Плата за “прадпрымальнасць”

судНапрыканцы мінулага месяца судом Лунінецкага раёна былі разгледжаны адразу дзве крымінальныя справы, якія не столькі мелі грамадскі рэзананс, колькі цікавыя самі па сабе па прычыне іх пэўнай юрыдычнай адасобленасці.

Па словах старшыні суда Міхаіла Дзенісовіча, крадзяжы захоўваюць сумнае лідарства ў крымінальнай зводцы, застаючыся найбольш частымі і ў судовай практыцы. Аднак тое, што адбылося ў вёсцы Сярэдзібор’е, магчыма, стане перасцярогай для тых, хто ўсё-такі рызыкуе ісці ў разрэз з агульнапрынятымі нормамі і правіламі жыцця.

Назва вёскі гаворыць сама за сябе – знаходзіцца яна сярод лясной чашчобы. Мне пашчасціла быць у гэтым населеным пункце шмат год таму, калі тут яшчэ знаходзіўся адзін жылы дом. Абнесеная дротам, сядзіба мела адносна дагледжаны выгляд. На імправізаванай агароджы клапатлівая гаспадыня прымацавала пустыя кансервавыя бляшанкі, закліканыя адпалохваць ваўкоў і іншую лясную жыўнасць, гатовую паквапіцца на дамашнюю птушку. Зараз нешматлікія дамы ў Сярэдзібор’і глядзяць пустымі аканіцамі, а баяцца даводзіцца “ваўкоў на дзвюх нагах”.

Карыстаючыся тым, што сядзібы тут даўно нежылыя, адзін з прадпрымальных жыхароў раёна вырашыў прыбраць да рук шыфер з даху чужой старой хаты. Паквапіўся на  57 лістоў пакрыцця. Злодзея знайшлі. Відавочна, што пакаранне яго асабліва не трывожыла, бо разумеў: кошт нажывы не такі і вялікі, каб  плаціць за яго поўнай мерай. Зрэшты, так і атрымалася б. Не ўлічыў нахабнік толькі аднаго, што заканадаўства прадугледжвае ў такіх выпадках канфіскацыю сродкаў, з дапамогай якіх было  ўчынена злачынства. І суд такую меру да злодзея прымяніў. У даход дзяржавы канфіскаваны аўтамабіль “Фальксваген В-2” і прычэп да яго.  Дарагаватая плата за паўсотні лістоў старога шыферу. Ці не так?

Яшчэ больш строгае пакаранне вынесена жыхарцы Мікашэвіч, якой давялося адказваць перад законам за парушэнне правілаў аб здзелках з каштоўнымі металамі і камянямі. Пачынаючы з 2008 года, яна ўмудрылася рэалізаваць ювелірных вырабаў з золата і серабра агульнай вагой больш як 7 кілаграмаў. Шэсць год пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці – такім быў прыгавор суда прадпрымальнай гандлярцы. Адначасова ў даход дзяржавы пайшлі і наяўныя ювелірныя вырабы агульным коштам у амаль 5 тысяч (50 000 000 недэнамінаваных) рублёў.

Add Comment

Войти с помощью: