У лідарах – Софія і Мікіта

ЗАГС

Гэтыя два імёны сёлета найчасцей давалі сваім нованароджаным дачушкам і сынам бацькі, якія звярталіся за адпаведнымі пасведчаннямі ў аддзел ЗАГС райвыканкама ў першым паўгоддзі. Расказавае начальнік Святлана Яроцкая:

– Па-ранейшаму папулярнымі застаюцца: сярод дзяўчынак – Ганна, Дар’я, Анастасія, Ксенія і Паліна, сярод хлопчыкаў – Аляксандр, Раман, Дзмітрый, Ягор і Максім. Сустракаюцца таксама незвычайныя імёны. Напрыклад, Алісія, Забава, Іларыя, Серафіма, Альгерд, Томас, Міраслаў, Дамір. Адчуваю пэўнае шкадаванне, калі даводзіцца канстатаваць: у разрад рэдкіх трапілі даволі прывычныя Таццяна, Любоў, Вольга, Пётр, Сямён, Сяргей…

Усяго ж у першым паўгоддзі на Лунінеччыне зарэгістраваны 406 нараджэнняў: 174 – у Лунінцы, 94 – у Мікашэвічах. У разрэзе сельсаветаў па-ранейшаму лідзіруе Дварэцкі (28). За ім ідуць Лунінскі (17), Вулькаўскі (16), Гарадоцкі і Бастынскі (па 15 – у кожным), Сінкевіцкі (12), Дзятлавіцкі (10), Багданаўскі (9), Лахвенскі (7), Чучавіцкі (5) і Рэдзігераўскі (4). У агульнай колькасці немаўлят перавалодвалі дзяўчынкі: 214 супраць 192.

– Нараджэнне сыноў і дачушак – вялікае шчасце. Ці здараліся выпадкі, калі яно было двайным?

– Так. З пачатку года ў шасці нашых зямлячак паявіліся на свет двойні. Першынцу парадаваліся ў 131-ой сям’і. Другія па ліку малышы паявіліся ў 158 бацькоў, трэція – у 80-ці, чацвёртыя– у 28-мі, пятыя – у 8-мі. Ёсць на Лунінеччыне дом, сцены якога сёлета напоўніліся дзіцячым голасам у 11-ты раз! Трэба заўважыць, што ў большасці выпадкаў абодва новаспечаныя бацькі з’яўляліся нашымі суайчыннікамі (366). Сярэдні ўзрост матуль склаў 27 год, татаў – 30. Аднак не буду хаваць таго факту, што радасць мацярынства можа напаткаць жанчыну ў розны перыяд яе жыцця. Мамамі сталі ва ўзросце ад 16 да 18 год 6 грамадзянак, 9 – 18-гадовыя, 8 – ад 40 да 45-ці. Што датычыць прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, то сярод усіх назаву самых маладых і сталых. З пачатку 2016 г. імі сталі адзін 18-гадовы юнак, два – 19-гадовыя і 4 мужчыны – ад 45-ці да 50-ці год.

– Заўсёды хочацца, каб здаровыя дзеткі раслі ў поўных і шчаслівых сем’ях.

– Усяго за першае паўгоддзе зарэгістраваны 168 шлюбаў: у Лунінцы – 123, у Мікашэвічах – 23. Вядомы вальс Мендэльсона прагучаў у сценах сельвыканкамаў: Лунінскага – 6 разоў, Дварэцкага – 5, Вулькаўскага – 3, Бастынскага і Чучавіцкага – па 2 у кожным, па аднаму – у Багданаўскім, Дзятлавіцкім, Лахвенскім і Рэдзігераўскім. Не хаваю спадзявання, што да канца года на запаветны шлюбны ручнік абавязкова стануць маладажоны з Гарадоцкага і Сінкевіцкага сельсаветаў.

Аб тым, што стварэнне сям’і нашы землякі лічаць адказным крокам, сведчыць іх сярэдні ўзрост: жанчын – 26, мужчын – 28. Але ў жыцці часта здараецца так, што цёплыя пачуцці ўзнікаюць як у маладых, так і ў пенсіянераў. 6 нявест пайшлі замуж да паўналецця, яшчэ 8-мі – толькі споўнілася 18. У гэтым жа ўзросце ажаніўся і 1 юнак. Запаветную пячатку ў пашпартах паставілі таксама 1 жаніх і 1 нявеста, каму споўнілася больш як 60 год.

Пераважную колькасць новых сем’яў стварылі беларусы. 11 шлюбаў зарэгістравана з іншаземцамі (у спадарожнікі жыцця выбіраліся грамадзяне Украіны, Расіі, Азербайджана і Рэспублікі Арменія). На жаль, 22 пары, якія не мелі агульных непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак, скасавалі афіцыйныя адносіны. За пераменай імя звярнуліся 7 чалавек, за ўстанаўленнем: бацькоўства – 39, усынаўлення – 3.

– Нават калі сям’я распадаецца, жыццё працягваецца. І на любыя яго адметныя даты заўсёды мы зычым адзін аднаму даўгалецця…

– Безумоўна, заўсёды хочацца, каб усе пажаданні ажыццяўляліся. У першым паўгоддзі Лунінеччына страціла 434 жыхары. Такім чынам, вымушана падвесці сумны вынік: дэмаграфічная сітуацыя ў рэгіёне пагаршаецца – “мінусуем” на 28 чалавек. У райцэнтры выдалі 106 пасведчанняў аб смерці, у Мікашэвічах – 63, у Дварэцкім сельвыканкаме – 51, Чучавіцкім – 32, Лунінскім – 30, Бастынскім і Гарадоцкім – па 27 у кожным, Лахвенскім – 26, Дзятлавіцкім – 22, Вулькаўскім – 19, Сінкевіцкім – 16, Багданаўскім – 10, Рэдзігераўскім – 5. Сярэдні ўзрост нябожчыкаў склаў: сярод мужчын – 67 год, сярод жанчын – 77. Таму шануйце блізкіх і гаварыце ім шчырыя словы, пакуль яны жывыя…

Add Comment

Войти с помощью: