Душа нясецца на Радзіму…

вулька 2 003

Як прыемна бываць на Бацькаўшчыне! Тут і сонца цяплейшае, і вецер лагоднейшы. Нават паветра нейкае асаблівае — хочацца дыхаць на поўныя грудзі. А народ — самы шчыры і гасцінны. Прыкладна з такімі думкамі ў жніўні з’язджаюцца ў Вульку 2 людзі розных узростаў, але з аднолькавай мэтай — пабываць на Дні вёскі. Па традыцыі свята кожны год праводзіцца на Яблычны Спас і збірае разам усіх, для каго невялікі населены пункт быў і застаецца родным.

Гэта магчымасць сустрэцца з аднавяскоўцамі, сябрамі ці аднакласнікамі тым, хто пакінуў малую радзіму, але здолеў адарвацца ад паўсядзённых клопатаў і прыехаць. Яшчэ адна добрая нагода для мясцовых сказаць словы ўдзячнасці ўсім, з кім побач пройдзена не адна сцяжынка. Бо жыццёвыя клопаты часам моцна зацягваюць у свой вір, і замінаюць згадваць пра малую радзіму.

Ніякае свята не спадабаецца, калі гледачы прыйдуць на яго з дрэнным настроем. Таму і арганізоўваюць шматлікія дзіцячыя атракцыёны, продаж цацак і сувеніраў. Дарослым прапаноўваюць шашлыкі і кулінарныя вырабы за ўтульнымі столікамі. Рыхтуюць цікавую канцэртную праграму.

На гэты раз работнікі мясцовага СДК ладзілі яе сваімі сіламі і з дапамогай самадзейнікаў з Краснай Волі, Міжлесся і Лобчы. Танцавальныя нумары апошніх так палюбіліся вулькаўчанам, што яны запрашаюць іх выступаць на кожным свяце. Душэўныя кампазіцыі закранулі пачуцці ўсіх прысутных. Моладзь і падлеткі з захапленнем слухалі песні ў выкананні равеснікаў. Здзівілі вакальныя здольнасці хлопчыкаў і дзяучынак, іх уменне трымацца на сцэне.

Бяспройгрышная латарэя даўно заваявала папулярнасць, дзякуючы мясцоваму СВК “Вулькаўскі світанак”. Зерне і салома ніколі не будуць лішнімі ў сялянскай гаспадарцы, тым больш прыемна атрымаць запал ад самой працэдуры ўручэння прызоў.

На свяце ўшанавалі самых старэйшых і нованароджаных аднавяскоўцаў. Пажадалі шчасця сямейным парам, што толькі ўступілі ў шлюб, і тым, якія маюць багаты вопыт узаемаразумення і кахання. I хаця са сцэны не змаглі назваць усе прозвішчы юбіляраў, доўгіх год жыцця і цёплых адносін пажадалі кожнаму з іх.

Анатоль і Людміла Паўловічы, якія пражылі разам 40 вёснаў, Міхаіл і Васіліна Соцы, у якіх сёлета 35-годдзе сумеснага жыцця, атрымалі падарункі з рук фундатара Леаніда Ермаковіча. Ён таксама зрабіў прыемнае мнагадзетнай сям’і Мікалая і Ірыны Кавальчук, уручыўшы ім памятны сувенір.

Гучалі на свяце словы падзякі тым, хто стварае ўтульнасць і спрыяе камфортнаму пражыванню ў аграгарадку. Вечарам развітваліся да новага Яблычнага Спаса.

вулька 2 002 вулька 2 001

Add Comment

Войти с помощью: