Па кальцу…

Перакрыжаванне на з’ездзе з пуцеправода вуліц Усходняя, Кастрычніцкая і Храмавая ў Лунінцы здаўна мае вядомасць аварыйна небяспечнага. Толькі за апошнія 3 гады тут зарэгістраваны 3 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх пацярпелі людзі. Адбылося 58 ДТЗ з механічным пашкоджаннем тэхнікі, а сітуацый, якія неслі рэальную пагрозу вадзіцелям, пасажырам і пешаходам, і толькі па шчаслівай выпадковасці не закончыліся бядой, – і таго больш. У чарговы раз пацвердзіў яго сумны статус маніторынг, праведзены праваахоўнікамі летась.

Варта сказаць, што да вырашэння набалелай праблемы ўлады падступаліся і раней. Пытанне неаднаразова разглядалася  на пасяджэннях раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху, дзе гучалі самыя розныя прапановы. Найбольш прымальным бачылася абсталяванне пера-крыжавання светлафорам.  Праўда, цягнула гэта за сабой прыкметныя выдаткі: на канец мінулага года поў-ны комплекс работ каштаваў каля  90 тысяч (900 мільёнаў недэнамінаваных) рублёў. Менавіта цяжкасці з фінансамі перашкодзілі ўвасабленню добрых планаў у жыццё.

Але ж недарма ў народзе кажуць: не было б шчасця – ды няшчасце дапамагло. Разумеючы, што гаворка ў літаральным сэнсе ідзе пра бяспеку людзей, пачалі шукаць іншыя шляхі вырашэння праблемы. І знайшлі. Выйсце падказала само жыццё. На адным з пасяджэнняў камісіі прагучала прапанова вывучыць магчымасць абсталявання на праблемным пера-крыжаванні руху па кальцу. Гэта дазволіць не толькі прыкметна ўдзешавіць вырашэнне праблемы, але і безбалюча разруліць аўтамабільныя патокі. Аднак і на гэтыя работы, па папярэдніх прыкідках, патрэбна не менш як 60 тысяч (600 мільёнаў недэнамінаваных) рублёў.

Прыкладна ў гэты ж час была пастаўлена канчатковая кропка ў перамовах з кіраўніцтвам сумеснага беларуска-германскага прадпрыемства СП “Санта Імпэкс Брэст” ААТ, якое выказала намер узвесці ў Лунінцы і Мікашэвічах свае магазіны. У райцэнтры месца было выбрана ў раёне Баханова, якое якраз і адзначана праблемным перакрыжаваннем.

Разумеючы, што з адкрыццём буйнога супермаркета паток аўтамабіляў у гэтым накірунку прыкметна павялічыцца, ускладніўшы і без таго ня-простую сітуацыю на з’ездзе з пуцеправода, вядомаму гандлёваму рытэйлеру прапанавалі ў якасці прэферэнцый дапамагчы абсталяваць тут рух па кальцу. Дамоўленасць была дасягнута, што замацавана ў адпаведным інвестдагаворы. Гандляры прыступілі да вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі, якая ўжо на выхадзе. Пэўнага часу запатрабуе правядзенне неабходнай экспертызы, пасля чаго ў максімальна кароткі тэрмін будуць выкананы ўсе работы па абсталяванню на з’ездзе з пуце-правода кальцавога руху.

Невыпадкова так падрабязна расказала пра ўсе перыпетыі вырашэння “пытання з барадой”, каб чытач ведаў, што нават самая, на першы погляд, дробязная  праблема цягне за сабою шлейф розных нюансаў: ад фінансавых цяжкасцей да захавання неабходных нормаў і правіл, у тым ліку і юрыдычных.

Прыкладна так сталася з абсталяваннем у Мікашэвічах пешаходнага перахода на вуліцы Першамайская паблізу гандлёвага цэнтра “Акварыум”. Упершыню такая прапанова прагучала ў ходзе вывучэння грамадскай думкі аб рабоце раённага аддзела ўнутраных спраў. Апытанне напрыканцы мінулага года праводзіў аддзел маніторынгу кантрольна-інспектарскага ўпраўлення штаба Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Адразу ж на адрас раённых улад паступіў рапарт, дзе адным з пунктам значылася “ініцыіраваць абсталяванне пешаходных пераходаў на ўчастку праезнай часткі на вуліцы Першамайская ў г. Мікашэвічы насупраць дома №15 (гандлёвы цэнтр “Акварыум”).

На камісіі па бяспецы дарожнага руху аператыўна было прынята адпаведнае рашэнне. Падлічылі, што нанясенне дарожнай разметкі, устаноўка інфармацыйна-ўказальных знакаў і ўкладка тратуарнай пліткі ў месцах падыходаў будзе каштаваць раённаму бюджэту больш як 1 тысяча 300 (прыкладна 13 з паловай мільёна недэнамінаваных) рублёў. Тэрмін работ пераносіўся аднойчы – па прычыне няўстойлівага і неспрыяльнага надвор’я. Так ці інакш, усё было зроблена ў пачатку чэрвеня 2016 года, пра што сведчыць акт.

Нягледзячы ні на што, такім развіццём падзей не прамінуў скарыстацца адзін з мікашэвіцкіх актывістаў  Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), паспяшаўшыся прыпісаць абсталяванне пешаходнага перахода ўласнай дзелавітасці і непрымірымай барацьбе за “нашу безопастность” (захавана аўтарская арфа-графія лістоўкі, распаўсюджанай у чэрвені гэтага года якраз да пачатку будаўнічых работ). Не вагаючыся, “грамадскі дзеяч” расставіў кропкі над “і”, заявіўшы, што менавіта па яго ініцыятыве ў горадзе “паявіўся яшчэ адзін зручны пешаходны пераход”. Не будзе нічога дзіўнага, што следам узнікне ідэя прыпісаць сабе прыход на Лунінеччыну гандлёвых сетак сумеснага беларуска-германскага прадпрыемства СП “Санта Імпэкс Брэст” ААТ, бо ў гэтай жа “ўлётцы” крыху ніжэй аўтар выступае за канкурэнцыю ў гандлі.

Мы таксама за канкурэнцыю. Раённыя ўлады ў шматлікіх інтэрв’ю падтрымліваюць прыход на Лунінеччыну аператараў іншых гандлёвых сетак. І гэта, урэшце, адбудзецца. Спадзяемся, у бліжэйшай перспектыве. Вось толькі насцярожваюць непамерныя амбіцыі асобных грамадзян, падобных вышэй пазначанаму актывісту. Іх імкненне прыпісваць сабе дасягненні, да якіх не маюць абсалютна ніякага дачынення, упаўне можа прывесці да анекдатычнай сітуацыі накшталт той, што ў  інтэрмедыі гумарысткі Алены Варабей (дарэчы, ураджэнкі Брэста): “Ведаеце Мёртвае мора? Я замачыў…”.

Add Comment

Войти с помощью: