Пушкін і Лермантаў разам з “Дарамі Палесся”

продавцы 2016 03

Пушкін і Лермантаў разам з “Дарамі Палесся” натхнілі на перамогу прадаўцоў Марыю АРЭХВА і Таццяну КІШКЕВІЧ.

Па традыцыі конкурс прафесійнага майстэрства сярод работнікаў райспажыўтаварыства прайшоў у кафэ “Адпачынак”. Нягледзячы на тое, што ўмовы на працягу доўгага часу застаюцца нязменнымі, арганізатарам удалося ператварыць мерапрыемства ў сапраўднае свята. Так, перад пачаткам асноўных выпрабаванняў канкурсанткам прапанавалі згуляць у “Лато” і выцягнуць «бочачку» са шчаслівым нумарам.

З лічбай “1” дастаўся Яўгеніі Чарнавокай, якая два месяцы таму ўзначаліла прамтаварны магазін “Заходні”. У візітоўцы яна ў вершаванай форме (дарэчы, усе ўдзельніцы дэманстравалі свае паэтычныя здольнасці падчас расповяду пра сябе і сваю прафесію) зрабіла акцэнт на тым, што прадавец павінен быць тварам магазіна, вызначацца ветлівасцю, эстэтычным густам. Працаваць так, “каб кожны жыхар быў гатовы пакінуць грошы ў нас”. Забягаючы наперад, скажу, што Яўгеніі падчас тэарэтычнага конкурсу дастаўся білет таксама пад нумарам “1”. У выніку ўсіх выпрабаванняў яна заняла трэцяе месца.

Калісьці ў Вічыне нарадзілася дзяўчынка, якую “пад спевы салаўіныя назвалі Ірынаю”. Адкрытасць, шчырасць і камунікабельнасць Ірыны Коваль дазволілі ёй хутка стаць, як кажуць, “сваёй” у калектыве магазіна-дыскаўнтара “Родны кут”. Увогуле, сама прадавец лічыць, што ёй пашчасціла трапіць пасля заканчэння політэхнічнага каледжа “не на Канары, а ў родныя “Харчтавары”. Узнагародай за стараннасць ёй стала трэцяе месца ў конкурсе сярод прадаўцоў харчовай групы тавараў.

Дзвюм прадстаўніцам філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне” дасталася “серабро”. Валянціна Біліба (на здымку) першапачаткова набыла прафесію раскройшчыцы, але потым перакваліфікавалася ў прадаўца. І ніколькі аб гэтым не шкадуе. Працавала спачатку ў Бродніцы, а цяпер – у “Непаседзе”. Заставацца заўсёды пазітыўнай і добразычлівай ёй дапамагаюць яе сыночак Арцём і дачка Даша.

“Працуе, як гномік, у магазіне “Прадуктовы домік” Ганна Жыла. Сёння ўраджэнка Украіны адчувае сябе сапраўднай беларускай. Яна пераканана, што самая смачная – прадукцыя айчынных вытворцаў, у прыватнасці тых, хто спецыялізуецца на выпуску марожанага. Менавіта яго яна рэкламавала падчас выпрабавання.

Парадавалі выступленнем, але не ўвайшлі ў лік прызёраў Вольга Федаровіч і Марыя Янчук з філіяла “Мікашэвіцкае РГП”.

Як заўсёды цікава праходзіў конкурс рэкламы, да якога дзяўчаты падышлі творча і арыгінальна. Канкурсанткі прэзентавалі керамічныя і льняныя вырабы, касметыку “Беліта”, “Вітэкс”, тавары для школы, мёд, хлеб “НВК “Палессе” і іншае.

Падчас тэарэтычнага экзамена прадаўцы без асаблівай складанасці расказвалі пра метады выкладкі, “залатыя” паліцы, тавары, якія не падлягаюць абмену і вяртанню… Разам з тым, яны вельмі ўпэўнена адказвалі на пытанні, што датычаць іх непасрэднай дзейнасці і работы магазінаў, дзе працуюць дзяўчаты.

Вядучая конкурсу Таццяна Сарока не толькі падбадзёрвала канкурсантак на працягу ўсяго мерапрыемства, але не давала сумаваць балельшчыкам і журы, прапаноўваючы раз за разам уключацца ў разгадванне рэкламных перавёртышаў. І трэба сказаць, многія прадэманстравалі кемлівасць і эрудыцыю.

Няпроста было журы выбраць з 8 прадстаўніц тых, хто будзе абараняць Лунінеччыну на абласным конкурсе. І ўсё ж, яно зрабіла свой выбар, аддаўшы галасы за Таццяну Кішкевіч з магазіна “Кнігі” і Марыю Арэхва з “Дароў Палесся”. Старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар, уручаючы заслужаныя ўзнагароды, падзякаваў усім за ўдзел, пажадаў поспехаў у працы і любіць сваю прафесію. А пераможцам – не губляць часу і адказна рыхтавацца, каб годна абараніць гонар Лунінеччыны на абласным конкурсе, як дагэтуль рабілі іх папярэдніцы.

продавцы 2016 продавцы 2016 02

Add Comment