Трымаць заваяваныя пазіцыі

Сумар МАНа кааператараў Лунінеччыны ўскладзена адказная місія – годна забяспечваць насельніцтва таварамі першай неабходнасці, павышаць якасць гандлёвага абслугоўвання і сферу паслуг ва ўсіх кутках раёна. Як з гэтымі задачамі спраўляецца райспажыўтаварыства, расказвае старшыня праўлення Максім СУМАР:

– Па выніх мінулага года наш калектыў заняў першае месца па агульнай дзейнасці сярод райспажыўтаварыстваў Брэстчыны. Стараемся не губляць пазіцыі, хаця гэта і не так проста. За 5 месяцаў тэмпы росту рознічнага тавараабароту склалі 97 працэнтаў – лепшы паказчык у вобласці сярод аналагічных падраздзяленняў аблспажыўсаюза. Да таго ж, мы выканалі даведзеныя заданні па нарыхтоўках, экспарту і ў прамысловасці. У нас няма стратных філіялаў. Дзякуючы зла-джанай рабоце, атрымалі прыбытак у суме 6,9 мільярда рублёў.

Сёлета закупілі 100 тон суніц садовых. Гэта менш, чым летась, таму што ягаду не набывалі для вінзаводаў. Уся яна прызначалася для кансервавых камбінатаў і рознічнага гандлю. Таму і, зразумела, па больш высокай, а значыць, выгаднай цане. Зараз нашы прадпрыемствы закупаюць чарэшні. Яе ўжо нарыхтавана 20 тон. Чарніцы, якія не забру-джаны радыенуклідамі, таксама прымаюць нарыхтоўчыя пункты па 16-18 тысяч рублёў. У суседнім Столінскім раёне закупляем агуркі, памідоры, капусту. У магазінах паявілася і маладая бульба, вырашчаная прыватнікамі нашага раёна. Філіял “Харчтавары” наладзіў узаемавыгадныя кантакты з сеткавымі гандлёвымі прадпрыемствамі сталіцы па рэалізацыі агародніны і садавіны.

Высокіх паказчыкаў па экспартце дасягнулі, дзякуючы трывалым сувязям з расійскімі кампаніямі па закупу мяса, а таксама актыўнаму ўзаемадзеянню з мясцовымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі і насельніцтвам.

Спыняцца на дасягнутым не збіраемся. Трэба рухацца наперад, таму шмат увагі надаем мадэрнізацыі і рэканструкцыі. Летась на гэтыя мэты выдаткавалі 17,2 мільярда рублёў, сёлета – ужо 4. У гэтым годзе плануем правесці камп’ютарызацыю 9 буйных аб’ектаў гандлю ў Лунінцы.

Важным лічу тое, што не дапусцілі закрыцця магазінаў у сельскіх населеных пунктах, хаця кадравыя праблемы па некаторых вёсках маем. Разумеем, што аўталаўка ніколі не заменіць стацыянарны гандлёвы аб’ект, дзе вяскоўцы сустракаюцца, дзеляцца навінамі, абмяркоўваюць падзеі.

Выказваю шчырую ўдзячнасць усім работнікам райспажыўтаварыства за плённую працу. Віншую кааператараў і ветэранаў працы з прафесійным святам! Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця, поспехаў у рабоце, узаемаразумення ў сем’ях!

Райпо 001
Сучасны выгляд набыў магазін у аграгарадку Любачын, дзе ў гэтым месяцы завяршылася рэканструкцыя. Новае гандлёвае і халадзільнае абсталяванне ўпрыгожыла залу, зрабіла зручным выбар тавараў для спажыўцоў. Прадаўцы, у ліку якіх Анастасія ЖУКАВА і Галіна ЛУКАШЭВІЧ (выконвае функцыю загадчыцы), не толькі шмат увагі надаюць выкладцы і асартыменту, але і клапоцяцца пра зялёныя насаджэнні, што ўпрыгожваюць прылягаючую тэрыторыю. Каваныя кветкавыя падстаўкі зроблены мясцовымі ўмельцамі. Работнікі гандлёвай кропкі ўжо зараз заўважылі, што пакупнікоў стала больш, аб чым сведчыць і штодзённая выручка.

 

райпо 002
У міні-магазіне “Вега” ў райцэнтры заўсёды ёсць пакупнікі. Аб гэтым расказала прадавец Ганна КАПУЗА. Тут яна працуе 2 гады, а дагэтуль больш за дзесяцігоддзе абслугоўвала пакупнікоў у магазіне №13, які лунінчане ведаюць, як малочны. – Наш гандлёвы аб’ект па памерах невялікі, але тут ёсць усе прадукты, за якімі людзі штодзённа накіроўваюцца ў магазін, – гаворыць Ганна Валер’еўна. – Да нас прыходзяць гаспадыні, можна сказаць, у тапачках, таму што знаходзімся ў цэнтры двароў шматпавярховак. А ў школьны час часта завітваюць вучні суседняй СШ №2.

 

райпо 003
У красавіку гэтага года адкрыўся дыскаўнтар “Родны кут” у Лунінцы. Замест двух магазінаў, якія тут працавалі раней, цяпер – адзін. Але які! Асартымент тавараў уражвае, цэны “не кусаюцца”, персанал ветлівы. А яшчэ тут ёсць фірменныя секцыі – Лунінецкага хлебазавода і Бабруйскага “Красного пищевика”. Да таго ж, тут можна набыць спадарожныя тавары: посуд сталовы, школьныя прыналежнасці, галантарэйныя і гаспадарчыя вырабы. Лунінчане і госці горада паспелі ацаніць усе перавагі новага гандлёвага аб’екта, таму, нягледзячы на аддаленасць яго ад цэнтра, завітаўшы сюды аднойчы, вяртаюцца зноў і зноў. Гэта радуе калектыў, у якім працуюць Ганна ЧАРНАВОКАЯ, Наталля ГАЛАКЦІЁНАВА (выконвае функцыі загадчыцы), Людміла ЛЕМЯШЭЎСКАЯ і Юлія КРАСМАН.

 

райпо 004
Лунінчане і госці горада з задавальненнем набываюць прадукцыю беларускіх вытворцаў у аддзеле “Адзенне” “Універмага”. Людміла НАВАРЫЧ, Вольга НАСКОВІЧ (выконвае функцыі загадчыцы) і Валянціна САЙКО з задавальненнем прапануюць навінкі і акцыйныя тавары. Тут зараз можна набыць з 20-працэнтнай скідкай летняе жаночае адзенне фірмы “Ромгіль-Текс”, а таксама мужчынскія і жаночыя штаны ЗАТ “Кіс”.

 

райпо 005
Хутка асартыментны пералік каўбаснага цэха філіяла “НВК “Палессе” пашырыцца сыравяленай і сыравэнджанай прадукцыяй. Для гэтага ў бліжэйшы час установяць клімакамеру. Пакуль жа ў магазіны паступаюць каўбасы вараныя, вэнджана-вараныя, паўвэнджаныя, зельцы, прадукты са шпіка і птушкі вэнджана-варанай, а таксама шырокі пералік паўфабрыкатаў. Апошнія ў шырокім асартыменце можна набыць у “Мясной лаўцы”. Лёгкай назваць работу ў цэху нельга. Тым не менш, саставіцель фаршу Таццяна ТРУХАНОВІЧ (у цэнтры) і абвальшчык Галіна ФЕДОСЕНКА (справа) працуюць тут больш за 30 год. Аксана СУМАРЭВІЧ (злева) у калектыве параўнаўча нядаўна, але зарэкамендавала сябе з лепшага боку.

 

райпо 006
У маі аддзел “Абутак і галантарэя” лунінецкага “Універмага” перайшоў на аўтаматызаваную сістэму продажу. Як сцвярджаюць прадаўцы Алена ГУСАІМ (выконвае функцыі загадчыцы) і Наталля КАЛЯНКОВІЧ, гэта значна аблягчае абслугоўванне кліентаў. Калектыў пастаянна працуе над тым, каб задаволіць густы ўсіх пакупнікоў. Так, на паліцах рэгулярна паяўляюцца новыя серыі вядучых айчынных касметычных вытворцаў, парфюміраваная прадукцыя ад франузскіх фірм. Зараз са скідкай можна набыць спартыўны абутак “Белкельме” і рознага віду гадзіннікі. На ювелірныя вырабы прадастаўляецца растэр-міноўка на 6 месяцаў без першапачатковага ўзносу.

 

райпо 007
Зараз, з вышыні пражытых год, вадзіцель філіяла “Аўтабаза” райспажыўтаварыства Аляксандр АНІСІМАЎ проста не бачыць сябе ў іншай прафесіі. У аўтабазу прыйшоў 26 год таму, змяніў некалькі адзінак тэхнікі, да якой заўсёды адносіўся беражліва. Ён не баіцца рамонтаў, бо дасканала знаёмы з устройствам кожнага механізма. Сённяшні ГАЗ 33-09 – не выключэнне. Вадзіцеля засталі менавіта падчас правядзення планава-тэхнічнага абслугоўвання. Аляксандр Аляксандравіч – чалавек, які ніколі не падводзіць. Ён выдатна разумее, што перавозка грузаў – справа адказная, як і сама прафесія вадзіцеля.

 

райпо 008
У філіяле “Аўтабаза” працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія творча падыходзяць да выканання абавязкаў і могуць хутка прымяніць свае навыкі ў той ці іншай справе. Так, слесары, у іх ліку Сяргей КАЛЯНКОВІЧ, не толькі абслугоўваюць аўтатранспартную тэхніку, але і задзейнічаны на выпуску малых архітэктурных формаў, якімі ўпрыгожваюць тэрыторыі каля магазінаў. А яшчэ яны вырабляюць дзверы для гандлёвых аб’ектаў.

 

райпо 009
Бойка ідзе гандаль у магазіне №65 в. Язвінкі, дзе больш за 10 год працуюць Валянціна ШАБАН і Наталля ГЕРМАНОВІЧ. Апошняя, дарэчы, сёлета атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю ў політэхнічным кале-джы і атрымала дыплом “таваразнаўцы”. Прадаўцы робяць усё магчымае, каб забяспечыць вяскоўцаў неабходнымі таварамі. А яшчэ яны актыўна падключаюцца да нарыхтовак. Вось клубніцы закончыліся, зараз на чарэшні “пераключыліся”. Паралельна не забываюць і пра нарыхтоўку матэрыялаў, што ідуць на другасную перапрацоўку. Як сцвярджаюць пакупнікі, яны з задавальненнем прыходзяць у магазін, які напоўнены не толькі таварамі, але і цёплымі, ветлівымі адносінамі прадаўцоў.

 

райпо 010
Смачнымі абедамі і прадукцыяй уласнай вытворчасці прыцягвае кафэ “Спадарожнік” як мясцовых жыхароў, так і вандроўнікаў. У клубнічнай сталіцы ў летнія месяцы многа гасцей, у ліку якіх як нарыхтоўшчыкі ягад, так і здатчыкі прадукцыі. Многія з іх, а таксама механізатары СВК “Дварэцкі” па вартасці ацанілі кухню “Спадарожніка”, дзе вось ужо 13 год працуе повар Алена ФЕДАРОВІЧ. Лунінчанку Таццяну ВІДНІКЕВІЧ не палохае адлегласць ад дома да кафэ. Пяць год таму яна часова ўладкавалася сюды буфетчыкам, але засталася на пастаянную работу і не шкадуе.

 

райпо 011
Аб тым, што будзе прадаўцом, Святлана ЯСКЕВІЧ ведала яшчэ ў дзяцінстве, калі “фасавала” пясок у цацачныя формачкі. Вось ужо 15 год працуе яна ў магазіне №68 аграгарадка Дварэц. Зараз Святлана Васільеўна задзейнічана на выязным гандлі. Па яе словах, у сезон нарыхтовак тут сумаваць не даводзіцца. На кожны тавар ёсць свае пакупнікі, зносіны з якімі дастаўляюць ёй задавальненне.

 

райпо 012
Магазін “Алімп” у Мікашэвічах стаў папулярным для жыхароў не толькі тым, што тут не так даўно зрабілі рамонт, але і нізкімі цэнамі. Гэта першы дыскаўнтар на тэрыторыі горада. Выкарыстоўваючы ўсе тонкасці мерчандайзінгу, арыентуючыся на густы пакупнікоў, гандлёвая кропка прываблівае насычанасцю таварамі, палетнай выкладкай і ветлівым абслугоўваннем. Працуе магазін з 8.00 да 22.00. Заўсёды рады наведвальнікам прадаўцы Ірына ГУБІЧ і Наталля МІХАЛЮК (выконвае функцыі загадчыцы).

 

райпо 013
Комплексныя абеды ў мікашэвіцкім кафэ “Пралеска” не толькі выгадныя па кошце, але і смачныя. Аб гэтым сведчыць наплыў наведвальнікаў з 12 да 14 гадзін. Тут часта праводзяцца вяселлі, адзначаюцца юбілеі і іншыя адметныя падзеі ў жыцці мясцовых жыхароў, у тым ліку самых маленькіх. А дапамагае адчуць святочны настрой афіцыянт Алёна МІХАЛЬЧАНКА. Атрымаўшы адпаведны дыплом 2 гады таму ў сельскагаспадарчым каледжы, яна рада, што пашчасціла трапіць у калектыў, дзе пануюць узаемапавага і ўзаемавыручка.

 

райпо 014
У жыхароў горада гранітаздабытчыкаў і іншых прылягаючых населеных пунктаў на сталах заўсёды ёсць свежая і смачная выпечка. У гэтым уклад і работнікаў кандытарскага цэха філіяла «Грамадскае харчаванне» Алены ЖЭМСКАЙ (брыгадзір) і Алены КУЛЯЎЦАВАЙ. Як расказала загадчык вытворчасці Вольга Рудзько, цэх працуе па заяўках. У суткі ў гандлёвую сетку філіялаў “Мікашэвіцкае РГП” і “Грамадскае харчаванне” паступае ад 160 да 210 кілаграмаў хлебабулачнай і кандытарскай прадукцыі. Дзякуючы абсталяванню, якое тут нядаўна ўстанавілі, выпечка набыла новыя смакавыя адценні і стала больш араматнай.

 

райпо 015
Самым буйным харчовым магазінам у Мікашэвічах лічыцца гастраном “Цэнтральны”. Праведзеная летась рэканструкцыя дазволіла яшчэ больш пашырыць асартымент, гандлёвую плошчу і тым самым павялічыць штомесячны тавараабарот на 200-300 мільёнаў рублёў. Яшчэ больш наведвальнікаў прыцягнуў гандлёвы аб’ект, калі тут пачалі рэалізоўваць на разліў квас і піва. Больш за 25 год працуе Валянціна МАЗУЛЕНЯ (на здымку ў цэнтры), на якую зараз ускладзена функцыя загадчыцы. Яе прафесіяналізм, адданасць любімай справе сталі прыкладам для пераймання для Вольгі ГОРБАТ і Алены МЕСНІКОВІЧ.

 

райпо 016
Сутачная норма выпечкі прадукцыі цэха хлебапячэння філіяла “НВК “Палессе” дасягае трох тон. Уся яна рэалізуецца праз магазіны, што размешчаны на тэрыторыі нашага раёна і Ганцавіцкага райспажыўтаварыства. Калектыў пастаянна працуе над пашырэннем асартыменту і паляпшэннем якасці. Так, сярод навінак – хлеб “Дымкаўскі” і “Сельскі”, салодкасці “Дварцовыя” і “Араматныя”. Вытворчасць пастаянна мадэрнізуецца. Сёлета набылі новую печ і ўпаковачную машыну. Але ж, зразумела, эфектыўнай работы не будзе без працавітых рук і сапраўдных прафесіяналаў. У іх ліку – цестараздзелачнік Вольга САФІУЛІНА і пекар Надзея СКІБА, якія на прадпрыемстве больш за 10 год.

Add Comment

Войти с помощью: