«Абаронім ад любой бяды!»

МЧС 04

У гэтым дарослых пераконвалі малышы, якія завіталі на плошчу Леніна ў Лунінцы, дзе супрацоўнікі РАНС арганізавалі паказ тэхнікі і абмундзіравання.

Мерапрыемства ладзілася ў рамках рэспубліканскай акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці”. Вось чаму галоўнымі героямі цікавай сустрэчы сталі хлопчыкі і дзяўчынкі з дашкольных устаноў райцэнтра №№1, 3, 9 і 12. Яны хаваліся ў цяньку дрэў ад пякучага сонца, але гаманлівыя воклікі выдавалі неймавернае жаданне юных лунінчан як мага хутчэй пазнаёміцца з магутнымі машынамі. Цікаўныя позіркі былі скіраваны на аўтамабіль хуткага рэагавання, аўталесвіцу і аўтацыстэрну, якая дастаўляе да 10 тон вады. Побач з тэхнікай выратавальнікі размясцілі спецыяльныя прылады, што выкарыстоўваюць у надзвычайных сітуацыях.

МЧС 03

Малышоў вітаў старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Міхаіл Нікалаевіч. Разам з калегамі ён застаўся задаволеным, што хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць нумар тэлефона пажарнай службы – 101. І параіў запомніць яшчэ адзін – 112, па якім таксама абавязкова акажуць дапамогу. На гэту і іншую карысную інфармацыю багаты тэматычныя буклеты, уручаныя юным гасцям.

МЧС 01

З ахвотай будучыя “выратавальнікі” прымяралі спецыяльны касцюм, сядзелі ў кабінах машын, “кіравалі” імі, націскалі на сігнал трывогі, “тушылі пажар” са ствала высокага ціску. Падпарадкоўваючыся агульнай радасці, да выхаванцаў далучыліся дарослыя, прычым, не толькі выхавальнікі, але і педагогі ЦДТ – Кацярына Самчук, Вольга Цяльпук і Галіна Каратыш. Пераапрануўшыся ў казачных герояў, яны падарылі ўсім шмат жартаў і весялосці. Трэба спадзявацца, што падобныя сустрэчы стануць добрай традыцыяй. І словы, вынесеныя ў загаловак, у будучым нам скажуць ужо сапраўдныя прафесіяналы!

МЧС 02

Add Comment

Войти с помощью: