Прыстасоўвацца да рэалій

прокуратура 01

У малой зале райвыканкама адбылася каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, правёў якую пракурор Лунінецкага раёна Аляксандр Карлюк. Прадстаўнікі сілавых структур, органаў мясцовай улады, самакіравання, іншых дзяржаўных устаноў і арганізацый разгледзелі прычыны і ўмовы, што садзейнічаюць учыненню на тэрыторыі рэгіёна крадзяжоў маёмасці грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама акрэслілі прымаемые меры па іх прафілактыцы.

У сваім дакладзе старшы памочнік пракурора Іна Дзерман паведаміла, што за 5 месяцаў 2016 года назіраецца некаторы рост агульнакрымінальнай злачыннасці. Прычым, на сітуацыю, у першую чаргу, паўплывалі крадзяжы. Па дадзенай катэгорыі правапарушэнняў Лунінеччына трымае сумнае лідарства сярод раёнаў Брэстчыны. Самай папулярнай “здабычай” у нячыстых на руку грамадзян становяцца пакінутыя без нагляду вела-сіпеды і акумулятарныя батарэі з аўтамабіляў.

Аналіз паказвае, што двухколы транспарт часцей знікае з пад’ездаў і падвалаў шматкватэрных дамоў. А вось стыхійныя паркоўкі, накшталт, той, якая ўтвараецца па вечарах у дварах па Чырвонай, 105 у райцэнтры, дзе вадзіцелі пакідаюць машыны прама на газонах і побач з дзіцячымі пляцоўкамі, супярэчаць заканадаўству і ствараюць перадумовы для крадзяжоў. Бестурботныя адносіны саміх аўтааматараў, адсутнасць прафілактычнай работы зацікаўленых службаў прыводзяць у выніку да фарміравання ў людзей пачуцця ўседазволенасці і беспакаранасці.

Выклікае занепакоенасць  нізкі паказчык раскрывальнасці правапарушэнняў. Ён складае 38 працэнтаў, што сведчыць аб пэўных упушчэннях у рабоце як супрацоўнікаў міліцыі, так і следчага камітэта. На жаль, павялічылася і колькасць правапарушэнняў, учыненых непаўналетнімі. За 5 месяцаў года зарэгістравана 14 злачынстваў названай катэгорыі, тады як у 2015-ым такіх было толькі 9. Рост адбыўся, перш за ўсё, за кошт фактаў незаконнага абароту наркотыкаў і зноў-такі крадзяжоў маёмасці грамадзян, якія абыякава адносяцца да захоўвання асабістых каштоўных рэчаў. Крытычныя заўвагі прагучалі ў адрас прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, асобных сельвыканкамаў, навучальных устаноў, аб’ектаў гандлю і сельгасарганізацый.

Пракурор Лунінецкага раёна Аляксандр Карлюк запатрабаваў кардынальна змяніць сітуацыю: “Трэба знайсці новыя падыходы і метады па прадухіленню злачыстваў, цалкам прыстасаваныя да рэалій”. Сваё бачанне шляхоў паляпшэння дзейнасці выказалі намеснік начальніка РАУС Ігар Жук, кіраўнікі аддзелаў: аховы правапарадку і прафілактыкі – Андрэй Яраховіч, Дзяржаўтаінспекцыі – Аляксандр Дзяшкевіч, крымінальнага вышуку – Віталь Емельяновіч, Дэпартамента аховы – Анатоль Буневіч, кіраўнік спраў Гарадоцкага сельвыканкама Галіна Малафейчык, дырэктары: ПГУП “Справа тэхнікі” – Вячаслаў Юнкевіч, ОРСа станцыі Лунінец – Анатоль Паўловіч, дзяржаўнага прадпрыемства “Новае Палессе” – Валерый Нікалаевіч і шэраг іншых асоб на пасадзе. Па выніках нарады многім службам дадзены даручэнні і вызначаны канкрэтныя даты іх выканання.

прокуратура 02

Add Comment