў. Супрацоўнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 33 асобы на пасадах, а штрафы дасягнулі 46 мільёнаў рублёў. Не застаецца ўбаку землеўпарадкавальная служба, якая з пачатку года выдала 35 прадпісанняў аб ухіленні шматлікіх парушэнняў пры карыстанні зямлёй.

У чарговы раз прыгадаў Анатоль Захаркевіч неабходнасць абавязковага заключэння  дагавораў з домаўладальнікамі на вываз бытавых  адходаў. Статыстыка сведчыць, што і сёння ёсць населеныя пункты, дзе працэнт ахопу гэтай паслугай застаецца нізкім. Так, калі на тэрыторыі Лунінскага сельсавета дагаворы заключаны з 97,5 працэнта домаўладальнікаў, то ў Лахвенскім сельсавеце гэты паказчык складае толькі 72,4 працэнта, Мікашэвіцкім гарсавеце – 74,7.

Навядзенне парадку ў населеных пунктах раёна – справа неаднамомантная. Практычна ў кожным сельвыканкаме ёсць зацверджаныя на пасяджэннях планы мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню на год. Вось толькі выконваюцца яны не заўсёды. Па меркаванню дакладчыка, сведчыць пра гэта, перш за ўсё, тое, што адразу кідаецца ў вочы. Прынамсі, у многіх вёсках можна знайсці сядзібы з пахіленай агароджай, неабкошанай вакол травой, загрувашчаную будаўнічымі матэрыяламі ці проста друзам тэрыторыю каля домаўладання. На думку Анатоля Міхайлавіча, калі не даюць жаданага выніку ўгаворы, трэба больш актыўна прымяняць меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

Разам з тым, з пачатку года за парушэнне правілаў утрымання тэрыторый супрацоўнікі  РАУС склалі ўсяго 4 пратаколы. За засмечванне лясных насаджэнняў бытавымі адходамі інспекцыяй па ахове леса да адказнасці прыцягнуты 8 грамадзян. Засталіся ўбаку ад гэтай справы аддзел архітэктуры і дарожная служба. Разам з тым, толькі сумеснымі намаганнямі можна навесці і, што асабліва важна, падтрымліваць парадак на зямлі.

Сваё бачанне вырашэння абмяркоўваемых праблем выказаў старшыня Бастынскага сельсавета Фёдар Рашэцкі. У прыватнасці, ён прапанаваў калегам больш актыўна выкарыстоўваць права прызнаваць старыя жылыя дамы безгаспадарчымі праз суд. Пакуль такім шляхам ідзе толькі Лахвенскі сельсавет. Адначасова выступаючы звярнуў увагу на тое, што зняцце з рэгістрацыі будынка, прызнанага безгаспадарчым, таксама патрабуе выдаткаў. Фёдар Міхайлавіч прапанаваў вывучыць вопыт калег-суседзяў, якім удаецца пазбягаць дадатковых затрат пры зносе старых жылых дамоў.

Усе пазначаныя аспекты знайшлі адлюстраванне ў прынятым рашэнні.

Адначасова дэпутаты прызналі страціўшымі сілу некаторыя ранейшыя рашэнні раённага Савета дэпутатаў.

Add Comment